“Урэшце, настаў гэты дзень, катораму было суджана стаць гістарычным днём у барацьбе за волю Беларусі. Вечарам 24 марца – у 6 гадзін, сабралася Рада Рэспублікі. І запраўды, было штось сільнага, штось магутнага ў гэтым першым беларускім народным Парляманце! Шэрыя сьвіткі, шэрыя салдацкія шынэлі, якія яшчэ мала хто пасьпеў скінуць з плеч, надавалі агульны тон сабраньню. Але сьветлыя, рахманыя вочы, энэргічныя твары іx валадароў гаварылі ясна, што то ня простыя сярмягі зыйшліся, а цьвет беларускае народнае інтэлігенцыі!” – Артыкул Антона Луцкевіча, аднаго з асноўных ідэолягаў беларускага незалежніцкага руху, прам’ер-міністра і міністра замежных справаў БНР у 1918-1919.
Калі ў лютым 1918 году нямецкія войскі занялі Менск, віленскія беларусы нязвычайна ажывіліся: гэта-ж у працягу трох гадоў мы былі зусім адрэзаны фронтам ад нашых усходніх братоў, гэта-ж ніводная вестка аб іx і іхнай працы не далятала да нас праз лінію акопаў, – i вось адкрываецца магчымасьць зьвязацца з Менскам!
Беларуская Рада ў Вільні, абраная толькі за месяц да таго на конфэрэнцыі 25.1.1918г., зараз-жа начала заходы перад акупантамі, каб дабіцца пазваленьня на падарожжу спэцыяльнае дэлегацыі ў Менск. Цяжкая была з гэтым справа: беларуская конфэрэнцыя ня споўніла таго, чаго дамагалася ад яе нямецкая ўлада, і станула на ярка незалежніцкім становішчы. Цэлы месяц прайшоў, пакуль дэлегацыя атрымала гэтак жаданае пазваленьне:перад тым у Менск быў пасланы на “рэкогносьціроўку” дазнаны шпіон, Эдмунд Зузэміль, каторага ў тайне ад Рады надзяліў пісьмамі да менскіх дзеячоў адзін з віленскіх беларусаў (імя яго ў сваім часе будзе пададзена да агульнага ведама), і толькі пасьля павароту Зузэміля, выступаўшага ў Менску пад прозьвішчам “таварыша Кузьміцкага”, пазваленьне было дадзена.
Continue reading 25 марца 1918 году – успаміны Антона Луцкевіча пра абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі →