кс. Вінцэнт Гадлеўскі

Вінцэнт Гадлеўскі

16 лістапада 1898 г. у Ваўкавыскім павеце нарадзіўся а. Вінцэнт Гадлеўскі, член Рады БНР, беларускі рэлігійны і палітычны лідар, забіты нацыстамі.

Нарадзіўся ў вёсцы Шурычы. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную сэмінарыю (1912) і Пэтэрбурскую Каталіцкую Духоўную Акадэмію (1916). Адзін зь першых пачаў служыць у касьцёле па-беларуску.

У сакавіку 1917 году абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт, удзельнік Усебеларускага зьезду 1917 г.

У траўні 1917 удзельнічаў у Зьезьдзе беларускага каталіцкага духавенства ў Менску, дзе выступіў з прамовамі «Палітычна-народная акцыя каталіцкага духавенства на Беларусі» і «Стварэньне каталіцкай партыі».

Пасьля абвяшчэньня Беларускае Народнае Рэспублікі ўваходзіў у склад Рады БНР.

У 1921 выдаў беларускамоўныя казаньні XIX стагодзьдзя. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, рэдагаваў газэту «Крыніца». Выкладаў у Нясьвіскай беларускай сэмінарыі. З 1924 пробашч касьцёла ў мястэчку Жодзішкі Сьвянцянскага павету.

У 1925 і 1927 арыштаваны польскімі ўладамі, у 1927 асуджаны на 2 гады турмы.

З 1929 жыў у Вільні, у 1930 часткова пераклаў на беларускую мову Новы Запавет (4 Эвангельлі і Апостальскія дзеі выдадзены адной кніжкай у Вільні ў 1939). Быў аўтарам падручніка «Гісторыя сьвятая, або Біблейная Новага Закону» (1932). Выступіў зь ініцыятывай стварэньня Беларускага нацыянальнага фронту. Выдаваў газэту «Беларускі фронт».

З пачаткам ІІ Сусьветнай Вайны пераехаў у Коўна, з чэрвеня 1940 – у Варшаве.

Заснаваў напрыканцы 1939 Беларускую Незалежніцкую Партыю. У чэрвені 1941 увайшоў у створаны ў Бэрліне Беларускі нацыянальны цэнтар. Зь верасьня 1941 у Менску. У час нямецкай акупацыі быў прызначаны галоўным школьным інспэктарам пры генэральным камісарыяце Беларусі (кастрычнік 1941), кіраваў падрыхтоўкаю праграм навучаньня для беларускіх пачатковых школаў, адначасова быў сябрам Цэнтралі Беларускай Народнай Самапомачы. Правіў службу ў Чырвоным касьцёле ў Менску.

Гадлеўскі разам зь Янам Станкевічам спрабаваў наладзіць у Беларусі культурна-асьветную працу, але іх пляны былі перапыненыя нямецкім кіраўніцтвам, генэральны камісарыят нават забараніў ксяндзу зносіцца непасрэдна са школьнымі аддзеламі акругі. Быў адным з падпісантаў вядомае адозвы да беларускага народу, якая заклікала беларусаў змагацца супраць бальшавіцкай Расеі.

Неўзабаве Гадлеўскі пачаў крытыкаваць нямецкую палітыку ў дачыненьні да беларускага народу. У ноч на 24 сьнежня 1942 г. ён быў арыштаваны нямецкай паліцыяй у Менску. Акупанты прапанавалі яму працу ў Рызе, але Гадлеўскі адмовіўся. Неўзабаве ён быў закатаваны ў Трасьцянцы (пад Менскам).

You may also like...