Зьезд Случчыны – 14.11.1920

14 лістапада 1920 году ў Слуцку ў доме Эдварда Вайніловіча пачаў працу Зьезд Случчыны. Гэтая падзея непасярэдне папярэднічала Слуцкаму Збройнаму Чыну.

У складзе Зьезду былі 107 дэлегатаў з навакольля Слуцку, а таксама некалькі прадстаўнікоў арміі генэрала Булак-Балаховіча. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі прызначыў сваім камісарам на Случчыне Паўла Жаўрыда.

Згодна з Рыскаю мірнаю дамовай тэрыторыя Беларусі была падзеленая паміж Польшчай і Савецкай Расеяй. Позьняй восеньню 1920 г. Случчына апынулася ў пераходным стане: рэгіён меў быць перададзены палякамі пад кантроль бальшавікоў. Мясцовая беларуская грамада была нязгодная з тым, што лёс Беларусі быў вырашаны без уліку меркаваньня саміх беларусаў. Памкненьні случчакоў былі актыўна падтрыманыя беларускімі арганізацыямі з іншых куткоў краіны.

На Зьезьдзе была абраная Рада Случчыны, у склад якой увайшлі Ўладзімер Пракулевіч (старшыня), Васіль Русак, Павал Жаўрыд і яшчэ 15 асобаў. Яе задачамі была арганізацыя грамадзянскага кіраваньня на Случчыне, а таксама арганізацыя абароны краю.

Зьезд прыняў рэзалюцыю, якая абвяшчала ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і навакольлях, і выказаў пратэст супраць бальшавісцкай акупацыі.

Дэклярацыя (Ухвала) Рады Случчыны

Слуцк.

Першы Беларускі Зьезд Случчыны, скліканы ў лічбе 107 дэлегатаў, вітае Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і сьведчыць, што ўсе свае сілы аддасьць на адбудову сваей Бацькаўшчыны.

Зьезд катэгорычна пратэстуе проці акупацыі родных зямель чужацкім наездам і проці самазванай Савецкай улады, як урад Кнорына і іншыя, якія паўтвараліся на Беларусі. Бацькаўшчына наша зруйнавана чужынцамі, якія нішчаць яе і да гэтуль, і мы, аддаючы справе адбудаваньня нашай Бацькаўшчыны ўсе нашы сілы і жыцьця, зьвертаемся да ўсяго сьвету і Саюзу Народаў аб дапамозе ў стварэньні нашай вайсковай сілы.

Шчыра вітаем нашу сястру Польшчу.

Прыняцьце ўхвалы было пакрыта воклікамі:

Няхай жыве вольная, незалежная, дэмократычная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнографічных граніцах!

Няхай жыве Беларуская армія!

Няхай жыве беларускі народ!

Няхай жыве братэрства ўсіх славянскіх народаў!

Няхай жыве Беларускі Ўстаноучы Сойм!

 

Празь некалькі дзён была зацьверджаная дэклярацыя Рады Случчыны, у якой яна абавязвалася “цьвёрда стаяць за незалежнасьць і свабоду роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад насільляў з боку чужаземных захватчыкаў…” Была аб’яўлена мабілізацыя ў міліцыю, па мястэчках і вёсках пачалі ўтварацца нацыянальныя камітэты ў падтрымку Рады.