Стварэньне беларускіх радаў у рэгіёнах БНР

20 красавіка 1918 Рада БНР разаслала па рэгіёнах БНР загад аб стварэньні мясцовых рад (выбарных органаў БНР) і прыняцьці імі на сябе ўлады ад нямецкіх акупантаў.

У наказе адзначалася, што

“Беларускія Рады маюць мэтаю дзяржаўную незалежнасьць Беларусі, разьвіцьцё і паўсюднае пашырэньне беларускай культуры”.

Дзеля дасягненьня гэтай мэты Рады былі абавязаны:

“1) бараніць інтарэсы і правы беларусаў і іншых грамадзян Беларусі, жывучых у яе акрузе;

2) пашыраць беларускую нацыянальную і культурную сьвядомасьць, паведамляць насельніцтву аб працы беларускага ўрада і ўсіх беларускіх устаноў і палітычных, і культурных;

3) знаходзіцца ў сувязі з Радай Рэспублікі;

4) закладаць беларускія школы, браць пад свой загад і нагляд усе школы земскія, гарадзкія і прыватныя, у якіх вучацца беларускія дзеці, і пільнаваць, каб там іх не перараблялі ні на маскалёў, ні на палякаў. Закладаць беларускія бібліятэкі, чытальні, нацыянальныя тэатры”.

Перацягваньне ўлады ад немцаў ішло павольна, але Рада БНР як беларускі рэпрэзэнтатыўны орган прымусіў немцаў лічыцца з сабою. З 21 чэрвеня нямецкае армейскае камандаваньне пачало ўключаць у склад павятовых камэндатур беларускіх дарадцаў, абраных урадам БНР. У кампэтэнцыі Народнага сакратарыята знаходзіліся гандаль, прамысловасьць, асьвета, сацыяльнае забесьпячэньне, справы бежанцаў і інш.