Аўген Жыхар

11 студзеня 1955 г. у няроўным баі з савецкімі карнікамі загінуў Аўген Жыхар, беларускі партызанскі камандэр, сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі.

Нарадзіўся, як лічыцца, у 1925 годзе ў сялянскай сям’і. Навучаўся ў Пастаўскай сэмінарыі, настаўнік паводле адукацыі.

У 1944 годзе ўступіў у паўпадпольную Беларускую Незалежніцкую Партыю. У час нямецкай акупацыі Беларусі быў у СБМ, трапіў у дывэрсанцкую школу «Дальвіц», дзе прайшоў поўны курс навучаньня.

Потым пасьля расфармаваньня батальёну пад сваім прозьвішчам уступіў у Чырвоную Армію. Пасьля дэмабілізацыі вярнуўся ў Беларусь, дзе працаваў настаўнікам у школе.

Пасьля спробы яго арыштаваць Жыхар уцёк у лес і стварыў партызанскі атрад. Першапачаткова яго атрад займаўся ліквідацыяй савецкіх міліцыянтаў, камуністаў і партыйных актывістаў.

У 1948 годзе Жыхар увайшоў у кантакт з арганізацыяй Міхала Вітушкі, і яго атрад быў вылучаны ў асобную баявую адзінку арганізацыі. З 1952 па сьнежань 1954 ягоны атрад быў адзіным прадстаўніком партызанскай групы «Чорны кот» ў Беларусі.

Большасьць байцоў атрада загінула ў лістападзе — сьнежні 1954 у баях з войскамі МГБ. Астаткі па загадзе Жыхара сышлі на Захад праз Польшчу.

Органы дзяржаўнай бясьпекі СССР актыўна шукалі Жыхара. У студзені 1955 ён быў знойдзены ў сялянскай хаце на хутары за 7 кілямэтраў ад Паставаў. Аўген адмовіўся здацца і пачаў бой з чэкістамі. У выніку, калі скончыліся набоі, ён застрэліўся апошнім патронам.

Аўген Жыхар – карціна Алеся Пушкіна