Расправа нацыстаў над жыхарамі Хатыні – 22.03.1943

22 сакавіка – гадавіна зьнішчэньня вёскі Хатынь нямецкімі нацыстамі пры ўдзеле сфармаванага з савецкіх ваеннапалонных батальёну дапаможнай паліцыі. Расправа над жыхарамі Хатыні стала адным з сымбаляў нацыстоўскіх злачынстваў супраць беларускага цывільнага насельніцтва ў час Другой Сусьветнай Вайны.

21 сакавіка 1943 году ў Хатыні пераночылі савецкія партызаны з атраду Васыля Воронянськага (“Дзядзі Васі”).

Раніцай 22 сакавіка яны сышлі зь вёскі і, імаверна, абстралялі сустрэтую імі маленькую калёну нямецкіх аўтамабіляў. Ад абстрэлу пагінула двое нямецкіх жаўнераў і трое паліцыянтаў зь ліку савецкіх грамадзянаў. Адным з забітых быў знакаміты нямецкі атлет Ганс Вэльке, чэмпіён Летніх Алімпійскіх гульняў 1936 году і асабіста знаёмы з Гітлерам.

Падчас перасьледу партызанаў паліцыянты натыкнуліся на жыхароў вёскі Казыры, што працавалі на лесанарыхтоўцы, і забілі 26 зь іх пры спробе ўцячы.

Аб нападзе было дакладзена штурмбанфюрэру SS Оскару Дырлевангеру, які, дазнаўшыся аб забойстве Ганса Вэльке, загадаў зьнішчыць вёску Хатынь разам з жыхарамі.

У другой палове дня 22 сакавіка 1943 году карнікі (атрад пронямецкай паліцыі, сфармаваны пераважна з савецкіх ваеннапалонных ва Ўкраіне) атачылі вёску. Жыхары вёскі нічога ня ведалі аб ранішнім інцыдэнце. Паліцэйскія сагналі ўсіх жыхароў Хатыні ў калгасны хлеў і замкнулі ў ім. Тых, хто спрабаваў уцячы, забівалі на месцы. Сярод жыхароў вёскі былі шматдзетныя сем’і. Хлеў абклалі саломай, аблілі бэнзінам і падпалілі. Пад націскам дзясяткаў чалавечых целаў ня вытрымалі і ўпалі дзьверы, людзі кінуліся бегчы, але тых, хто вырываўся з полымя, расстрэльвалі.

Згарэлі ў вогнішчы і былі расстарляныя 149 жыхароў вёскі, зь іх 75 дзяцей маладзейшыя за 16 год. Сама вёска была зьнішчана цалкам.

Хатынь стала увасабленьнем шматлікіх вёсак, зьнішчаных нацыстоўскімі акупантамі ў Беларусі ў час Другой Сусьветнай Вайны. Гэткія карніцкія акцыі праводзіліся немцамі на позьнім этапе вайны ў якасьці рэакцыі на ўсё больш актыўную дзейнасьць савецкага партызанскага руху. У некаторых выпадках гэтыя акцыі правакаваліся самімі савецкімі партызанамі.

У памяць зьнішчаных беларускіх вёсак у 1966-1969 гг. на месцы Хатыні быў створаны мэмарыял.

Савецкая акупацыйная ўлада выкарыстоўвала трагедыю ў Хатыні дзеля ўласных прапагандысцкіх мэтаў. Некаторыя падрабязнасьці расправы замоўчваліся – у прыватнасьці тое, што карную апэрацыю зьдзейсьніў паліцэйскі атрад з былых чырвонаармейцаў.