Кастусь Езавітаў

17 лістапада 1893 г. у Дзьвінску нарадзіўся Кастусь Езавітаў, міністар па вайсковых справах БНР, беларускі вайсковец, дыплямат, палітык і публіцыст.


Нарадзіўся ў сям’і кадравага афіцэра. У 1916 годзе скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут і Паўлаўскае ваеннае вучылішча. У 1913 стаў сябрам Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

У Першую сусьветную вайну праводзіў актыўную тлумачальную і арганізацыйную работу сярод салдатаў-беларусаў Паўночнага фронту. Быў абраны намесьнікам старшыні Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады.

За ўдзел у працы Першага Ўсебеларускага кангрэсу і дзейнасьць па стварэньні беларускага войска ў студзені 1918 быў арыштаваны бальшавікамі, але здолеў уцячы.

Пасьля адступленьня бальшавікоў быў прызначаны камэндантам Менску і Менскага гарнізону. 25 сакавіка 1918 удзельнічаў у абвяшчэньні незалежнасьці БНР, уваходзіў у склад Рады. Займаў пасаду народнага сакратара па вайсковых справах (міністра абароны).

У 1919—1920 гадох быў кіраўніком Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Наладзіў дыпляматычныя стасункі беларускага ўраду з урадамі Ўкраіны, Літоўскай Рэспублікі, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, зьвяртаўся з прозьбай аб ваеннай дапамозе да ўраду ЗША. Праводзіў працу па арганізацыі беларускага войска, пошуку сродкаў на яго ўзбраеньне. Арганізаваў пераход на службу БНР корпуса С. Булак-Балаховіча. У траўні 1920 «за выдатную працу на карысьць Беларускай Народнай Рэспублікі» атрымаў званьне генэрал-маёра.

У 1921—1944 гадох жыў у Рызе, узначаліў Беларускае нацыянальнае аб’яднаньне. Дзякуючы Езавітаву беларуская супольнасьць тут сталася, бадай, найлепш арганізаванай за межамі БССР. Ён быў намесьнікам старшыні таварыства «Бацькаўшчына» ў Латгаліі, узначальваў беларускае выдавецтва, таварыства беларусаў-выбаршчыкаў, беларускіх настаўнікаў, навукова-краязнаўчае.

Браў удзел у Праскай і Бэрлінскай палітычных канфэрэнцыях. Рэдагаваў газэту «Голас беларуса» і часопіс «Беларуская школа ў Латвіі». За сваю нацыянальную працу чатыры разы арыштоўваўся латвійскімі ўладамі (у 1924, 1930, 1933 і 1935).

У Другую сусьветную вайну займаўся арганізацыяй у Латвіі беларускіх школ. На Другім Усебеларускім кангрэсе быў абраны ў склад Беларускай Цэнтральнай Рады, у 1945 годзе займаў пасаду вайсковага міністра ва ўрадзе БЦР.

Затрыманы савецкімі карнымі ворганамі ў красавіку 1945 году. Паводле афіцыйнай вэрсіі, памёр падчас сьледзтва ад сухотаў і дыстрафіі 23 траўня 1946, паводле іншых зьвестак расстраляны.