Вітаўт Кіпель

Сёньня адзначае свой дзевяносты дзень нараджэньня Вітаўт Кіпель – выбітны навуковец і актывіст беларускай дыяспары ў Амэрыцы, у мінулым сябра Прэзыдыюму Рады БНР.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі шчыра віншуе пана Вітаўта Кіпеля, жадае добрага здароўя і натхненьня!

Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 траўня 1927 году ў Менску ў сям’і грамадзкага дзеяча і мовазнаўцы Яўхіма Кіпеля.

У 1930 годзе савецкія ўлады арыштавалі Яўхіма Кіпеля па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і на пяць гадоў выслалі ўглыб Расеі. У 1933 годзе Вітаўт Кіпель разам з маці пераехаў у Налінск (пазьней Молатаўск) Вяцкай вобласьці, каб быць бліжэй да бацькі. У 1935 годзе сям’я пераехала ў Ар’ёл, пакольку вяртацца ў Беларусь ёй вяртацца было забаронена. У тым самым годзе бацьку паўторна арыштоўваюць і засуджваюць яшчэ на пяць гадоў лягероў у Сыбіру.

У 1936 годзе маці зарэгістравала Вітаўта пад прозьвішчам Зубкоўскі (ейнае дзявочае прозьвішча), каб пазьбегчы магчымых далейшых перасьледаў сям’і ды мець магчымасьць паслаць сына ў школу. Прозьвішчам Зубкоўскі Вітаўт карыстаўся ўсе свае школьныя гады да 1942 году.

У г. Арле, дзе ён навучаўся з 1935 году, Вітаўт Кіпель закончыў шостую клясу ў 1941 годзе. Далей, у 1942—1944 гадах, ён вучыўся ў Менску ў народнай школе, настаўніцкай сэмінарыі і прагімназіі.

Ад 1944 г. Вітаўт Кіпель з бацькамі ў эміграцыі, спачатку ў Нямеччыне. У 1945—1948 гадах В. Кіпель вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (Рэгэнсбург, Баварыя).

У 1948—1949 гадах вучыўся на мэдычным факультэце Тубінгенскага ўнівэрсытэту, а ў 1949—1953 гадах на геалягічным факультэце Лювэнскага ўнівэрсытэту ў Бэльгіі. У 1953 годзе атрымаў ступень магістра, а ў 1955 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю па мінэралёгіі з суправаджальнай тэзай з палеанталёгіі. У тым сама годзе выехаў ў ЗША. У 1956 годзе ажаніўся з Зорай Савёнак.

У Амэрыцы Вітаўт Кіпель нейкі час працаваў ў галінах геялёгіі й геахіміі, супрацоўнічаў са спэцыялізаванымі навуковымі часопісамі Chemical Abstracts, Engineering Index, Economic Geology. У 1962—1963 гадах закончыў бібліятэказнаўства ў Rutgers University ў штаце Нью-Джэрзі.

26 гадоў В. Кіпель працаваў на розных пасадах у навуковым аддзеле Нью-Ёрцкай публічнай бібліятэкі. Ён укамплектаваў гэты аддзел звыш чым стотысячным зборам навукова-тэхнічных выданьняў.

У 1982—1985 гадах В. Кіпель рэдагаваў месячны бібліяграфічны бюлетэнь New Technical Books. Разам са сваёй жонкай Зорай Вітаўт разбудаваў і папоўніў беларускі збор у славянскім аддзеле бібліятэкі.

Ад самой маладосьці Вітаўт Кіпель актыўна ўдзельнічае ў грамадзкім жыцьці беларускай дыяспары.

У пасьляваеннай Нямеччыне ён прымаў актыўны ўдзел у беларускім скаўтынгу, у аб’яднаньні «Згуртаваньне беларускіх скаўтаў на чужыне» як адзін зь ягоных кіраўнікоў і арганізатараў: наведваў дзясяткі лягероў бежанцаў зь беларускімі групамі й засноўваў у тых лягерох скаўцкія адзінкі.

У Бэльгіі В. Кіпель працаваў у студэнцкім згуртаваньні, пасьля ў Саюзе беларусаў Бэльгіі, дзе некалькі гадоў быў заступнікам старшыні гэтай арганізацыі. Ён наладжваў новыя кантракты, зьмену працы для беларускіх работнікаў, іх выезды ў Амэрыку. Ладзіў культурна—асьветніцкую працу: даклады, канцэрты, заняткі беларусаведы для дзяцей.

