Паліна Прысмакова пра палітыку Лукашэнкі падчас пандэміі COVID-19: “генацыд беларускага народу”

Сакратар Рады БНР Паліна Прысмакова ўзяла ўдзел у абмеркаваньні палітыкі рэжыму Лукашэнкі адносна пандэміі COVID-19 у рамках анляйнавага Сусьветнана кангрэсу беларусаў, які адбыўся 30 кастрычніка 2021 г.Прадстаўляем відэазапіс сэсіі, а таксама тэзісы яе выступу.

Склаўшуюся сытуацыю з COVID-19 у Беларусі, рэакцыю і дзеяньні Міністэрства аховы здароўя і яго падначаленых, як і мэтанакіраваную дэзынфармацыю Міністэрства інфармацыі РБ, заклікаю разглядаць як генацыд беларускай нацыі.

Мы, беларусы ў Беларусі і беларусы замежжа, зьвяртаем увагу паасобных краінаў на гэтую праблему і просім ААН падтрымкі і вырашэньня крызісу.

Рада БНР ячшэ год таму зьвярталася да Старшыні Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Др. Тэдраса Адганама з просьбай зьвярнуць увагу на выкарыстаньне COVID-19 у беларускіх турмах супраць затрыманых як на біялягічную зброю. Тады яшчэ не стаяла пытаньня пра вакцынацыю. Агульнага доступу да вакцынаў яшчэ не было ў і разьвітых краінах. Сёньня, калі Беларусі прапаноўваецца гуманітарная дапамога вакцынамі, напрыклад, польскім урадам, а Міністэрства аховы здароўя адмаўляецца яе прымаць, мы можам казаць пра масавае выкарыстанне COVID-19 як біялягічнай зброі для пашкоджаньня беларускай нацыі. Паводле пункту “C” Канвэнцыі пра генацыд ААН, генацыд – гэта “наўмыснае стварэньне жыцьцёвых умоваў для групы, каб мэтанакіравана фізычна зьнічыць яе цалкам ці часткова”.

Мэдыкі маюць больш канкрэтныя веды пра біялягічную частку пытаньня. У сваім выступе я спрабую растлумачыць асноўныя юрыдычныя моманты.

Генацыд – гэта перадусім парушэньне правоў чалавека. Канвэнцыя ААН па генацыдзе была прынятая за дзень да Сусьветнай дэклярацыі правоў чалавека. Канвэнцыю па генацыдзе трэба разглядаць як канкрэтнае прымяненьне Сусьветнай дэклярацыі правоў чалавека.

Генацыд – гэта цэнтральная, канчатковая праблема любога парушэньня правоў чалавека. Яго апошняя ступень. Таму парушэньні правоў чалавека, якія адбываюцца ў Беларусі — нелегальныя затрыманьні, катаваньні, зьдзекі, запалохваньне, а цяпер і абмежаваньне доступу да мэдычных сродкаў — можна аб’яднаць пад агульным паняцьцем “генацыд”. Паасобныя дзеяньні могуць не зьяўляцца дзеяньнямі генацыду, але іх сукупнасьць і мэтанакіраванасьць можна падсумаваць як генацыд.

Мэтанакіраванасьць – істотны момант, які адрозьнівае генацыд ад выпадковых масавых зьнічшэньняў. Напрыклад, выбух на Чарнобыльскай АЭС — гэта не генацыд. Гэта няшчасны выпадак. Але наўмыснае ўкрыцьцё інфармацыі пра выбух, адмова ў патрэбных леках і сродках абароны — калі накіраванае на зьнічшэньне групы людзей — можна разглядаць як генацыд.

