Беларусы пратэстуюць супраць савецкага нападу на Чэхаславаччыну – 1968 г.

24 жніўня 1968 г. беларусы ў Вялікай Брытаніі прынялі ўдзел у міжнароднай маніфэстацыі супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну, які пачаўся за два дні перад гэтым.

Нататка ў часопісе “Божым Шляхам” №5 (110):

“Хваля абурэньня, выкліканая бандыцкім нападам Савецкага Саюзу на Чэха-Славаччыну, ахапіла ўвесь вольны сьвет і адбілася таксама моцным рэхам у Англіі.

Вонкавым выяўленьнем гэтага абурэньня быў цэлы рад антысавецкіх маніфэстацыяў.

Адна такая маніфэстацыя была зладжаная ў суботу 24-га жніўня ў Лёндане прадстаўнікамі народаў паняволеных чырвонай Масквой. Пачалася яна мітынгам у Гайд Парк, пасьля якога калёна дэманстрантаў (больш тысячы) з нацыянальнымі сьцягамі і антысавецкімі плякатамі накіравалася да савецкай амбасады. Адтуль дэманстранты пайшлі па вуліцах Лёндану ў квартал Эрльс Корт, дзе ў тым часе адбывалася савецкая прамысловая выстаўка. Шматлікія студэнцкія пікеты заклікалі наведвальнікаў байкатаваць выстаўку, якая сапраўды была ў той дзень пустою.

Сярод дэманстрантаў была вялікая група беларусаў з нацыянальным сьцягам і плякатамі з дамаганьнямі свабоды для Беларусі і выражэньнямі падтрымкі народаў Чэха-Славаччыны.”