ЗАЯВА РАДЫ БНР

Да ўгодкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС

Спаўняецца 40 гадоў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, больш як 70% радыеактыўных рэчываў зь якой пакрылі тэрыторыю Беларусі. Катастрофа аштавала беларусам тысяч і тысяч жыцьцяў і будзе адчувацца ў стагодзьдзях.

Паводзіны камуністычнага кіраўніцтва тагачаснай БССР пасьля аварыі, імкненьне схаваць праўду пра небясьпеку і ігнараваньне парадаў сумленных навукоўцаў, iх бязьдзейнасьць выявілі злачынную сутнасьць камуністычнага ладу для пакаленьняў, якія нарадзіліся пасьля Курапатаў. Адначасна, пазыцыя кіраўніцтва, у значнай ступені, была вынікам поўнай залежнасьці ад Масквы, якая стагодзьдзямі ставілася да Беларусі як да калёніі.

Дзякуючы высілкам Беларускага Народнага Фронта, беларускае грамадзтва і міжнародная супольнасьць даведаліся праўду пра Чарнобыль. Былі адселеныя тысячы людзей з тэрыторыяў, якія загадалі лічыць «чыстымі», спыненыя сельгаспрацы на забруджаных тэрыторыях і разбаўленьнне прадуктаў радыеактыўнымі, нарэшце, уведзеная сыстэма ільготаў для пацярпелых ад катастрофы. Беларуская дыяспара арганізавала аздараўленьне чарнобыльскіх дзяцей, у шпіталі былі перададзеныя патрэбныя лекі і мэдычнае абсталяваньне.

Аднак усё гэта пачало зварочвацца, а затым і спынілася пасьля прыходу да ўлады стаўленіка Масквы Лукашэнкі. Былі рэпрэсаваныя альбо вымушаныя пакінуць краіну тыя, хто выступаў супраць зварочваньня чарнобыльскіх праграмаў і новага засакрэчваньня інфармацыі.

Сёньня Беларусь, як і ў 1986-м, засталася фактычна сам на сам з чарнобыльскай бядой. І ізноў, як і тады — зь ядзернай зброяй на яе тэрыторыі, якая цалкам кантралюецца Масквой.

У гэтыя дні, калі мы ізноў прыгадваем трагедыю, Рада БНР выказвае словы ўдзячнасьці ўсім, хто дапамагаў і дапамагае беларусам адолець яе наступствы. Зьвесьці іх да мінімуму можна толькі пры спрыяньні і дапамозе ўсяго сьвету. Але беларусы разумеюць і тое, што магчыма гэта толькі тады, калі беларусы ўсталююць дэмакратыю і прававую дзяржаву,
а Беларусь верне сапраўдную Незалежнасьць.

Чарнобыль застанецца зь беларусамі на тысячагодзьдзі, але нялюдзкі прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі мусіць быць зьнішчаны як мага раней.

You may also like...