Васіль Захарка

Васіль Захарка, IV старшыня Рады БНР

Нарадзіўся 1 красавіка 1877 у Дабрасельцах (цяпер Зэльвенскі раён Гарадзенскай вобласьці) у беднай сялянскай сям’і.

У 1895 г. здаў іспыт на царкоўнапрыхадзкога настаўніка. Працаваў у школцы, потым – пісарам.

З 1898 па 1902 і з 1904 па 1917 гг. на службе ў расейскай царскай арміі. Даслужыўся да пасады намесьніка старшыні вярхоўнага суду штабу 10-й арміі.

Належаў да Беларускай сацыялістычнай Грамады.

У кастрычніку 1917 г. прыняў актыўны ўдзел у Зьедзе беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту, які прайшоў у Менску. Заняў пасаду Сакратара ў Цэнтральнай беларускай вайсковай радзе, створанай на Зьезьдзе.

На Ўсебеларускім кангрэсе ў сьнежні 1917 г. абраны сябрам Рады кангрэсу. Пад час разгону Кангрэсу арыштаваны бальшавікамі, Вызвалены пасьля двух месяцаў арышту ў ноч на 19 лютага 1918 г. пасьля сыходу чырвоных зь Менску.

21 лютага 1918 г. заняў пасаду скарбніка ў створаным Народным сакратарыяце Беларусі.

Пасьля 25 сакавіка 1918 г. займае розныя міністэрскія пасады ў кіраўніцтве БНР, у тым ліку Міністра фінансаў, Заступніка Старшыні Рады міністраў. Яго дэлегуюць на розныя далікатныя місіі.

У чэрвені 1920 г. накіроўваецца ў Маскву па запрашэньні міністра замежных справаў РСФСР Георгія Чычэрына на чале Надзвычайнай дыпляматычнай місіі БНР. Вядзе перамовы наконт прызнаньня незалежнасьці Беларусі, арганізацыі войска, вызваленьня беларускіх палітвязьняў ва Ўсходняй Беларусі.

Быў заступнікам старшыні Палітычнае нарады беларускай эміграцыі, якая прайшла ў Празе дзе быў заступнікам старшыні пасьля Рыскай дамовы 26—29 верасьня 1921 г.

23 жніўня 1923 году на сходзе Прэзыдыюма Рады і Ўраду БНР прызначаны Міністрам фінансаў. 2 лістапада 1923 году выехаў з Коўні ў Прагу, дзе працягваў працу як Заступнік Старшыні Рады БНР Пётры Крэчэўскага.

У 1925 г. абраны старшынём Таварыства “Беларуская Рада” ў Празе і з таго часу быў адным зь лідараў беларускай дыяспары ў Чэхаславаччыне. Супрацоўнічаў з украінскай і расейскай эміграцыяй.

Быў намесьнікам старшыні Рады БНР Пётры Крэчэўскага да ягонай сьмерці 8 сакавіка 1928 году. Пасьля заняў пасаду Старшыні Рады БНР. Выкарыстоўваў кожную нагоду, каб абвесьціць ўсяму сьвету пра лёс Беларусі. Пісаў звароты ў Лігу Нацыяў, урадам іншых краінаў. Захаваў і пакінуў для наступнікаў багаты архіў дакумэнтаў БНР.

6 сакавіка 1943 году сваім тастамэнтам перадаў часовыя паўнамоцтвы Міколу Абрамчыку.

Памёр 14 сакавіка 1943 г. Пахаваны ў Празе на Альшанскіх могілках.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Афіцыйны сайт