Sportspressen.dk: Урад у выгнаньні параўноўвае Эўрапейскія гульні ў Беларусі з Алімпійскімі гульнямі ў нацыстоўскай Нямеччыне

Прадстаўнік Рады БНР даў інтэрвію дацкаму спартоваму блогу Sportspressen.dk. Прыводзім беларускі пераклад публікацыі:

Стогадовы беларускі ўрад у выгнаньні, які працягвае змагацца за вяртаньне дэмакратыі на месца “апошняй дыктатуры Эўропы”, выступае супраць выкарыстаньня прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам Эўрапейскіх гульняў у палітычных мэтах.

Асьвятленьне міжнародных спартовых мерапрыемстваў у СМІ часта вызначаецца тым, што выданьні выдаткоўваюць вялікія грошы, каб купіць правы трансьляцыі, і накіроўваюць на іх асьвятленьне журналістаў і фатографаў.

Ня ёсьць выключэньнем і найбуйнейшая сёлетняя алімпійская спартовая падзея ў Эўропе: Эўрапейскія гульні ў Менску, права на трансьляцыю якіх набыла дзяржаўная дацкая тэлерадыёкампанія DR.

Асьвятленьне дацкімі СМІ Эўрапейскіх гульняў у Беларусі на мінулым тыдні было ў асноўным прысьвечана перамогам і паразам атлетаў з Даніі.

Пры гэтым, у сродках масавай інфармацыі адсутнічае крытыка аўтарытарнай беларускай дзяржавы, якая на працягу 25 гадоў жорстка кіруецца прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, – як адсутнічае і дэмакратыя ў Беларусі, паводле крытыкаў Лукашэнкі.

У сваёй прывітальнай прамове перад больш як чатырма тысячамі спартоўцаў – удзельнікамі гульняў у Мінску, сярод якіх каля 60 чалавек з Даніі, “апошні дыктатар Эўропы”, які на працягу 13 гадоў лічыўся пагрозай нацыянальнай бяспецы ў Злучаных Штатах, абмежаваўся згадкай пра Беларусь як “прыгожую, гасьцінную і ўтульную краіну”, “дом для самых сумленных і прыязных людзей”.

На гэтым фоне міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, як Human Rights Watch і Камітэт па абароне журналістаў, адзначаюць, што аўтарытарны ўрад Лукашэнкі моцна перашкаджае любой палітычнай альтэрнатыве і арыштоўвае журналістаў, юрыстаў і праваабаронцаў, якія выступаюць супраць гэтага рэжыму.

Таму Sportspressen.dk папрасіў адных з самых настойлівых крытыкаў урада Аляксандра Лукашэнкі пракамэнтаваць правядзеньне Эўрапейскіх гульняў у Беларусі.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, створанай 25 сакавіка 1918 года ў разгар Першай сусьветнай вайны і Расейскай рэвалюцыі, была змушана эміграваць у 1919 г. і з тых часоў дзейнічае ў выгнаньні.

 

Палітычная прапаганда

Урад у выгнаньні працягвае змагацца за дэмакратычныя рэформы ў Беларусі. Ён сьцвярджае, што яго падтрымліваюць тысячы беларусаў, якія выступаюць супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, як унутры Беларусі, так і за мяжой, у такіх краінах, як Вялікая Брытанія, ЗША, Канада, Чэхія, Польшча, Расея, Эстонія і Бэльгія.

“Беларусь, як незалежная эўрапейская краіна, безумоўна, мае права праводзіць буйныя спартовыя мерапрыемствы. Мы вітаем як самое мерапрыемства, так і магчымасьці для разьвіцьця міжнародных кантактаў, якія яно стварае. З іншага боку, мы катэгарычна ня можам вітаць, што дзейны рэжым Лукашэнкі імкнецца выкарыстаць яго ў палітычных мэтах”,

– заявіў афіцыйны прадстаўнік беларускага ўрада ў выгнаньні, які пажадаў застацца ананімным, баючыся адплаты з боку ўрада Лукашэнкі.

