ЗАЯВА РАДЫ БНР АБ РАСЕЙСКІХ ВОЙСКАХ У БЕЛАРУСІ

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі пацьвярджае сваю пазыцыю адносна недапушчальнасьці ўцягваньня Беларусі ў агрэсіўныя вонкавапалітычныя авантуры кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі, у тым ліку і ў эскаляцыю напружанасьці вакол Украіны.

Рада БНР зьвяртае ўвагу лідэраў ЗША, Канады, краінаў ЭЗ і Вялікае Брытаніі, што знаходжаньне расейскіх вайсковых падразьдзяленьняў на тэрыторыі Беларусі супярэчыць яе нацыянальным інтарэсам і зьяўляецца незаконным, паколькі прынятае нелегітымным кіраўніком.

Апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі, датычныя магчымасьці пакінуць расейскія войскі, а таксама прызнаць «ЛНР» і «ДНР», выяўляюць ягоную поўную залежнасьць ад Крамля і ствараюць рэальную пагрозу яшчэ большай дэстабілізацыі ў рэгіёне.

Рада БНР патрабуе неадкладнага вываду ўсіх расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. Рада заклікае беларускую дыяспару ва ўсім сьвеце давесьці да парлямэнтаў і ўрадаў, што беларускі народ дзесяцігодзьдзямі пазбаўлены права свабоднага выбару, ня можа і не павінен несьці адказнасьць за дзеяньні ўзурпатара.

You may also like...