Якія групы людзей знаходзяцца пад аховай? Нацыі, этнічныя групы, рэлігійныя групы. Трэба дакладна разумець, што ў Беларусі сёньня маем выпадак генацыду менавіта нацыянальнага, а не этнацыду. З пункту гледжаньня міжнароднага права, розьніца нацыі і этнагрупы ў тым, што ў этнагруп няма сваёй дзяржавы. У беларусаў яна пакуль ёсьць. Жыве Беларусь, і жыве вечна!Палітычныя групы не ахоўваюцца канвэнцыяй. Палітычныя праблемы лічацца ўнутраннакраёвымі. ААН прызваная займацца панадкраёвымі пытаньнямі. Мэтанакіраванае зьнішчэньне нацыянальнай групы — прыклад такога пытаньня. Калі б краіна мела абмежаваную колькасьць вакцынаў і іх выдавалі выключна адной палітычнай групе, гэта можна было б неяк зьвязаць з палітыкай. Наколькі разумею, нешта падобнае цяпер адбываецца з ложкамі ў шпіталях. Але адмова Міністэрства ад гуманітарнае дапамогі — гэта мэтанакіраваннае рашэньне дзяржаўнай адміністрацыі супраць свайго ж народу. Мэтанакіраванае стварэньне ўмоваў жыцьця, якія ставяць беларускую нацыю пад пагрозу зьнішчэньня, нават калі і частковую, — гэта генацыд, паводле канвэнцыі.

Безумоўна, сытуацыя ў Беларусі жудасная. Ёсьць перакананыя, што лічбы ахвяраў ня тыя, каб ужываць громкае слова “генацыд”. Масакру у Срэбраніцы 1995 г. у Босьніі і Герцагавіне, калі былі забітыя 8000 тысяч басьнійскіх мужчынаў, прызналі генацыдам. Праз COVID-19 у Беларусі загінула ўжо толькі афіцыйна 5000 чалавек. Кожны тыдзень цяпер нясе болей як 100 сьмерцяў. І гэтая лічба павялічваецца прагрэсійна. Нам ня трэба чакаць на сотні тысяч загінулых, каб пасьля заднім чыслом заявіць, што “аднак, гэта быў генацыд”. Не чакайма болей ахвяраў, каб спыніць масакру. Канвэнцыя ААН па генацыдзе перад усім створаная была, каб генацыд прадухіліць. Каб прадухіліць масавыя забойствы і зьнішчэньні.

Прашу зразумець, што я не за прымусовую вакцынацыю. Вакцынавацца ці не — індывідуальная справа і рашэньне кожнага. Але доступ да вакцыны, як і да актуальнай інфармацыі пра эпідэміялягічную сытуацыю у краіне, і да інфармацыі пра наяўнасьць вольных бальнічных ложкаў, пра наступствы захворваньня, каб на падставе гэтых ведаў кожны беларус змог зрабіць правільнае для сябе рашэньне, ацаніць свае рызыкі і рызыкі для блізкіх — гэта правы чалавека, якія не Міністэрству аховы здароўя ці Міністэрству інфармацыі вырашаць. Гэта глябальныя, унівэрсальныя правы чалавека на жыцьцё.

Генацыд часта аб’ядноўваюць з паняцьцем “ваенныя злачынствы”. Але ваеннае становішча ня ёсьць абавязковай умоваю. Генацыд можа мець месца і ў мірны час. Прыкладам сёньняшняя Беларусь і беларускі народ, які масава пакутуе ад рашэньняў і дзеяньняў — а менавіта бязьдзеяньняў — адміністрацыі ў час сусьветнае пандэміі.

Мыйце рукі, насіце маскі. Але лепш за ўсё заставайцеся дома. Як паказаў вопыт Францыі, Італіі і іншых заходнеэўрапейцаў – як бы гэта не шкодзіла эканоміцы краіны, але для спынення COVID-19 няма нічога лепшага, чым усеагульны карантын. А эканоміку, якая накіраваная на ўзбагачэньне выключна апаратчыкаў цаною дабрабыту, а цяпер і здароўя беларускай нацыі — шкадаваць ня варта.

Апарат сёньняшняй адміністрацыі баіцца агульнага карантыну, бо ўжо пахіснуўшаяся эканоміка гэтага ня вытрымае. Таму беларусам пускаюць пыл у вочы пра тое, што COVID-19 нястрашны, каб усе хадзілі на працу. Прымусовую працу. Думаю, усе зразумелі паралель. Здароўя усім!

Др. Паліна Прысмакова

Сакратар Рады БНР

Дацэнт Катэдры дзяржаўнага кіраваньня Флёрыдзкага Атлянтычнага ўнівэрсытэту

You may also like...