У ЗША грамадзкая дзейнасьць В. Кіпеля яшчэ пашырылася. Ён актыўна наладжваў кантакты з амэрыканскімі палітыкамі-рэспубліканцамі, удзельнічаў у працы розных арганізацыяў Рэспубліканскай партыі і міжэтнічных арганізацыяў. Усё гэта дало магчымасьць інфармаваць амэрыканскіх палітыкаў і шырокую грамадзкасьць пра Беларусь і такім чынам увесьці беларускае пытаньне на парадак дня.

Грамадзкая актыўнасьць В. Кіпеля была таксама зьвязаная з амэрыканскім скаўтынгам, у якім ён дзейнічаў звыш за дванаццаць гадоў. Вітаўт скончыў вышэйшыя курсы інтэрнацыянальнага скаўтынгу, быў выкладчыкам на гэтых курсах, арганізаваў скаўцкія лягеры, некалькі гадоў кіраваў адной з найстарэйшых амэрыканскіх скаўцкіх адзінак (Troop 161, Tamarack Council, засн. 1910). Мае некалькі амэрыканскіх і інтэрнацыянальных скаўцкіх узнагародаў.

В. Кіпель актыўна выступаў як грамадзка—палітычны публіцыст як на беларускай, так і на ангельскай мовах. Шмат артыкулаў пра беларусаў у Амерыцы Кіпель зьмяшчае ў квартальніку Heritage Review, які ў 1970-х гадох выходзіў у штаце Нью-Джэрзі. У В. Кіпеля ва ўнутраным эміграцыйным жыцьці былі сотні арганізацыйных зборак, дакладаў і выступленьняў, мэмарандумаў і артыкулаў.

З 1982 году В. Кіпель пераймае кіраўніцтва «Беларускім інстытутам навукі й мастацтва», працягвае навукова-выдавецкую дзейнасьць гэтай установы.

У 1993 годзе Вітаўт Кіпель атрымаў тытул доктара honoris causa Гарадзенскага ўнівэрсытэту.

У 1997 годзе ён абраны ў склад Прэзыдыюму Рады БНР.

Дзеці Вітаўта і Зоры Кіпеляў, Юрка Кіпель і Алеся Кіпель, таксама актыўныя ўдзельнікі грамадзкага жыцьця беларусаў у ЗША.

 

Публіцыстыка

  • Byelorussia under Russian Occupation: Past, present, future (у кніжцы Russian Empire. Some Aspects of Tsarist and Soviet Colonial Practices, Clevelend, 1985, Institute for Soviet and East European Studies, John Carroll University and Ukrainian Historical Assn.);
  • Some Demographic and Industrial Aspects of Soviet Byelorussia during 1965—1975 (у кніжцы Nationalism in the USSR and Eastern Europe in the Era of Brezhnev and Kosygin, Detroit, The University of Detroit Press, 1977);
  • Byelorussians (у кніжцы Guide to the Study of the Soviet Nationalities — Non-Russian Peoples of the USSR, Littleton, Colorado, Libraries Unlimited, 1982);
  • Byelorussians in New Jersey (у кніжцы The New Jersey Ethnic Exxperience, Union City, New Jersey, 1977);
  • Byelorussian-American Theater (разам з Зорай Кіпель у кніжцы Ethnic Theater in the United States, Westport, Connecticut, Greenwood Press, 1983);
  • Byelorussian Americans and Their Communities in Cleveland, Cleveland State University, 1982;
  • American Ethnic Groups: The European Heritage, New York, Arno Press, A New York Times Co., 1978—1980 (адзін зь пяцёх рэдактараў англамоўнае 47-тамовае сэрыі );

Кнігі

  • Беларусы ў ЗША — манаграфія, фундамэнтальны досьлед беларускай дыяспары ў ЗША ад ейных пачаткаў да сёньняшняга дня (1993, перавыдадзена ў 2017);
  • Жыць і дзеіць – кніга ўспамінаў, 2015.
  • «Янка Купала й Якуб Колас на Захадзе: бібліяграфія» (разам з Зорай Кіпель, Нью Ёрк, БІНіМ, 1985)
  • Byelorussian Statehood (разам з Зорай Кіпель, Нью Ёрк, БІНіМ, 1988)

Прамова на прэзэнтацыі альманаху “Беларус”, 2016 год

Прамова на юбілеі газэты “Беларус”, 2015 год

You may also like...