Мартыралёг Беларусі

19 кастрычніка 1988 г. у Менску прайшоў устаноўчы сход таварыства «Мартыралёг Беларусі» — грамадзкага гісторыка-асьветніцкага таварыства памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў у Беларусі (першапачаткова «Таварыства памяці ахвяраў сталінізму»). «Мартыралёг Беларусі» займаецца асьветніцкай і дасьледніцкай дзейнасьцю, зьбірае інфармацыю пра злачынствы савецкай акупацыйнай улады ў Беларусі.

У першы склад грамадзкае рады «Мартыралёгу» ўвайшлі Зянон Пазьняк (старшыня), Васіль Быкаў, пісьменьнік Міхась Дубянецкі, паэт Сяргей Грахоўскі і іншыя. Грамадзкая цікавасьць да тэмы рэпрэсій і савецкага тэрора ў Беларусі рэзка падвысілася ў другой палове 80-х гадоў пасьля таго, як ува ўрочышчы Курапаты каля Менску былі знойдзеныя магілы ахвяраў масавых растрэлаў, якія праводзіліся савецкімі карнымі органамі на працягу 1930-х гг.

На першым урачыстым паседжаньні «Мартыралёгу Беларусі», якое адбылося ў Чырвоным касьцёле (за савецкім часам «Дом кіно»), быў створаны арганізацыйны камітэт дзеля стварэньня Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» на ўзор ужо створаных тады народных франтоў у Балтыі.

На ілюстрацыі – мітынг у Курапатах, канец 1980-х.