АЛЕГУ ГРУЗЬДЗІЛОВІЧУ ЎРУЧАНЫ МЭДАЛЬ ОРДЭНА ПАГОНІ
 
            
Сёньня ў Вільні ў Беларускім Доме намесьнік старшыні Рады БНР Мікалай Пачкаеў уручыў журналісту і былому палітвязьню Алегу Грузьдзіловічу Мэдаль Ордэна Пагоні.
Алег Грузьдзіловіч — адзін з вэтэранаў беларускай незалежнай журналістыкі, вядомы сваімі матэрыяламі на палітычную і праваабарончую тэматыку.
У 1995 годзе Алег Грузьдзіловіч сышоў з рэдакцыі «Народнай газэты» пасьля забароны публікацыі ягонага артыкулу пра зьбіцьцё дэпутатаў Апазыцыі БНФ у залі парлямэнта.
Ужо чацьвёрты дзясятак гадоў ён працуе ў беларускай рэдакцыі радыё «Свабода», і заваяваў аўтарытэт як прафэсіянальны і сумленны журналіст.
Алег Грузьдзіловіч наведаў усе судовыя паседжаньні па гучнай справе аб выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году. Працаваў ня толькі на судзе, але і з дакумэнтамі і сьведкамі. Па выніках гэтай працы ён напісаў кнігу «Хто ўзарваў менскае мэтро?».
За сваю прафэсійную дзейнасьць неаднаразова затрымліваўся, у сьнежні 2021-га быў арыштаваны і неўзабаве асуджаны на паўтары гады пазбаўленьня волі. Гэта быў цяжкі час для яго і для сям’і, але вынікам стала кніга «Мае турэмныя муры» — праўдзівае сьведчаньне пра тое, што ўчыняе рэжым з тымі, хто выступіў за свабоду свайго народа.
Дэкрэтам старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы ад 25 сакавіка 2025 году за заслугі на ніве змаганьня за волю і незалежнасьць Беларусі і на ніве грамадзкай дзейнасьці Алег Грузьдзіловіч узнагароджаны Мэдалём Ордэну Пагоні.

