Магдалена Радзівіл

8 ліпеня 1861 г. у Варшаве нарадзілася Марыя Магдалена Радзівіл (у дзяв. Завіша) – беларуская мэцэнатка, дзяячка культурнага руху.

Прадстаўніца шляхецкага роду Завішаў гербу «Лебедзь». Дзяцінства прайшло ў родавых маёнтках Жарноўцы і Кухцічы ў Ігуменскім павеце. Выхоўвалася ў духу беларускай культуры, сымпатызавала хрысьціянскім дэмакратам. У 1881 выйшла замуж за графа Людвіка Красінскага, у шлюбе зь якім мела дачку Марыю Людвіку. Па сьмерці бацькі (1884) атрымала ў спадчыну ягоныя маёнткі на Беларусі і ў Вялікай Польшчы. У 1895 па сьмерці мужа выехала ў Заходнюю Эўропу. Другі раз выйшла замуж за князя Вацлава Мікалая Радзівіла (Лёндан, 1906).

Фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газэту «Беларус», таварыствы цьвярозасьці, шпіталі, сельскія крамы і інш. Адкрыла беларускія школы ў сваіх ўладаньнях у Кухцічах, Узьдзе, Каменцы.

Асаблівую ўвагу надавала праблеме падрыхтоўкі нацыянальна-сьвядомай беларускай інтэлігенцыі. Яе маёнтак у Кухцічах наведвалі Вацлаў Іваноўскі, Iван і Антон Луцкевічы, Раман Скірмунт, Аляксандар Уласаў і іншыя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху. Надавала матэрыяльную падтрымку ў выданьні першых кнігаў Максіма Багдановіча, К. Буйло і інш.; у знак удзячнасьці ёй Вацлаў Іваноўскі і Іван Луцкевіч зьмясцілі герб Завішаў «Лебедзь» на тытульным аркушы зборніка вершаў М. Багдановіча «Вянок».

Шырока ангажавалася ў беларускае рэлігійнае жыцьцё. Прыхільніца ідэі адраджэньня ў Беларусі вуніяцкай царквы.

Ад 1917 г. у эміграцыі ў Польшчы, Летуве, Нямеччыне, з 1932 г. – у Швайцарыі. Дапамагала беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі, летувіскім і габрэйскім культурным рухам.

Апошнія трынаццаць гадоў свайго жыцьця правяла ў кляштары сясьцёр-дамініканак у г. Фрыбур. Памерла ў 1945 годзе. У Фрыбуру знаходзіцца яе магіла.

Сюжэт пра Магдалену Радзівіл, тэлеканал СТВ (на расейскай мове)