АБ АНТЫКАНСТЫТУЦЫЙНЫМ РЭФЭРЭНДУМЕ 1995 ГОДУ

Заява Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Трыццаць гадоў таму ў Беларусі з ініцыятывы стаўленіка Масквы Лукашэнкі быў праведзены так званы рэфэрэндум, які меў разбуральныя наступствы для нацыі. У выніку было гвалтоўна спыненае нацыянальнае Адраджэньне, беларуская мова загнаная ў гета, парлямэнтарызм зьнішчаны, а краіна палітычна і эканамічна прывязаная да Расеі.
Рада БНР нагадвае, што рэфэрэндум меў антыканстытуцыйны характар. Ён быў прызначаны незаконна, праз зьбіцьцё дэпутатаў парлямэнту, падчас яго правядзеньня адбываліся парушэньні заканадаўства і фальсыфікацыі. Вынікі гэтага рэфэрэндуму ня маюць юрыдычнай сілы.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўхваляе грамадзянскую пазыцыю беларусаў, якія і на Бацькаўшчыне, і ў эміграцыі захоўваюць вернасьць Бел-Чырвона-Беламу сьцягу і гербу «Пагоня», адданасьць беларускай мове, прынцыпам дэмакратыі.
У новай вольнай Беларусі нацыянальным сымбалям і беларускай мове будзе вернуты іх законны статус, парушаны антыканстытуцыйным рэфэрэндумам 1995 году.