Сьцяпан Некрашэвіч

8 траўня 1883 у Бабруйскім павеце нарадзіўся Сьцяпан Некрашэвіч — дыплямат БНР, беларускі навуковец і грамадзкі дзяяч, ініцыятар стварэньня і першы старшыня Інстытуту беларускай культуры, акадэмік і віцэ-прэзыдэнт Беларускай акадэміі навук, ахвяра савецкага тэрору.

Паходзіў са шляхецкага роду, пачатковую адукацыю атрымаў у сям’і. У 1908 скончыў настаўніцкую сэмінарыю ў м. Панявеж, у 1913 — Віленскі настаўніцкі інстытут. Працаваў у школе «Таварыства цьвярозасьці» ў Цельшынскім павеце Ковенскай губэрні.

З 1914 падчас 1-й сусьветнай вайны — на Румынскім фронце. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 абраны ў армейскі камітэт 6-ай арміі. Уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, затым — адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў.

З восені 1917 — у Адэсе. Загаднік беларускай сэкцыі пры губэрнскім аддзеле народнай асьветы, у выніку працы якой у Адэсе напачатку 1918 навучальнага году былі адкрытыя 30 пачатковых беларускіх школ і мяшаная беларуская гімназія ў складзе першых чатырох клясаў (навучаліся дзеці ўцекачоў з прыфрантавых тэрыторыяў Беларусі).

Пасьля абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 — прадстаўнік яе ўрада на Поўдні Ўкраіны і ў зносінах з францускім камандаваньнем Антанты. Быў прыхільнікам фармаваньня беларускай арміі для барацьбы з бальшавікамі. Старшыня Беларускага нацыянальнага цэнтру, які быў створаны 13 студзеня 1919. Адначасова вучыўся ў Адэскім вышэйшым міжнародным інстытуце.

З 1920 — у Менску. Працаваў у Народным камісарыяце асьветы БССР: загаднік літаратурна-выдавецкага аддзелу, старшыня навукова-тэрміналягічнай камісіі, намесьнік старшыні Акадэмічнага цэнтру, намесьнік старшыні Галоўнага кіраваньня прафэсійнай асьветы і інш.

З 1921 г. удзельнічаў у арганізацыі Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт), у 1922—1925 — яго першы старшыня, у 1926—1928 — старшыня Аддзелу гуманітарных навук і старшыня слоўнікавай камісіі Інбелкульту. Адначасова ў 1923—1925 — выкладнік беларусазнаўства на мэдычным факультэце, з 1927 — дацэнт пэдагагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

З пачатку 1925 да ліпеня 1926 — на падвышэньні мовазнаўчай кваліфікацыі ў Навукова-досьленым інстытуце мовы і літаратуры пры Ленінградзкім унівэрсытэце (Расея), працаваў пад кіраўніцтвам Я. Карскага.

Уваходзіў ва ўрадавую камісію па рэарганізацыі Інбелкульта ў Акадэмію навук. З 1928 — акадэмік, віцэ-прэзыдэнт Беларускай Акадэміі навук (БелАН), адначасова з 1929 — дырэктар Інстытуту мовазнаўства БелАН, старшыня камісіі па ўкладаньні слоўніка жывой беларускай мовы, старшыня правапіснай і асьпіранцкай камісіяў. З 1 студзеня 1928 — старшыня Галоўнавукі пры Народным камісарыяце асьветы БССР. У 1927—1931 быў абраны ў Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР.

21 ліпеня 1930 г. арыштаваны Дзяржаўным палітычным упраўленьнем (ГПУ) БССР па справе «Саюза вызваленьня Беларусі». 6 сьнежня Савет народных камісараў БССР на патрабаваньне бюро ЦК КП(б)Б пазбавіў Некрашэвіча тытула акадэміка. 10 красавіка 1931 пастановай калегіі Аб’яднанага ГПУ СССР прыгавораны да 5 гадоў высылкі ў г. Сарапул (Удмуртыя, Расея); у 1936 тэрмін высылкі прадоўжаны на 2 гады. Працаваў плянавіком-эканамістам, затым — бухгальтарам. Паўторна арыштаваны ў лістападзе 1937, дастаўлены ў Менск, 19 сьнежня 1937 Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР прыгавораны да расстрэлу.

Рэгабілітаваны па 2-м прысудзе 12 кастрычніка 1957, адноўлены ў званьні акадэміка ў 1978, рэгабілітаваны па 1-м прысудзе 10 чэрвеня 1988.

You may also like...