Іосіф Пажарскі

генэрал Іосіф Пажарскі

2 ліпеня 1866 г. нарадзіўся генэрал Іосіф Пажарскі, стваральнік у 1917 годзе беларускага войска на Румынскім фронце.

Адукацыю атрымаў у Смаленскай рэальнай вучэльні. У канцы 1888 г. паступіў на вайсковую службу. У 1891 г. скончыў Казанскую пяхотную юнкерскую вучэльню ў рангу падпаручніка, служыў у Клязьмінскім рэзэрвовым батальёне.

Да 1910 года даслужыўся да чына падпалкоўніка, служыў у 176-м пяхотным Перавалачэнскім палку. У 1914 г. атрымаў чын палкоўніка і быў прызначаны камандзірам свайго Перавалачэнскага палка.

У пачатку Першай сусьветнай вайны ўзнагароджаны ордэнам Сьвятога Георгія 4-й ступені за абвагу ў баях паблізу горада Рава-Руска ў заходняй Украіне, а пазьней быў узнагароджаны Георгіеўскай зброяй за баі на рацэ Сан ва ўсходняй Польшчы.

З-за хваробы у траўні 1917 г. адлічаны ў рэзэрв чыноў пры штабе Петраградскай вайсковай акругі.

У 1916 г. прызначаны камандзірам Георгіеўскага батальёна – асобнага батальёна для аховы Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага. У кастрычніку таго ж году атрымаў чын генэрал-маёра.

Падчас лютаўскай рэвалюцыі Георгіеўскі батальён Пажарскага быў прыдадзены атраду генэрал-ад’ютанта Нікалая Іванова, якому цар Мікалай II загадаў падавіць рэвалюцыю ў Петраградзе. Місія генэрала Іванова правалілася па многіх прычынах, у тым ліку з-за адмовы генэрала Пажарскага даць загад страляць у народ.

Пры Часовым урадзе Пажарскі камандаваў Марской дывізіяй Чарнаморскага флота а з жніўня 1917 г. – 30-й пяхотнай дывізіяй.

На чале Беларускае вайсковае камісіі пры штабе Румынскага фронту

З 1 верасьня 1917 г. па 24 лютага 1918 г. Пажарскі займаў пасаду старшыні Беларускай вайсковай Камісіі пры штабе Румынскага фронту.

Да сярэдзіны снежня 1917 г. Румынскі фронт расейскага войска фактычна спыніў сваё існаваньне. Штабы фронту і армій, якія ўваходзілі ў яго склад, пераходзілі з рук у рукі паміж украінскім і бальшавісцкім камандаваньнем.

Прадстаўнікі нацыянальных партый сярод вайскоўцаў вялі моцную і пасьпяховую антыбальшавіцкую прапаганду. 30 кастрычніка (12 лістапада) 1917 г. франтавы камітэт пры падтрымцы ўкраінскіх атрадаў прыняў рашэньне аб непрызнаньні савецкай улады і адмове падпарадкоўвацца бальшавікам.

Пры падтрымцы румынскага вайсковага камандаваньня пачалася “нацыяналізацыя” расейскае арміі на Румынскім фронце: сфармаваныя па тэрытарыяльным прынцыпе беларускія адзінкі атрымлівалі статус беларускіх нацыянальных, зь іх звальняліся небеларусы, на месца якіх пераводзіліся жаўнеры-беларусы зь іншых частак.

У пачатку студзеня 1918 г. пры штабе Румынскага фронту была створана «Нацыянальна-тэрытарыяльная дэмакратычная арганізацыя фронту», у якую ўвайшлі камісары ад Беларусі (БНР), Украіны (УНР), армянаў, малдаўцаў, палякаў, мусульманаў, літоўцаў, эстонцаў, данскіх казакоў, грузінаў. Гэтая арганізацыя падрыхтавала загад аб нацыяналізацыі фронту, а камандуючы фронтам Шчарбачоў яго падпісаў.

