Tag Archives: Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны

Мэдаль да стагодзьдзя БНР атрымалі Алена Анісім і Алег Трусаў

У Менску на сядзібе Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны адбылося ўручэньне Мэдалёў да стагодзьдзя БНР старшыні ТБМ Алене Анісім і былому старшыні ТБМ Алегу Трусаву. Уручэньне правёў Заступнік Старшыні Рады БНР Мікалай Пачкаеў.

Алена Анісім займае пасаду старшыні ТБМ з 2017 году. Перад гэтым яна на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў была актыўным удзельнікам беларускага адраджэнскага і культурніцкага руху. Ад 2016 году Алена Анісім зьяўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. На сваёй пасадзе яна актыўна займаецца абаронай правоў беларускіх грамадзянаў, выступае аўтарам ініцыятываў па абароне і прамоцыі беларускае мовы.

Алег Трусаў

Алег Трусаў – выбітны археолаг, гісторык, старшыня Таварыства беларускае мовы з 1999 па 2017 гады, адзін з заснавальнікаў гэтай арганізацыі ў 1989 годзе. Алег Трусаў узначальваў ТБМ у найбольш складаныя часы, і дзякуючы ягоным высілкам, арганізацыя ўвесь час працягвала сваё функцыянаваньне ў якасьці галоўнай грамадзкай сілы, якая стаіць на абароне беларускай мовы. Акрамя гэтага, з 1990 па 1995 гг. Алег Трусаў быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12. скліканьня, членам Апазыцыі БНФ, намесьнікам старшыні камісіі па адукацыі, культуры, ахове гістарычнай спадчыны. У 1990 т 1991 гг. Алег Трусаў быў сярод дэпутатаў, якія прынялі гістарычныя дакумэнты аб аднаўленьні дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі. Таксама Алег Трусаў быў адным з распрацоўшчыкаў беларускай дзяржаўнай сымболікі, удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў Вярхоўнага Савета напярэдадні “рэфэрэндума” 1995 года.

ЗАЯВА РАДЫ БНР НА ТРЫЦЦАЦІГОДЗЬДЗЕ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ І ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

У гэтыя дні спаўняецца трыццаць гадоў ад заснаваньня Беларускага народнага фронту і Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны.

Абедзьве гэтыя арганізацыі сталіся яскравымі гістарычнымі зьявамі, адыграўшы значную ролю ў аднаўленьні незалежнасьці Беларусі і ў абароне беларушчыны ў вельмі неспрыяльныя часы.

Беларускі народны фронт – агульнанацыянальны дэмакратычны беларускі рух, які ў позьнесавецкі час стаўся выразьнікам волі беларускага народу да свабоды, дэмакратыі і незалежнасьці, абаронцам чалавечай і нацыянальнай годнасьці беларусаў. Уголас агучыўшы праўду пра Курапаты і Чарнобыльскую катастрофу, БНФ паставіў пытаньне пра аднаўленьне справядлівасьці і належную ацэнку палітыцы савецкага рэжыму да беларусаў.

Дэпутаты БНФ у Вярхоўным савеце Беларусі ў лёсавызначальны для нашай краіны час сталі рухавіком дэмакратычных пераўтварэньняў і ўрэшце аднаўленьня незалежнасьці Беларусі пасьля дзесяцігодзьдзяў іншаземнай акупацыі. Дзякуючы Беларускаму народнаму фронту, Беларусь вось ужо амаль трыццаць гадоў ёсьць паўнапраўнай сувэрэннай дзяржавай, што заняла “свой пачэсны пасад між народамі”.

Многія яскравыя і адважныя палітыкі сучаснай Беларусі, што цяпер прадстаўляюць розныя дэмакратычныя сілы, пачыналі свой шлях у Беларускім народным фронце.

Таварыства беларускай мовы – адна з галоўных арганізацыяў, што рупяцца пра прасоўваньне беларускае мовы і абарону правоў яе носьбітаў у сучаснай Беларусі. Ва ўмовах абыякавасьці ці нават варожасьці афіцыйных постсавецкіх уладаў у адносінах да роднае мовы беларускага народу, абарона мовы і моўных правоў сталася задачай простых людзей, шырокае грамадзянскае супольнасьці. ТБМ імя Ф. Скарыны ёсьць авангардам гэтага руху і шматгадовым сымбалем таго, як грамадзянская супольнасьць самастойна бароніць беларускую мову.

Беларускі народны фронт і Таварыства беларускае мовы – гэта выбітныя і пасьпяховыя прыклады грамадзянскай самаарганізацыі беларусаў, абароны самім народам сваіх правоў перад апаратам недобрасумленнай аўтарытарнай улады.

Рада БНР шчыра віншуе ўсіх цяперашніх і былых удзельнікаў БНФ і ТБМ. Няхай гэтыя арганізацыі будуць прыкладам і натхненьнем для многіх пакаленьняў беларускіх грамадзянаў.