Зварот Старшыні Рады БНР да 95-й гадавіны Слуцкага Збройнага Чыну

Дарагія суродзічы, сябры!

Зноў надыходзіць канец лістапада, калі нашыя случчакі, 95 гадоў таму, узяліся за зброю, каб не дапусьціць новай акупацыі свайго краю бальшавіцкімі агрэсарамі.

У вольным сьвеце ўсе мы ганарымся нашымі Слуцкімі патрыётамі і з удзячнасьцю кожны год адзначаем іх Збройны Чын на нашых сьвяткаваньнях Дня Герояў. Успамінаем адначасна і ўсіх іншых герояў Беларусі, якія загінулі, каб жыла Бацькаўшчына.

Нажаль, вельмі мала нашых суродзічаў у Беларусі чулі пра Слуцкі Збройны Чын і змаганьне Случчакоў за волю Беларускай Народнай Рэспублікі. У школах БССР было забаронена прыгадваць Слуцкія падзеі, гэтак як сёньня забаронена насіць майкі з «Пагоняй» – нашым старажытным гэрбам – у Рэспубліцы Беларусь. Бо рукамі антыбеларускага рэжыму, які пануе ў нашым краі, ўсё яшчэ адбываецца павольны генацыд нацыі, пачаты Кацярынай II два стагодзьдзі таму.

Дарагія суродзічы, дазвольце заклікаць вас аддаць даніну павагі нашым слуцкім героям. Ісьці змагацца ім было цяжка – як гэта было б сёньня вам. Але яны, усё-ж, пайшлі.

Вечная ім памяць!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла
Старшыня Рады БНР