Зьнікненьне Віктара Ганчара – 16.09.1999

Viktar Hančar (Hanchar)

16 верасьня 1999 г. бясьсьледна зьнік Віктар Ганчар – беларускі палітык, адзін зь лідараў апазыцыі прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку. Паводле наяўнай інфармацыі, Ганчар разам зь ягоным сябрам Анатолем Красоўскім быў выкрадзены і забіты спэцслужбамі рэжыму Лукашэнкі. Злачынства дагэтуль не было расьсьледаванае.

Іншыя відныя беларускія апазыцыйныя палітыкі 90-х, што зьніклі ці памерлі пры нявысьветленых абставінах – Юры Захаранка, Генадзь Карпенка.

Віктар Ганчар нарадзіўся 7 верасьня 1958 у Менскай вобласьці. У 1984 г. абараніў дысэртацыю на званьне кандыдата юрыдычных навук. Дацэнт Беларускага дзяржаўнага інстытуту народнай гаспадаркі ім. В. У. Куйбышава (цяпер БДЭУ). Абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР 12-га скліканьня, які ў 1991 годзе абвесьціў пра аднаўленьне незалежнасьці Беларусі пасьля 70 гадоў савецкай акупацыі.

На прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году Віктар Ганчар быў адным з кіраўнікоў выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі. З 1994 году Ганчар быў намесьнікам старшыні ўраду Беларусі.

З 1995 г. — дэпутат, намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі.

Напярэдадні рэфэрэндуму 1996 г. і ў 1998 г. — старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі.

Віктар Ганчар браў актыўны ўдзел у працы Вярхоўнага Савету падчас канстытуцыйнага крызісу 1996 году, быў адным з найбольш актыўных ініцыятараў працэсу імпічмэнту А. Лукашэнку.

У траўні 1999 году Віктар Ганчар арганізаваў кампанію па выбарах прэзыдэнта Беларусі, якая была сарваная ўладамі.

Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі

Віктар Ганчар бясьсьледна зьнік у Менску 16 верасьня 1999 г. разам са сваім сябрам, прадпрымальнікам Анатолем Красоўскім. Пазьней на меркаваным месцы зьнікненьня — вуліцы Фабрычнай — былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля А. Красоўскага і кроў зьніклых.

5.12.2002 суд Савецкага раёну г. Менска прызнаў В. Ганчара “адсутным бязь вестак”. У студзені 2003 г. Пракуратура г. Менску прыпыніла расьсьледваньне крымінальнай справы па факце зьнікненьня В. Ганчара і А. Красоўскага.

Паводле сьведчаньня колішняга начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева, Віктар Ганчар быў выкрадзены і расстраляны паводле загаду асоб, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі.

Патрабаваньне расьсьледваньня зьнікненьня В. Ганчара і А. Красоўскага — адно з асноўных патрабаваньняў беларускай апазыцыі, яно таксама прысутнічае ў дакумэнтах міжнародных арганізацый.

Банда: дакумэнтальны фільм тэлеканалу Белсат

Справа Ганчара: дакумэнтальны фільм, 1999 г. (на расейскай мове)

Заява Віктара Ганчара пра парушэньне прэзыдэнтам А. Лукашэнкам Канстытуцыі Беларусі

Інтэрвію былога турэмшчыка Алега Алкаева пра забойства беларускіх палітыкаў рэжымам Лукашэнкі (на галяндзкай і расейскай мовах)

You may also like...