Ян Дамінік

10 лютага 1912 г. каля Клецку нарадзіўся Ян Дамінік (Дзяменьнік), дзеяч беларускай дыяспары ў Брытаніі, мэцэнат.

Скончыў Клецкую беларускую гімназію, а потым працягваў навучаньне ў Баранавічах і Вільні. У часе Другой Сусьветнай Вайны працаваў у беларускай адміністрацыі ў Клецку. Улетку 1944 г. выехаў на эміграцыю ў Нямеччыну, адкуль прыбыў у Вялікую Брытанію.

Пасяліўшыся ў Лёндане, займаўся будаўніцтвам, стварыў пасьпяховую фірму ў сфэры нерухомасьці, якая валодала некалькімі будынкамі ў самых прэстыжных раёнах гораду.

У 1993 г. Ян Дамінік бясплатна перадаў кансуляту і амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Лёндане адзін са сваіх дамоў. Аднак, пасьля незаконнага “рэфэрэндуму” 1995 г. ягоная ўдава папрасіла амбасаду вызваліць памяшканьне.

Уваходзіў у Раду апекуноў і быў актыўным фундатарам Скарынаўскай бібліятэкі у Лёндане. Памёр у пачатку 1995 г., пахаваны на Kensal Green cemetery у Лёндане.

На фота – Ян Дамінік (крайні справа) з а. Львом Гарошкам і а. Аляксандрам Надсанам, 1970 г.