Першая Ўстаўная Грамата да Народаў Беларусі

Першая Ўстаўная Грамата да Народаў Беларусі

Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім палажэньні. Дзе цяпер улада‚ што тут была‚ няведама. Мы стаімо перад тым‚ што край наш можа быць заняты нямецкім войскам.

Вы павінны ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі.

Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самавызначэньне‚ а нацыянальныя меншасьці на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію.

Права нацыяў павінна знайсьці сваё зьдзейсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных пачатках Устаноўчага Сойму.

Але і да скліканьня Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належаць тым народам‚ якія на ёй жывуць.

Выканаўчы Камітэт Рады Першага Ўсебеларускага Зьезду‚ даданы прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасьцяў‚ зьдзяйсьняючы заданьня Зьезду‚ абвяшчае сябе тымчасоваю ўладаю на Беларусі, паходзячаю да кіраваньня краем і данайхутчэйшага скліканьня Ўсебеларускага Ўстаноўчага Сойму на аснове агульнага права для ўсякага дарослага насяленьня, не рахуючыся з нацыянальнасьцю‚ рэлігіяй і полам.

Тымчасовую народную ўладу краю‚ якая паставіць сабе заданьня абароны і зацьвярджэньня здабыткаў рэвалюцыі‚ будзе зьдзейсьніваць створаны намі Народны Сакратарыят Беларусі‚ які ад гэтага дня пачаў выпаўняць свае абавязкі. Пэрсанальны склад Сакратарыяту будзе апублікаваны потым.

Дадзена ў Менску-Беларускім 21 (8) лютага 1918 року

Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага Зьезду

 

hramata1