Расейскія СМІ супраць беларускай гістарычнай памяці – камэнтар намесьніка Старшыні Рады БНР

Артыкул аб падзеях Слуцкага збройнага чыну за БНР 1920 г., апублікаваны 3 сьнежня 2016 г. уплывовым про-крамлёўскім сайтам Lenta.ru, падае ўзор шэрагу прапагандовых прыёмаў, з дапамогаю якіх антыбеларуская прапаганда спрабуе супрацьдзеіць умацаваньню нацыянальнай беларускай гістарычнай памяці.

Няцяжка пабачыць, што галоўнай прапагандовай задачай было паказаць нязначнасьць Слуцкага збройнага чыну. Гэтая мэта дасягаецца праз прадстаўленьне слуцкіх падзеяў з падменаю кантэксту. Падзеі прадстаўляюцца ў кантэксьце расейскай грамадзянскай вайны, дзе й сапраўды было шмат розных паўстаньняў і збройных выступаў – “белагвардыйскіх”, “эсэраўскіх мецяжоў”, сялянскіх паўстаньняў.

Як сродак для гэтай мэты ўжываецца недабрасумленная падменна паняцьцяў: затушоўваецца той просты факт, што ў рэальнасьці тыя “беларускія эсэры”, што палітычна ачольвалі ворганы ўлады БНР на Случчыне, ня мелі нічога супольнага з расейскай партыяй эсэраў (і, адпаведна, нейкімі акцыямі апошніх у расейскай грамадзянскай вайне).

Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) утварылася зь Беларускай Сацыялістычнай Грамады, якая была заснаваная як Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, асобна (арганізацыйна і ідэёва) ад партыі эсэраў Расеі. Адпаведна, БПС-Р (1918) ніколі часткаю расейскай эсэраўскай партыі не была, мела важныя ідэёвыя адрозьненьні ў аграрна-сацыяльных пытаньях, мела праграму сьцісла беларускую-незалежніцкую і ў палітычнае жыцьцё РСФСР ніяк не мяшалася.

Недабрасумленна затушоўваючы той факт, што “эсэры” ў Слуцку не былі аднапартыйцамі Савінкова ці Фані Каплан і што мэты Слуцкага збройнага чыну былі выключна беларускія нацыянальна-дзяржаўныя, а ня штосьці ў кантэксьце ўнутры-расейскай палітычнай барацьбы, ствараецца падманнае ўражаньне, быццам бы барацьба за незалежнасьць БНР была проста эсэраўскім, а не беларускім-нацыянальным праектам. У выніку lenta.ru намагаецца стварыць скажонае ўражаньне, быццам Слуцкі збройны чын быў чарговаю акцыяй [расейскіх] эсэраў і шэраговай падзеяй унутры-расейскай грамадзянскай вайны. На самой жа справе гэта фактычна было сутыкненьне збройных сілаў БНР, сфармаваных цывільнымі ўладамі БНР, з Чырвонай Арміяй РСФСР як з войскам іншай, замежнай дзяржавы-агрэсара.

У гэтай сувязі пэўны момант у артыкуле зазначаны слушна: назва “паўстаньне” не адлюстроўвае сутнасьці Слуцкіх падзеяў, бо там не было паўстаньня супраць наяўнае ўлады. Наадварот, слуцкія збройныя сілы былі мабілізаваныя самімі ворганамі наяўнай дзяржаўнай улады – уладамі БНР на Случчыне. Канешне, расейская нацыяналістычная прапаганда не распрацоўвае гэтую тэму, а больш дакладана – такую відавочную выснову замоўчвае.

У падмурку спробы прадставіць Слуцкую збройную кампанію як частку расейскай грамадзянскай вайны знаходзіцца, натуральна, стандартная прапагандовая тэза аб тым, што нібыта беларусы раней у гісторыі папросту не зьяўляліся асобным ад расейцаў народам. Тут бачым імкненьне замацаваць гэтую думку ў чытача, як штосьці самавідавочнае, што не патрабуе нават агучаньня.

Расейскія шавіністы апрыёры не дапушчаюць магчымасьць існаваньня ў гісторыі ўласнага беларускага нацыянальна-палітычнага, нацыянальна-дзяржаўнага жыцьця. Той факт, што ў Слуцку беларускімі ўладамі БНР былі сфармаваныя беларускія нацыянальныя войскі, якія павялі збройную барацьбу за незалежную беларускую нацыянальную дзяржаву “ў яе этнагарафічных межах”, у такі шаблён канешне ніяк ня ўпісваецца.

Мікалай Пачкаеў
Намесьнік старшыні Рады БНР