Раман Скірмунт

25 красавіка 1868 г. у вёсцы Парэчча Пінскага павету нарадзіўся Раман Скірмунт – беларускі грамадзкі і палітычны дзеяч, прэм’ер-міністар ва ўрадзе БНР, перад гэтым дэпутат Дзяржаўнай Думы Расейскай Імпэрыі і чалец Дзяржаўнага Савета Расейскай Імпэрыі, пазьней сэнатар Польскай Рэспублікі.

Р. Скірмунт паходзіў з шляхецкай сям’і, скончыў клясычную гімназію ў Рызе. Атрымаў адукацыю ў Варшаўскім Унівэрсытэце (юрыспрудэнцыя) і ў Венскім Унівэрсытэце (філязофія).

У пачатку 20. стагодзьдзя Раман Скірмунт выступаў як адзін з ідэолягаў руха краёўцаў, дамагаўся стварэньня Краёвай Партыі Літвы і Беларусі як міжнацыянальнага блёку польскай, беларускай і летувіскай палітычных арганізацыяў.

3 1906 г. Р. Скірмунт – дэпутат першай Дзяржаўнай Думы Расейскай Імпэрыі, ініцыятар аб’яднаньня дэпутатаў-краёўцаў у асобную групу. З кастрычніка 1910 да студзеня 1911 чалец Дзяржаўнага Савету Расейскай Імпэрыі.

Уваходзіў ва ўправу Віленскага Зямельнага Банку. З 1911 гласны Менскага Губэрнскага Земства, з 1914 чалец Менскага губэрнскага камітэту Ўсерасейскага Земскага Зьвязу, у 1917 загаднік Менскага Губэрнскага Харчовага Камітэту.

У студзені 1917 ўзначаліў Менскі аддзел Беларускага Таварыства Дапамогі Пацярпелым ад Вайны. З сакавіка 1917 — старшыня Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Менску. У красавіку 1917 ўзначаліў беларускую дэлегацыю да расейскага Часовага Ўраду з патрабаваньнем аўтаноміі Беларусі. Падчас нямецкай акупацыі Беларусі ўзначальваў Менскае Беларускае Прадстаўніцтва.

У красавіку 1918 ўвайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у траўні 1918 яму даручылі фармаваньне новага складу Народнага сакратарыяту Беларусі.

Зь 9 ліпеня 1918 — прэм’ер ураду БНР і сакратар міжнародных справаў. Выказваўся за набыцьцё дзяржаўнымі органамі БНР рэальнай улады, зьбіраньне вакол яе ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, памяркоўную аграрную рэформу.

20 ліпеня 1918 пайшоў у адстаўку з пасады старшыні ўраду. Працаваў у міжнароднай камісіі Рады БНР, у лістападзе 1918 ў складзе надзвычайнай беларускай дэлегацыі быў у Нямеччыне і Швайцарыі з мэтай прызнаньня незалежнасьці Беларусі.

У польска-савецкую вайну 1920 г. імкнуўся не дапусьціць падзелу Беларусі паміж процілеглымі бакамі. Адзін з заснавальнікаў Польска-Беларускага Таварыства ў Варшаве (1919).

Пасьля на пэўны час Р. Скірмунт адышоў ад палітычнага жыцьця, жыў у сваім маёнтку Парэчча. Меў цукровы завод, бровар, фабрыку сукна, вадзяны млын, збудаваў касьцёл, лякарню, зрабіў падмурак новага палацу. У 1930 г. абраны сэнатарам Польскай Рэспублікі. Далучыўся да беспартыйнага блёку супрацоўніцтва з урадам, выступаў супраць асыміляцыі нацыянальных меншасьцяў.

У 1939 г. пасьля пачатку савецкай акупацыі Заходняй Беларусі Раман Скірмунт быў забіты ў сваім маёнтку мясцовымі жыхарамі на загад савецкага камісара Холадава.

You may also like...