Архівы тэгаў: Выбары

У Беларусі адсутнічаюць умовы для дэмакратычных выбараў прэзыдэнта – Заява Рады БНР

Зважаючы на абвяшчэньне афіцыйнымі ўладамі Беларусі выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь на 9 жніўня 2020 г. і на пачатак вылучэньня кандыдатаў, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заяўляе наступнае:

1. На дадзены момант у Беларусі надалей адсутнічаюць умовы для правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў, якія б адпавядалі як міжнародным стандартам, у тым ліку міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь, так і літары і духу дзеючага законадаўства Рэспублікі Беларусь. Створаныя перашкоды для вылучэньня кандыдатаў, альтэрнатыўных А. Лукашэнку. Сярод іншага, адсутнічаюць умовы для правядзеньня выбарчай кампаніі, у якой усе кандыдаты мелі б аднолькавыя магчымасьці, а таксама для прадухіленьня адміністратыўнага ціску на выбарцаў. Адсутнічаюць умовы для незалежнага кантроля і назіраньня за працэсам падліку галасоў, што ў чарговы раз стварае небясьпеку масавых фальсыфікацый вынікаў галасаваньня.

2. Зважаючы на незаконнасьць рэфэрэндума 2004 года, па выніках якога было скасаванае абмежаваньне колькасьці тэрмінаў, якія адна асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, А. Лукашэнка ня мае законнага права вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

3. Пандэмія каранавіруса стварае дадатковыя рызыкі, зьвязаныя з арганізацыяй і правядзеньнем выбараў у гэты пэрыяд. Правядзеньне масавых мерапрыемстваў, у тым ліку выбараў, у час пандэміі стварае пагрозу здароўю і жыцьцям грамадзянаў Беларусі.

Спасылаючыся на сваю заяву ад 13 кастрычніка 2015 г., прысьвечаную папярэднім выбарам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Рада БНР надалей заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь і ўсе зацікаўленыя бакі:

– Гарантаваць грамадзянам Беларусі дэмакратычныя правы і свабоды, замацаваныя ў тым ліку ў дзеючым законадаўстве Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі, падпісанымі Рэспублікай Беларусь;

– Стварыць у Беларусі перадумовы для правядзеньня паўнавартасных свабодных і справядлівых выбараў, пасьля чаго правесьці ў адпаведнасьці з законадаўствам Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі перавыбары ва ўсе органы дзяржаўнай і мясцовай улады.

Рада БНР надалей заклікае міжнародную супольнасьць спрыяць дэмакратызацыі Беларусі і ажыцьцяўляць ціск на афіцыйныя ўлады Рэспублікі Беларусь з гэтаю мэтай.

Спасылаючыся на сваю заяву ад 31 сакавіка 2020 г., Рада БНР заклікае беларускія ўлады да адкрытасьці і адказнасьці перад беларускім грамадзтвам і патрабуе неадкладна прыняць усе неабходныя меры дзеля забесьпячэньня аховы здароўя людзей ва ўмовах пандэміі.

Рада Беларускае Народнае Рэспублікі заяўляе, што дэмакратычныя выбары, павага да правоў чалавека і свабода слова – гэта адзіны магчымы шлях да нацыянальнай кансалідацыі беларусаў, выхаду зь міжнароднай ізаляцыі, у якой Беларусь знаходзіцца апошнія дзесяцігодзьдзі, а таксама адзіны шлях для абароны незалежнасьці Беларусі ва ўмовах пагрозы з боку сёньняшняй нацыяналістычнай і аўтарытарнай Расеі.

Выбары ў Палату Прадстаўнікоў не былі сумленнымі і свабоднымі – Заява Рады БНР

Заява
Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
з нагоды выбараў у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, якія прайшлі 11 верасьня 2016 г.

Працягнуць чытаць Выбары ў Палату Прадстаўнікоў не былі сумленнымі і свабоднымі – Заява Рады БНР

ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ 2015 Г. НЕ БЫЛІ ДЭМАКРАТЫЧНЫМ ВОЛЕВЫЯЎЛЕНЬНЕМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ – ЗАЯВА РАДЫ БНР

 

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, спасылаючыся на сваю заяву ад 7 ліпеня 2015 году, заяўляе, што “прэзыдэнцкія выбары” ў Рэспубліцы Беларусь, праведзеныя 11 кастрычніка 2015 года, ня могуць лічыцца справядлівым і дэмакратычным волевыяўленьнем беларускага народу, а іхныя вынікі ня маюць юрыдычнае сілы.

