Віншаваньне з 25 сакавіка ад амбасадара Рэспублікі Беларусь – 1995 г.

Віншаваньне на адрас адной з тагачасных арганізацый беларускай дыяспары ў ЗША ад амбасадара Рэспублікі Беларусь у ЗША Сяргея Мартынава. У 2003 – 2012 гг. С. Мартынаў быў міністрам замежных справаў Рэспублікі Беларусь.

***
Паважанае спадарства!

Шлю Вам шчырыя прывітаньні з 77-мі ўгодкамі 25 Сакавіка.

Разьвіцьцё самастойнасьці Беларусі, традыцыі якой закладваліся яшчэ ў той памятны час, патрабуе, безумоўна, вялікіх намаганьняў. Шмат цяжкасьцей даводзіцца пераадольваць беларускаму народу на яго шляху да рэальнага сувэрэнітэту і незалежнасьці. Менавіта таму ідэя нацыянальнай еднасьці, супрацоўніцтва дзеля гэтай справы сумленных беларусаў усяго сьвету набывае вялікае значэньне. Ваша адданасьць духу беларускасьці, якую вы праяўляеце на працягу дзесяцігодзьдзяў, – гэта тое, што ня можа не прынесьці свайго плёну, што дапамагае будаваць сапраўды самасьвядомую і незалежную дзяржаву.

Шчыра зычу Вам, суайчыньнікі, па-ранейшаму актыўна спрыяць росквіту Бацькаўшчыны, жадаю ўсім Вам здароўя і посьпехаў.

З глыбокай пашанай,

Сяргей Мартынаў
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у ЗША

1995 г.

(паводле А. Гардзіенка. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) – БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны, Смаленск, 2009, с. 242)