Наступ на ТБМ – гэта працяг палітыкі прымусовай русыфікацыі й зьнішчэньня асяродкаў беларускасьці – ЗАява Рады БНР, 2003 г.

Заява Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Аб сытуацыі вакол Таварыства Беларускай Мовы імя Скарыны

Менскія ўлады пазбаўляюць памяшканьня Таварыства Беларускай Мовы (ТБМ). У выніку, паводле цяперашняга заканадаўства, ТБМ апынаецца пад пагрозаю юрыдычнай ліквідацыі.

Наступ на ТБМ – гэта працяг палітыкі прымусовай русыфікацыі й зьнішчэньня асяродкаў беларускасьці, якую Лукашэнка распачаў адразу пасьля прыходу да ўлады дзесяць гадоў таму. У выніку зачыненыя беларускія школы, беларуская мова выведзеная з ВНУ, дзяржаўныя электронныя СМІ пераведзеныя на расейскую мову, сярод апошніх акцыяў – ліквідацыя Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа.

Цынічнаю праяваю антынацыянальнай палітыкі ўладаў быў адмоўны адказ на прапанову Віцебскай абласной і некаторых іншых суполак ТБМ захадаў у справе ўшанаваньня памяці Васіля Быкава – вялікага беларускага пісьменьніка, чыё імя для ўсяго сьвету зрабілася прыкладам духоўнай сілы беларускага народу. Адначасна, вуліцы беларускіх гарадоў, установы й прадпрыемствы носяць імёны асобаў, якія вызначыліся асаблівай жорсткасьцю ў падаўленьні беларускага нацыянальнага руху ды арганізацыі бальшавіцкага тэрору.

Пагроза, якая цяпер паўстала перад Таварыствам Беларускай Мовы, павінна быць ў цэнтры грамадзкай ўвагі. Народ, пазбаўлены мовы, робіцца нямым. Гэта цудоўна разумеюць Крэмль і Лукашэнка. Гэта павінны разумець і тыя палітычныя лідары ў Беларусі, якія дэкляруюць прыхільнасьць прынцыпам дэмакратыі й рынку. Безь беларускай мовы немагчымае нацыянальнае Адраджэньне, а без Адраджэньня ніякія рынкавыя рэформы не прынясуць дабрабыту беларускаму народу.

Рада БНР лічыць сваім абавязкам зьвярнуць увагу ўрадаў краінаў Захаду і міжнародных арганізацыяў на сытуацыю, якая склалася вакол ТБМ. Рада БНР заклікае усе партыі й арганізацыі ў Беларусі, якія стаяць на пазыцыях Незалежнасьці, падтрымаць ТБМ у ягоным змаганьні за адраджэньне беларускай мовы.

Люты 2003 г.