Працягнуць чытаць ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ 2015 Г. НЕ БЫЛІ ДЭМАКРАТЫЧНЫМ ВОЛЕВЫЯЎЛЕНЬНЕМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ – ЗАЯВА РАДЫ БНР

Заява Рады БНР з нагоды падзеяў у Менску 19 сьнежня 2010 году

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае пратэст з прычыны надзвычай брутальных дзеяньняў лукашэнкаўскага антыбеларускага рэжыму супраць удзельнікаў масавых акцыяў у Менску 19 сьнежня.

Рада БНР заклікае кіраўніцтвы краінаў Захаду не прызнаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, паколькі яны былі сфальшаваныя, а афіцыйна абвешчаны іх “пераможца” Аляксандар Лукашэнка ня меў канстытуцыйнага права балятаваца ў якасьці кандыдата.

У Беларусі павінны быць праведзены новыя прэзыдэнцкія выбары без удзелу Лукашэнкі, з удзелам прадстаўнікоў апазыцыйных кандыдатаў у выбарчых камісіях і пад максымальным кантролем міжнароднай супольнасьці.

Рада БНР заклікае краіны Захаду і міжнародныя арганізацыі выступіць у абарону прыхільнікаў дэмакратыі ў Беларусі. Рада БНР патрабуе неадкладнага вызваленьня Уладзімера Някляева, зьвезанага са шпіталя, іншых затрыманых кандыдатаў у прэзыдэнты і ўсіх затрыманых апазыцыйных актывістаў.

Зварот Старшыні Рады БНР да прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006

Атаўская газэта “The Ottawa Citizen” перадрукавала 10 сакавіка артыкул Джэрэмі Пэйдж з London Times пад загалоўкам “Страх ахапіў Беларусь напярэдадні выбараў”.

І тут мне прыпомніліся словы Папы Яна Паўла Другога да польскага народу. “НЯ БОЙЦЕСЯ” – казаў ён. Словы гэтыя мелі велізарны водгук і ім заўдзячаецца шматлікімі аналітыкамі перамога “Салідарнасьці” супраць нялюдзкага рэжыму.

Усе тыраніі, усе дыктатуры абапіраюцца на страх. Страхам апраўдваюцца так званыя “моцныя” рэжымы, бо ж, маўляў, толькі “моцны” правадыр можа абараніць народ ад нутраных і вонкавых ворагаў. Калі ж ворагаў няма, трэба іх прыдумаць. Так былі прыдуманыя “страшны” Захад, “агрэсыўная” Амэрыка, ды й найгоршыя з найгоршых – нашыя ўласныя “нацыяналісты”.

У адсутнасьці аб’ектыўнай інфармацыі людзям ня бачна, што ўся гэтая прапаганда, якой прамываюцца іх мазгі ад часоў Сталіна, ня мае іншай мэты, як зрабіць зь іх застрашаных нявольнікаў, якія будуць працягваць казаць, як нашыя дарагія бабулькі – “абы вайны не было”. Тыран Сталін укатрупіў дваццаць мільёнаў нявінных людзей пад тлумачэньнем, што ён зьнішчае “ворагаў народу”.

Новы кандыдат на гэтую ролю, Аляксандар Лукашэнка, які трымае ў сваіх руках уладу дзякуючы наступнікам Сталіна, карыстаецца тымі самымі аргумэнтамі. Нават назоў “бацька”, які дыктатар прысвоіў, сьведчыць пра такія намеры. Ён, маўляў, мусіць быць жорсткім “бацькам”, каб абараніць “нашу Беларусь” ад усіх ворагаў, уключна зь яе дэмакратычнай Апазыцыяй.

Жорсткасьць гэтая дазваляе яму гвалціць абсалютна ўсе людзкія правы – нават тыя, якімі наш народ карыстаўся яшчэ ў шаснаццатым стагодзьдзі, калі ён быў адным з найбольш цывілізаваных народаў Эўропы. Сёньня забараняецца чытаць вольную прэсу, канфіскуецца выбарчы матэрыял, арыштоўваюцца патрыёты, якія змагаюцца не за ўладу, а за лепшую долю свайго народу, забараняюцца мітынгі выбаршчыкаў, канкурэнты Лукашэнкі не дапускаюцца да СМІ і зьбіваюцца.

Дыктатар спадзяецца, што застрашаны люд даверыць яму яшчэ пяць гадоў улады і дазволіць яму закончыць сваё здрадніцкае жаданьне – адаць наш край у няволю. Гэта ўважаю найбольшай небясьпекай для будучыні Беларусі. Калі Лукашэнка здолее зьдзейсьніць сваю задуму “саюзу з Расеяй”, дзяржава нашая перастане існаваць, як яна перастала існаваць пасьля першага Аншлюсу яе ў Расейскую Імпэрыю ў 1795 годзе.

