ЗВАРОТ ДА ДНЯ ГЕРОЯЎ
Лістапад 2025 г.
Дарагія мае Суродзічы Беларусы,
У гэтыя дні, 105 гадоў таму, дзесяць тысяч Случчакоў вырашылі што не
дапусьцяць новай навалы з Усходу, што будуць бараніць пад бел-чырвона-белым
сьцягам Беларускую Народную Рэспубліку.
Зьвяртаюся да вас сёньня, каб прыпомніць усім нам нашых магчыма найбольшых
герояў. Прыпомніць зь вялізарнай удзячнасьцю і сказаць ім, што яны дасюль
жывуць у сэрцы кожнага Беларуса, і што мы верым, што зь іхняй дапамогай, мы
адродзім нашую Бацькаўшчыну, не дазволім ворагам сьцерці яе з паверхні Зямлі.
Дарагія мае Суродзічы, жадаю Вам з глыбіні сэрца дачакацца таго дня, калі мы
зноў станем грамадзянамі нашай вольнай дзяржавы, якая зойме сваё пачэснае
месца між іншымі дэмакратыямі сьвету!
Але для гэтага трэба каб кожны і кожная з нас усьвядомілі сабе, што лёс нашай
зямлі ў нашых руках. Не выпадкова стагодзьдзямі мы адчуваем прыналежнасьць
да яе. Апошні раз вы паказалі гэта ў жнівені 2020-га году, калі цывілізаваны сьвет
пераканаўся, што нават пад ботам дыктатара, вы ведаеце хто вы і верыце ў
вашую вольную будучыню.
Гэта было вашае найнавейшае дасягненьне ў гэтым стагодзьдзі, вынікі якога мы
бачым да сёньня. Нягледзячы на ўсе намаганьні агрэсіўнага суседа і яго
траянскага каня на нашай зямлі, сьвет памятае 20-ты год і ніколі не забудзе тых
сотняў тысяч бел-чырвона-белых сьцягоў, якія луналі ў жнівені над нашым краем!
Збудавалі вы падмурак які дасюль бароніць у сьвеце нашую нацыянальную ідэю і
наш народ.
Дарагія мае суродзічы, заклікаю ўсіх вас з удзячнасьцю адзначыць Дзень Герояў!
Жыве Беларусь!

Старшыня Рады Беларускае Народнае Рэспублікі
Івонка Сурвілла