“З Алімпійскіх гульняў 1936 года эўрапейскія дыктатуры разглядаюць спартовыя мерапрыемствы як інструмэнт палітычнай прапаганды. Сёньняшняя Беларусь – гэта пэрсаналісцкі аўтарытарны рэжым. Сытуацыя з правамі чалавека і палітычнымі свабодамі застаецца непрымальнай. Спробы адцягнуць увагу ад гэтага з дапамогай міжнароднай спартовай падзеі, мэта якой у тым, каб міжнародная супольнасьць, асабліва ў Эўропе, палічыла сытуацыю ў Беларусі нармальнай – гэта недапушчальна для сучаснай эўрапейскай краіны”.

Сьвяточная атмасфэра

Тры гады таму права правядзеньня Эўрапейскіх гульняў Менску даў Эўрапейскі алімпійскі камітэт – аб’яднаньне нацыянальных алімпійскіх камітэтаў краінаў Эўропы, віцэ-прэзыдэнтам якога цяпер ёсьць Нільс Нігаард, старшыня Дацкай спартовай фэдэрацыі / Алімпійскага камітэта Даніі.

Эўрапейскі алімпійскі камітэт пастаянна крытыкуецца за правядзеньне гульняў у краінах, дзе не выконваюцца правы чалавека. Беларускі ўрад у выгнаньні таксама ня верыць, што Эўрапейскія гульні ў Менску спрыяюць дэмакратычнаму разьвіцьцю Беларусі:

“Тое, што дазваляе цяперашняму ўраду адчуваць сябе ўпэўнена і стварае ілюзію ягонага міжнароднага прызнаньня, але не матывуе яго да эканамічных і дэмакратычных рэформаў, не дапамагае аднавіць дэмакратыю ў Беларусі”,

– заявіў прадстаўнік урада ў выгнаньні і дадаў:

“За часамі Лукашэнкі на працягу многіх гадоў улады Беларусі выдаткавалі шмат грошай на арганізацыю спартовых мерапрыемстваў дзеля прапаганды і самарэклямы. Адказны дэмакратычны ўрад аддаў бы прыярытэт іншым галінам, як ахова здароўя, адукацыя, нацыянальная культура і ахова навакольнага асяродзьдзя. Рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае дзяржаўныя грошы на спартовыя мерапрыемствы, каб кантраляваць грамадзкае жыцьцё і адцягнуць увагу ад палітычных справаў, каб Лукашэнка і ягонае атачэньне захоўвалі сваю ўладу і кантроль над эканомікай. Рэжым стварыў сьвяточную атмасфэру за кошт умоваў жыцьця людзей. Гэтая палітычная стратэгія шкодзіць разьвіцьцю дэмакратыі ў Беларусі”.

Страх расейскай анэксіі

З тых часоў, калі беларускі дэмакратычны ўрад быў вымушаны эміграваць, ягонай мэтай застаецца аднаўленьне дэмакратыі ў Беларусі. У выгнаньні зьмянілася некалькі старшыняў ураду. Цяперашнюю старшыню зваць Івонка Сурвілла, яна жыве ў Канадзе. Урад у выгнаньні, сярод іншага, супрацоўнічаў і кансультаваў урады дэмакратычных краінаў па сытуацыі ў Беларусі.

У цяперашні час Рада БНР занепакоеная перамовамі аб узмацненьні ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і Расеяй, якія пачаліся шэсьць гадоў таму між прэзыдэнтамі абедзьвюх краінаў, Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуцінам.

У студзені гэтага году ўрад у выгнаньні апублікаваў на сваім сайце заяву, у якой папярэджваў пра небясьпеку магчымай спробы анэксіі Беларусі з боку Расеі.

