Уладзімер Тэраўскі

23 лістапада 1871 г. у Слуцкім павеце нарадзіўся Ўладзімер Тэраўскі, дырыжор, кампазытар, аўтар музыкі «Ваяцкага марша» – гімна БНР.

Нарадзіўся ў мястэчку Раманава (цяпер вёска Леніна Слуцкага раёну Менскай вобласьці) у сям’і сьвятара. У 1889 годзе скончыў Слуцкую духоўную вучэльню. У 1892—1895 служыў у войску. У другой палове 1890-х жыў на Ўрале, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі. Сьпяваў у капэле Д. Агрэнева-Славянскага.

Вярнуўся ў Беларусь у пачатку 1900-х. Узначальваў царкоўны хор Старажоўскай царквы, аматарскі хор Менскага таварыства цьвярозасьці; выкладаў сьпевы ў пачатковых школах.

Уладзімер Тэраўскі – аўтар дзьвюх найважнейшых беларускіх патрыятычных гімнаў пачатку 20. стагодзьдзя: «Ваяцкага Маршу», які стаўся гімнам БНР, і «Беларускай Марсэльезы» (Адвеку мы спалі).

У 1914 годзе стварыў Менскі беларускі хор, які ў 1917 годзе увайшоў у склад Першага Беларускага таварыства драмы і камэдыі. У 1918—1919 кіраваў харавой капэлай у Беларускім савецкім тэатры; уваходзіў у склад Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва.

Улетку 1920 году арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі ў Асіповічах. Пасьля ўтварэньня Беларускага дзяржаўнага тэатру ў Менску (БДТ-1) яго галоўны хормайстар.

Арыштаваны ЧК у 1921 годзе разам з У. Фальскім; прысуджаны да расстрэлу, замененага 5-гадовым зьняволеньнем. У 1923 вызвалены.

Кіраваў харавымі калектывамі БДУ, МБПТ, саюзу паштавікоў-тэлеграфістаў. Стварыў музыку да спэктакляў БДТ-1: «Бязьвінная кроў» У. Галубка (1918), «Каваль-ваявода» Е. Міровіча (1925) і інш. Найбольш вядомай стала музыка да спэктакля «На Купальле» Міхася Чарота (1921), у прыватнасьці, да песьні «Купалінка». Напісаў песьні і рамансы на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Зьмітрака Бядулі, Міхася Чарота і іншых. Запісваў і гарманізаваў народныя песьні, частка якіх апублікавана ў зборніках «Беларускі сьпеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мэлёдыяў» (1921), «Беларускі лірнік» (1922), «Вайсковы зборнік» (1926). Браў удзел у рабоце музычнай сэкцыі Інбелкульту.

Пасьля 1930 году звольнены з працы, абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызьме. Служыў у царкоўным хоры Старажоўскай царквы Менску.

Арыштаваны 17 жніўня 1938. Расстраляны ў НКВД Менску. Рэгабілітаваны ў 1957 годзе.

Ваяцкі Марш: гімн БНР. Аўтар музыкі – У. Тэраўскі

Купалінка: знакамітая песьня, якую прынята лічыць народнай, музыку да якой на самой справе напісаў У. Тэраўскі

 

Шумныя бярозы: ёсьць меркаваньне, што Тэраўскі быў аўтарам музыкі да гэтай вядомай песьні