Дарагія суродзічы, Вы маеце права, як і ўсе людзі, жыць спакойна і шчасьліва ў сваёй уласнай дзяржаве, без страху, без тэрору. Вы маеце права працаваць самі на сябе, на сваіх дзетак, на сваіх унукаў. Вашыя суседзі прайшлі ўжо шлях да нармальнага стану жыцьця. Усе яны гатовыя вам дапамагчы. Адзін толькі сусед вам дабра не жадае, бо калі б жадаў, не падтрымоўваў бы дыктатара Лукашэнку.

Дык паўтару словы Папы Яна Паўла – НЯ БОЙЦЕСЯ!

Не давайце нікому адабраць у Вас Ваш голас. Не апускайце рук. Пакажыце сьвету сваю чалавечую годнасьць, каб Дзень 25-га Сакавіка стаўся назаўсёды усебеларускім Днём Волі.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР
Канада, 12 сакавіка 2006

Зварот Старшыні Рады БНР да прэзідэнцкіх выбараў 2001 г.

Дарагія мае суродзічы, браты і сёстры беларусы!

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, ад якіх будзе залежаць Ваша далейшае жыцьцё, калі ня ўся будучыня краіны, хочацца падзяліцца з Вамі думкамі.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, якой я маю вялікі гонар быць у гэтым мамэнце старшынёй, змагаецца ад 1918-га году за незалежную і дэмакратычную Беларусь. Шмат суродзічаў загінула ў гэтым змаганьні. Людзі аддавалі сваё жыцьцё за свабоду Беларусі зь верай, што “загляне сонца і ў наша ваконца”, з надзеяй, што ў беларускай незалежнай дзяржаве народ будзе гаспадаром свайго лёсу, а не рабом у імпэрыі, якая ўжо два стагодзьдзі вынішчае ўсе беларускае.

Ведаю, што на працягу цэлых дзесяцігодзьдзяў мінулага веку Вам гаварылі, што Вы як нацыя не жыцьцяздольныя, што Вы не дасьцё сабе рады бяз гэтак званай “братняй” дапамогі і Вам на працягу трох пакаленьняў угаворвалі, што нідзе так добра не жывецца як у “шырокой стране родной”, але не давалі Вам пабачыць, як жыве рэшта сьвету… Людзей прывучылі маўчаць, калі арыштоўвалі іхных суседзяў, калі вывозілі ў Сібір, калі вынішчалі родную культурную спадчыну і родную мову. Шмат хто так зжыўся з падобным зьдзекам над людзьмі і нацыяй, што дасюль верыць у той мітычны Саюз, які цяперашні дыктатар Лукашэнка абяцае адрадзіць.

У намаганьні прадоўжыць сваю ўладу, ён хапаецца за выпрабаваныя мэтады забароны свабоднай інфармацыі, штрафуе, канфіскуе, арыштоўвае, фізычна зьнішчае апанэнтаў, абмяжоўвае дэкрэтамі правы чалавека і свабоду слова. У Канадзе, дзе я жыву, нельга сабе ўявіць, каб кандыдаты на высокае дзяржаўнае становішча ня мелі такога ж доступу да радыё, тэлебачаньня, як і той, хто пры ўладзе. У Беларусі ж гвалт з боку дзяржаўнае ўлады над свабодай інфармацыі дайшоў на неверагодных памераў.

Таму я зьвяртаюся да Вас, маіх братоў і сясьцёр, у гэтую гістарычную часіну. Не магу пагадзіцца з тым, каб над Вамі зьдзекаваліся, адбіралі Вашу людзкую і нацыянальную годнасьць. Каб выганялі пакрысе Вашых найбольш здольных сыноў і дачок, так як вывозілі іх калісь на Сібір. Каб Вас недакормлівалі, бо так лягчэй над Вамі зьдзекавацца: не застанецца сілаў бараніцца. Усе тыраны так аслаблялі людзей у няволі. Бо людзі, якія нармальна жывуць, пачынаюць задумоўвацца над сваім лёсам, пачынаюць дамагацца волі.

Надыходзіць час выбару альтэрнатывы дасюлешняму рэжыму ўціску, нішчэньня матэрыяльных і духоўных рэсурсаў Беларусі ды адлучэньня ад цывілізаванага сьвету. Кожны голас важны ў сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах. Не змарнуйце яго. Ідзеце на выбары. Перамога дэмакратычных сілаў прыйдзе тым хутчэй, чым больш актыўным будзе кожны з Вас. Толькі ад Вас, выбарцаў, залежыць будучыня беларускай дзяржавы, будучыня Вашых дзяцей і ўнукаў. Да выбару Вас забавязвае памяць пра ўсіх тых, што аддалі жыцьцё за свабоду Бацькаўшчыны.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР
Атава, Канада, 3 верасьня 2001 г.