Tag Archives: Антон Луцкевіч

25 марца 1918 году – успаміны Антона Луцкевіча пра абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі

“Урэшце, настаў гэты дзень, катораму было суджана стаць гістарычным днём у барацьбе за волю Беларусі. Вечарам 24 марца – у 6 гадзін, сабралася Рада Рэспублікі. І запраўды, было штось сільнага, штось магутнага ў гэтым першым беларускім народным Парляманце! Шэрыя сьвіткі, шэрыя салдацкія шынэлі, якія яшчэ мала хто пасьпеў скінуць з плеч, надавалі агульны тон сабраньню. Але сьветлыя, рахманыя вочы, энэргічныя твары іx валадароў гаварылі ясна, што то ня простыя сярмягі зыйшліся, а цьвет беларускае народнае інтэлігенцыі!” – Артыкул Антона Луцкевіча, аднаго з асноўных ідэолягаў беларускага незалежніцкага руху, прам’ер-міністра і міністра замежных справаў БНР у 1918-1919.

Калі ў лютым 1918 году нямецкія войскі занялі Менск, віленскія беларусы нязвычайна ажывіліся: гэта-ж у працягу трох гадоў мы былі зусім адрэзаны фронтам ад нашых усходніх братоў, гэта-ж ніводная вестка аб іx і іхнай працы не далятала да нас праз лінію акопаў, – i вось адкрываецца магчымасьць зьвязацца з Менскам!

Беларуская Рада ў Вільні, абраная толькі за месяц да таго на конфэрэнцыі 25.1.1918г., зараз-жа начала заходы перад акупантамі, каб дабіцца пазваленьня на падарожжу спэцыяльнае дэлегацыі ў Менск. Цяжкая была з гэтым справа: беларуская конфэрэнцыя ня споўніла таго, чаго дамагалася ад яе нямецкая ўлада, і станула на ярка незалежніцкім становішчы. Цэлы месяц прайшоў, пакуль дэлегацыя атрымала гэтак жаданае пазваленьне:перад тым у Менск быў пасланы на “рэкогносьціроўку” дазнаны шпіон, Эдмунд Зузэміль, каторага ў тайне ад Рады надзяліў пісьмамі да менскіх дзеячоў адзін з віленскіх беларусаў (імя яго ў сваім часе будзе пададзена да агульнага ведама), і толькі пасьля павароту Зузэміля, выступаўшага ў Менску пад прозьвішчам “таварыша Кузьміцкага”, пазваленьне было дадзена.

Continue reading 25 марца 1918 году – успаміны Антона Луцкевіча пра абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі

Перамовы зь Ленінам і Сталінам у Маскве – лістапад 1918 г.

У другой дэкадзе лістапада 1918 г. у Маскве прайшлі перамовы паміж БНР і РСФСР аб існаваньні беларускае рэспублікі ва ўмовах далейшага наступу бальшавіцкіх войскаў на Беларусь.

У рамках перамоваў адбылася сустрэча Старшыні Рады Народных Міністраў, міністра замежных спраў БНР Антона Луцкевіча з Уладзімірам Ленінам і сустрэча раднага БНР, прадстаўніка беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянэраў Тамаша Грыба з наркамам РСФСР па справах нацыянальнасьцяў Іосіфам Сталінам. Абмяркоўвалася магчымасьць стварэньня беларускае савецкае рэспублікі, якая ў выніку была бальшавікамі рэалізаваная, але без удзелу структураў БНР.

Сустрэча з расейскім амбасадарам В. Маклаковам

30 траўня 1919 адбылася сустрэча Антона Луцкевіча з Васіліям Маклаковам, апошнім амбасадарам рэспубліканскай Расеі ў Парыжы, дзеячом “белай эміграцыі” і палітыкам.

Абмяркоўваліся расейска-беларускія стасункі, пытаньне прызнаньня Беларусі з боку Расеі. Маклакоў заявіў, што Расея ня можа лічыць акт аб незалежнасьці Беларусі правамочным, пакуль яго не прызнае расейскі Устаноўчы сход.

КГБ СССР пра пасляваенны антысавецкі супраціў у Беларусі: з першых рук

Навучальная брашура Вышэйшай школы КГБ малюе карціну шырокага, але нескаардынаванага антысавецкага падполля ў Беларусі пасля Другой Сусветнай Вайны.

Continue reading КГБ СССР пра пасляваенны антысавецкі супраціў у Беларусі: з першых рук

Сустрэча дэлегацыі БНР зь Пілсудзкім – 03.01.1920

3 студзеня 1920 г. у Варшаве адбылася сустрэча Старшыні Рады Народных Міністраў БНР Антона Луцкевіча і Паўнамоцнага Прадстаўніка БНР у Польшчы Лявона Вітан-Дубейкаўскага зь Юзафам Пілсудзкім, начальнікам Польскай дзяржавы.

З пратаколу сустрэчы:

“Начальнік Польскае Дзяржавы адказаў, што ён (…) ужо даў інструкцыі (…), лічучы, што польская палітыка павінна паддзержаць тых беларусаў, якія ў справе свайго дзяржаўнага будаўніцтва хочуць ісьці поруч з Польшчай. Далей пан Пілсудзкі заявіў, што ён – як аб гэтым ён ужо раз казаў пану Луцкевічу – дагэтуль у беларускай справе нічога ня мог зрабіць з прычыны [стаўленьня] Антанты і з гэтай жа прычыны ня мог паддзержываць у сваіх гутарках з англічанамі нават справы Ўкраіны (…)

Паводле рахунку Пілсудзкага, да моманту разьвязкі пытаньня аб Беларусі на доўгі час ёсьць яшчэ каля году. За гэты час беларусы павінны зрабіць вялікую работу і выявіць якнайбольш актыўнасьці ў культурна-прасьветнай рабоце й прапагандзе, у чым [польскія] акупацыйныя ўласьці гатовы аказваць помач.(…)

Начальнік Дзяржавы адказаў, што (…) павінен прыехаць з Лондона і Парыжа міністар загранічных спраў Патэк і ангельскі генэрал, выкліканы цяпер у Лондан. Яны дадуць пэўныя весткі аб [стаўленьні] Антанты ў зьвязку з фактам разгрому Дэнікіна, а тады будзе ўсё ясна, і магчыма, што ён, Пілсудзкі, здолее ўчыніць больш станоўчыя крокі ў беларускім пытаньні.”

Фінляндыя прызнала Беларускую Народную Рэспубліку – 28.12.1919

28 сьнежня 1919 г. прыйшло паведамленьне аб прызнаньні Фінляндыяй незалежнасьці Беларусі.

Антон Луцкевіч з Варшавы тэлеграфаваў пра гэта прафэсару Міколу Верамею (Вяршыніну), консулу БНР у Чэхаславаччыне:

“Naš pradstaŭnik [u] Łatvii telehrafuje [pra] pryznańnie niezaležnaści Biełarusi Kanferencyjaj [u] Dorpacie [i] Finlandyjaj.

Łuckievič”

Фінляндыя надала Беларускай Народнай Рэспубліцы поўнае афіцыйнае прызнаньне. Дыпляматычную місію Беларусі ў Фінляндыі ўзначальваў генэрал Алег Васількоўскі.

(Архівы БНР, Том 1, кніга 1, с. 565)

Праграмная Дэклярацыя Рады Міністраў БНР (1918 г.)

22 лістапада 1918 выйшла праграмная дэклярацыя Рады Міністраў БНР:

Continue reading Праграмная Дэклярацыя Рады Міністраў БНР (1918 г.)