Супольная заява Рады БНР і беларускіх арганізацый замежжа з нагоды закрыцьця ЭГУ

ЗАЯВА
з прычыны закрыцьця Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэту ў Менску

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (на Чужыне)
Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва (Нью-Ёрк)
Кааліцыя ў Абарону Дэмакратыі й Правоў Чалавека ў Беларусі (ЗША, Канада)
Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне
Згуртаваньне Беларусаў Канады 

заяўляюць:

Ліквідацыя Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэту ўрадам прэзыдэнта Лукашэнкі праз пазбаўленьне памешканьня для выкладаў і адмову ў ліцэнзіі на працяг навучаньня – гэта яшчэ адно сьведчаньне рэакцыйнасьці сучаснага рэжыму ў Беларусі. Гэта чарговае намаганьне спыніць разьвіцьцё свабоднага грамадзтва, запавольніць рост грамадзянскай супольнасьці (civil society). Закрыцьцё Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэту зроблена наўсуперак відавочнаму пастуляту, што толькі глыбока ўкарэнёная грамадзянская супольнасьць можа гарантаваць дэмакратыю і агульны дабрабыт у краіне. А такое можа стацца ў вялікай меры праз азнаямленьне з новымі ідэямі ў гуманітарных навуках. Гэткаму азнаямленьню й спрыяла дзейнасьць недзяржаўнага ЭГУ. Але ўлада РБ спахапілася, што азнаёмленасьць маладых людзей з сучаснымі навуковымі тэорыямі на Захадзе, лекцыі заходніх выкладчыкаў, экспэрымэнтальныя мэтады навучаньня, новыя ідэі ў пазнаваньні рэчаіснасьці разьнявольваюць розум моладзі, даюць імпульс глядзець на рэчы й зьявы іншымі вачыма. Вызвалены розум не прызнае прымусу над сабой, ён супрацівіцца ўсякаму гвалту над ім. І ў гэтай свабодзе інтэлекту ўладныя структуры ўгледзелі пагрозу сабе.

Кіраўніцтва ўнівэрсытэту, выкладчыцкі пэрсанал, студэнты й замежныя спонсары змагаюцца за выжываньне ЭГУ. Мы жадаем ім перамогі ў іхных намаганьнях і будзем бараніць права на далейшае існаваньне гэтай установы. Жадаем заадно, каб у будучай сваёй дзейнасьці кіраўніцтва ўнівэрсытэту зьвярнула больш увагі на вывучэньне беларускай нацыянальнай культуры, якую неміласэрна вынішчае ўрад Лукашэнкі. Бо ж беларушчына становіць неад’емную частку агульнай чалавечай культуры, азнаямленьню зь якой спрыяе ўнівэрсытэт.

Калі-ж выжыць ЭГУ ў гэтым змаганьні ня ўдасца і гэтая вышэйшая навучальная ўстанова спыніць сваё існаваньне, гэта будзе вялікаю стратаю, будзе далейшым абмежаваньнем шанцаў Беларусі інтэгравацца ў Эўропу, у заходні дэмакратычны сьвет.

Жнівень – верасень 2004 г.