“Мы прыпамінаем добрае ў нябожчыках, каб арыентавацца самім на добрае ў нашых учынках” – Янка Запруднік пра Антона Шукелойця

Сьв. Пам. АНТОН ШУКЕЛАЙЦЬ

Разьвітальнае слова

Сьветлай памяці Антон Шукелайць часта прамаўляў на могільніках ці на паміках, разьвітваючыся з  суродзічамі-працаўнікамі на беларускай ніве. Цяпер прыйшла чарга нам сказаць яму “Вечная памяць”.

Выконваю  пры гэтым просьбу спадарыні Івонкі Сурвіллы, Старшыні Рады БНР – перадаю ейнае спачуваньне беларускаму грамадзву. Вось ейныя словы:

“Страцілі мы сапраўды ўнікальнага чалавека, удзельніка беларускага руху ў самыя складаныя часы нашай найноўшай гісторыі. Радны БНР Антон Шукелайць быў адным  з тых людзей, якія былі верныя Беларусі й змагаліся за яе незалежнасьць і яе дабрабыт на працягу ўсяго свайго доўгага жыцьця. Прыклад Антона Шукелайця будзе працягваць натхняць усіх нас. Вечная яму памяць.”

Да гэтых праўдзівых словаў пра нябожчыка трэба дадаць, што па сваёй натуры ён быў чалавекам лагодным, глыбока рэлігійным, выдатным знаўцам беларускай этнаграфіі, плённым працаўніком на грамадзка-культурнай і палітычнай ніве. Ягоны ўдзел у арганізацыйным жыцьці  й рэпрэзэнтацыйнай дзейнасьці  быў разнастайным і плённым: у Радзе БНР, на доўгагадовым становішчы старшыні галоўнай управы БАЗА, у рэдакцыі газэты “Беларус”, у працы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацва, а таксама ў безьлічы асбістых сустрэчаў з суродзічамі, якія прыяжджалі ў Нью Ёрк  з розных краін сьвету, у тым ліку зь Беларусі; шмат каму зь іх ён быў гасьцінным гідам па горадзе.

Адыход Антона Шукелайця з жыцьця ў “вечную памяць” дае нам нагоду – і абавязак — задумацца над паняцьцем “вечная памяць”, над тым, як кволая чалавечая  памяць набывае якасьць “вечнай”. Мы, людзі старэйшага веку, добра ведаем, якой плыткай і ненадзейнай бвае асабістая памяць. Дык у чым сутнасьць памяці “вечнай”?

У пошуку адказу на гэтае кардынальнае пытаньне, прыгадайма старажытных мудрых рымлянаў, якія пакінулі нам сэнтэнцыю: “Пра нябожчыкаў або добрае, або нічога”.

Дык чаму толькі добрае? А таму, што “добрая” памяць – фактар пазытыўна творчы. “Добрая” памяць пра папярэднікаў зьвязвае пакаленьні ў адзін жывы арганізм, які мы называем народам. Мы прыпамінаем добрае ў нябожчыках, каб арыентавацца самым на добрае ў нашых учынках. Памяць пра добрае ў дзеяньнях папярэднікаў мацуе пераемнасьць пакаленняў, накіроўвае на вартасныя грамадзкія ўчынкі; памяць пра высакародных суродзічаў накіроўвае моладзь на правільны шлях, натхняе дзеячоў культуры, навукі й палітыкі служыць свайму народу; памяць пра нябожчыкаў-патрыётаў маральна забавязвае дзяржаўныя ўлады ўсіх узроўняў перахоўваць веду пра іх, самаахвярных сыноў і дочак нацыі.

Памяць, каб стаць вечнай, мусіць быць чалавечнай.

Янка Запруднік