9 студзеня 1918 г. загадам № 1332 па фронце было абвешчана пра арганізацыю Беларускай Вайсковай Камісіі па стварэньні беларускіх вайсковых частак на Румынскім фронце. Камісію ўзначаліў генэрал-маёр Пажарскі.

Былі беларусізаваныя:

  • 6-ты Таўрагенскі пагранічны конны полк (атрымаў назву Першы Гусарскі Беларускі Нацыянальны полк),
  • 4-ты Армейскі корпус у складзе 30-й i 40-й пяхотных дывізій з артылерыяй, штаб корпуса i ўсе яго дапаможныя часткі i ўстановы,
  • 43-я дывізія з артылерыяй i прыдадзенымі ёй часткамі разам з 26-м аўтабранявым аддзяленьне,
  • 357-я Віцебская дружына i
  • 401-я Менская дружына.

З гэтых вайсковых частак утварылася вайсковая сіла колькасьцю звыш за 100 000 чалавек. У распараджэньне Беларускага камісарыяту перайшло больш за палову ўсёй маёмасці Румынскага фронту. Мелася думка пераправіць усю гэту вайсковую сілу ў Беларусь, што зьмяніла бы сытуацыю ў краіне на карысьць беларускага руху, згуртаванага вакол Рады Ўсебеларускага зьезду і яе выканаўчага камітэту.

Зрабіць гэта стала немагчымым з-за Берасьцейскага міру, падпісанага 3 сакавіка між Нямеччынай і бальшавікамі, і непрызненьня Нямеччынай незалежнасьці Беларусі.

Пасьля падпісаньня Берасьцейскага міру Румынія перайшла на бок саюза цэнтральных дзяржаваў (Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны), былыя расейскія войскі Румынскага фронту былі расфармаваныя. Румынія адпусьціла сфармаванымі толькі тыя нацыянальныя воінскія часткі былога Румынскага фронту, урады якіх прызнала Нямеччына, напрыклад, украінцаў. Вайсковыя часткі беларусаў, палякаў і іншых, каго Нямеччына афіцыйна не прызнавала, былі раззброеныя.

Беларуская армія ў Румыніі спыніла сваё існаваньне, яе шматмільённая маёмасьць (больш за коней 2 000, каля 800 грузавых i пасажырскіх аўтамабіляў, вялікая колькасьць баявых прыпасаў, уніформы, складаў, гармат, ручной зброі i іншага) была здадзеная ў дэпазыт румынскаму ўраду. У выніку ўрад БНР гэтую маёмасьць так і не атрымаў. Жаўнеры расфармаваных беларускіх войскаў паасобку вярталіся ў Беларусь, акупаваную нямецкім войскам.

Пасьля расфармаваньня беларускага войска ў Румыніі

Ужо ў красавіку 1918 г. шмат актыўных афіцэраў былога 4-га беларускага корпуса зьявілася ў Кіеве. Генэрал Пажарскі, які асабіста добра ведаў украінскага гетмана Скарападскага, паступіў на службу у войска Ўкраінскай дзяржавы, дзе праслужыў з красавіка па сьнежань 1918 г.

Пасьля гэтага Пажарскі знаходзіўся рэзэрве чыноў расейскай белай Добраахвотніцкай арміі, а потым Расейскай арміі барона Врангеля. У лістападзе 1919 г. Пажарскі быў прызначаны камэндантам Харкава, занятага белымі.

Пасля паразы расейскага антыбальшавіцкага руху Пажарскі разам з двума сынамі эвакуяваўся з Сэвастопаля ў Канстантынопаль на транспарце “Карнілаў”. З Турэччыны Пажарскі пазьней пераехаў ў Югаславію і пасяліўся ў горадзе Белая Царква блізу румынскай мяжы, дзе памёр у 1933 годзе.

Крыніца: Леанід Лаўрэш. Генералы БНР

You may also like...