На адкрыцьці Эўрапейскіх гульняў на менскім стадыёне “Дынама” ў мінулую пятніцу побач з Аляксандрам Лукашэнкам стаяў расейскі прам’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў, а Ўладзімір Пуцін мае наведаць цырымонію закрыцьця гульняў у гэтыя выходныя. Тым ня менш, прадстаўнік ураду ў выгнаньні лічыць, што сувязі між перамовамі і гульнямі няма:

“Перамовы працягваюцца ўжо прыкладна 20 гадоў. Стратэгія аўтарытарнага рэжыма ў Беларусі ў тым, каб атрымаць эканамічную і палітычную падтрымку Захада і Эўразьвяза без прагрэсу адносна дэмакратыі і правоў чалавека для беларускага народу”,

кажа ён, і працягвае:

“Таму Эўрапейскія гульні былі задуманыя ў якасьці PR-мерапрыемства як для замежнай, так і для ўнутранай аўдыторыі. На жаль, алімпійскі істэблішмэнт, як вядома, яшчэ з Алімпійскіх гульняў 1936 і 1980 гадоў ігнаруе праблемы з правамі чалавекам і выкананьнем міжнародных нормаў у краінах-арганізатарах. Правы чалавека і дэмакратычныя свабоды для некаторых эўрапейскіх спартовых арганізацыяў па-ранейшаму лічацца “справай меркаваньня”, а ня чымсьці неад’емным. На жаль, правядзеньне буйных спартовых мерапрыемстваў у Расеі ці Беларусі, нягледзячы на ​​іх пастаянныя і ясна задакумэнтаваныя парушэньні правоў чалавека, пацьвярджае гэтую думку”.

Палітычная гульня вакол Кадырова

На адкрыцьці Эўрапейскіх гульняў на мінулым тыдні адразу за Дзьмітрыям Мядзведзевым у VIP-ложы сядзеў спрэчны кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў. Незадоўга да цырымоніі адкрыцьця чачэнец, якога абвінавачваюць, сярод іншага, у забойствах палітычных апанэнтаў і адказнасьці за гвалтоўныя напады на гомасэксуалаў у Чачэніі, атрымаў ад Аляксандра Лукашэнкі ордэн Сяброўства народаў.

Абодва гэтыя факты разглядаюцца дэмакратычным урадам Беларусі ў выгнаньні як элемэнт складаных гульняў Лукашэнкі зь вядучымі расейскімі палітыкамі і сілавікамі, у чым ён мае больш, як дваццацігадовы досьвед.

“Гэта, магчыма, зьвязана з спробай маніпуляваць рознымі клянамі ўнутры рэжыма Пуціна. Паводзіны Лукашэнкі ў дачыненьні да Кадырава могуць быць зьвязаныя з тым, што ён адмовіўся ад любой надзеі на разьвіцьцё мірных стасункаў з кіраўніцтвам расейскай арміі і ФСБ, і што ён зараз спрабуе знайсьці новы шлях, каб паўплываць на Пуціна”,

– тлумачыць прадстаўнік урада ў выгнаньні.

“Аб’яднаўшыся з Кадыравам, Лукашэнка, магчыма, спрабуе знайсьці падтрымку сярод блізкага кола Пуціна за межамі Фэдэральнай службы бясьпекі і расейскага вайсковага кіраўніцтва. Тое, што Лукашэнка па палітычных і тактычных прычынах, дзеля забесьпячэньня палітычнай падтрымкі ў Расеі, уручае дзяржаўны беларускі ордэн такому чалавеку, як Кадыраў, выклікае вялікае шкадаваньне. На жаль, гэткая практыка ўжо больш за 20 гадоў шырока выкарыстоўваецца ў Беларусі пад адзінаасобным кіраўніцтвам Лукашэнкі ”.

Эўрапейскія гульні скончацца ў нядзелю. Але ўлада Аляксандра Лукашэнкі над Беларусьсю будзе працягвацца. У наступным месяцы прэзыдэнт адзначыць свае першыя 25 гадоў пры ўладзе.

Аўтар: Лярс Ёргенсэн
27 чэрвеня 2019 г.

Арыгінал:

http://sportspressen.dk/?p=1564

You may also like...