БЕЛАРУСЫ ЗМАГАЮЦЦА ЗА СВАЮ І ВАШУ СВАБОДУ – ЗВАРОТ СТАРШЫНІ РАДЫ БНР ІВОНКІ СУРВІЛЛЫ (пераклад)

Дарагія сябры Беларусі,

Паважаныя лідэры дэмакратычнага сьвету, нашыя суседзі ў Эўрапейскім Зьвязе і Украіне, нашыя саюзьнікі ў Канадзе і ЗША, нашыя сябры і прыхільнікі па ўсім сьвеце, у Японіі, Ізраілі, Расеі і ў іншых краінах.

Сёньня Беларусь знаходзіцца на гістарычным раздарожжы.

Нашай краінай ужо 26 гадоў кіруе аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Гэта быў час хлусьні, карупцыі і гвалту; час беззаконьня, трагедыі і ганьбы для нашага народу.

Беларусь – апошняя дыктатура Эўропы, апошняя краіна гэтага кантынэнта, якая да гэтага часу ня здолела пазбавіцца цёмнай спадчыны савецкага рэжыму, пераадолець страшныя траўмы, якія нанёс таталітарызм нашаму народу.

Але сёньня, упершыню за многія гады, Беларусь мае рэальны шанец зноў стаць дэмакратыяй, зрабіцца краінай, якой кіруе яе народ, а ня воля аднаго карумпаванага і злога чалавека.

Цяпер Беларусі патрэбна вашая падтрымка.

Як мы бачылі толькі некалькі дзён таму, рэжым Аляксандра Лукашэнкі можа скарыстацца любымі спосабамі, уключаючы масавы тэрор і забойствы, каб перашкодзіць беларускаму народу перамагчы і аднавіць дэмакратыю і вяршэнства закона ў сваёй краіне.

Нам патрэбны міжнародны ціск на ўсіх, хто вінаваты ў паліцэйскім гвалце і ў фальсыфікацыі выбараў у Беларусі.

Людзям у Беларусі неабходная ваша салідарнасьць і маральная падтрымка ў гэтай рашучай бітве.

Больш за тое, ёсць відавочныя прыкметы таго, што гэтым крызісам можа скарыстацца нацыяналістычны рэжым Уладзіміра Пуціна ў Расіі, каб падарваць дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі. Дапамажыце нам супрацьстаяць гэтай пагрозе. Калі ласка, ня дайце Пуціну захапіць нашу краіну.

Згодна з воляй беларускага народа, Аляксандр Лукашэнка не зьяўляецца законным прэзыдэнтам Беларусі і не павінен быць прызнаны ў гэтай якасьці ніводнай дэмакратычнай краінай.

Беларусі патрэбныя новыя дэмакратычныя прэзыдэнцкія выбары і канстытуцыйная рэформа, якая скасавала б дыктатарскія законы, прынятыя Лукашэнкам падчас ягонага 26-гадовага аўтарытарнага і нелегітымнага праўлення.

Беларусь знаходзіцца цяпер на пярэднім краі барацьбы чалавецтва за свабоду супраць прыгнёту, за дэмакратыю супраць дыктатуры, за мір супраць нянавісьці і гвалту. У сьвеце, дзе дэмакратыя і каштоўнасьці свабоды кожны дзень сутыкаюцца з выклікам з боку сілаў карупцыі, цынічнай прагнасьці, папулізму і палітычнага экстрэмізму, Беларусь – гэта поле бою, якое мае надзвычай важнае значэньне.

Прашу вас, дапамажыце нам выйграць гэты бой. Бо гэта бітва “За нашу і вашу свабоду”, як гаворыць гістарычны дэвіз беларускага, літоўскага і польскага руху супраціву.

Івонка Сурвіла
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

You may also like...