Tag Archives: Курапаты

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае захаваць недакранальнасьць Курапатаў

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае сваё абурэньне фактам перагляду ахоўнай зоны Курапацкага мэмарыялу і адкрыцьця забаўляльных установаў на ягонай тэрыторыі.

Курапаты – адзін з галоўных гістарычных помнікаў і мэмарыялаў на тэрыторыі Беларусі.

На тэрыторыі ўрочышча Курапаты савецкія акупанты ў трыццатыя і саракавыя гады мінулага стагодзьдзя расстралялі тысячы мірных жыхароў Беларусі. Гэтае месца зьяўляецца галоўным нацыянальным мэмарыялам, дзе ўшаноўваюцца ахвяры савецкага рэжыму на Беларусі. Апроч гэтага, у 1988 годзе Курапаты сталіся знакавым месцам для фармаваньня агульнанацыянальнага дэмакратычнага руху, які зрабіўся асноўнай сілай, што спрычынілася да зьяўленьня на карце сьвету незалежнай Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе.

Савецкія акупацыйныя ўлады і постсавецкі рэжым Аляксандра Лукашэнкі неаднаразова дэманстравалі сваё жаданьне зганьбіць Курапаты, а таксама сьцерці народную памяць аб гэтым месцы і страшных падзеях, якія там адбываліся, праз:

  • замоўчваньне савецкіх злачынстваў і наўмысны распаўсюд хлусьні аб Курапатах у дзяржаўных СМІ,
  • будаўніцтва аўтамабільнай шашы непасярэдна па магілах ахвяраў рэпрэсій,
  • дэманстратыўнае нерасьсьледваньне фактаў наўпроставага вандалізму і нападаў на добраахвотнікаў, што займаюцца ўпарадкаваньнем мэмарыяла, – а, магчыма, і арганізацыю вандалізма і правакацыяў,
  • неналежную ахову мэмарыяла,
  • дазвол на будаўніцтва рэстарану на тэрыторыі Курапатаў.

Рада БНР заяўляе, што пабудова забаўляльных установаў на месцы масавых расстрэлаў і пахаваньняў ахвяраў рэпрэсій, а таксама перагляд ахоўных межаў мэмарыяла зьяўляюцца злачынствам супраць нацыянальнай памяці.

Рада БНР выказвае сваю падтрымку і шчырую падзяку ўсім, хто асабіста ўдзельнічае ў акцыях пратэсту на месцы і спрыяе пашырэньню інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Курапатах.

Рада БНР заяўляе, што маўклівая згода афіцыйных уладаў Рэспублікі Беларусь на зганьбаваньне Курапатаў у чарговы раз сьведчыць аб тым, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў важных аспэктах па-ранейшаму захоўвае характар палітычнага пераемніка акупацыйнага савецкага рэжыму. На працягу вось ужо больш за дваццаць гадоў маральная і ідэйная пераемнасьць рэжыма А. Лукашэнкі і савецкага рэжыму праяўляецца як у сымбалічнай прасторы, так і на практыцы, праз сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека, адсутнасьць дэмакратычных выбараў, адкрытую пагарду да годнасьці беларусаў як грамадзянаў і і да ключавых складнікаў беларускай нацыянальнай памяці і годнасьці. Палітыка ў справе мэмарыялу ахвярам савецкага тэрора ў Курапатах відавочна і востра супярэчыць пазытыўным жэстам з боку кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, якія маглі былі быць з надзеяй успрынятыя беларускім дэмакратычным грамадзтвам і дыяспарай у кантэксьце адзначэньня 100-годдзя незалежнасьці БНР у сакавіку гэтага году.

РАДА БНР ЗАКЛІКАЕ СПЫНІЦЬ БУДАЎНІЦТВА Ў КУРАПАТАХ: ЗАЯВА

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі занепакоеная чарговым наступам на Курапаты – месца расстрэлаў ахвяраў камуністычных рэпрэсій.

У Курапатах з канца 1930-х па 1941 год былі зьнішчаныя дзясяткі тысяч людзей – у іх ліку і некаторыя заснаваньнікі Беларускай Народнай Рэспублікі. Ва ўрочышчы гвалтоўна скончыўся зямны шлях ня толькі прадстаўнікоў беларускай эліты, але і рабочых, сялянаў – і таму гэтае злачынства мае прыкметы генацыду над нацыяй.

Курапаты – ня толькі месца смутку, але і сымбаль адраджэньня нацыі, бо менавіта іх адкрыцьцё ў канцы 1980-х гадоў абудзіла беларускі народ і ўзьняло яго на барацьбу за аднаўленьне Незалежнасьці.

У 1988 годзе Рада БНР спрычынілася да распаўсюду ў сьвеце інфармацыі адкрывальніка Курапатаў Зянона Пазьняка. Тады вядучыя выданьні сьвету зьмясьцілі публікацыю пра раскопкі пад Менскам, і гэта выявіла перад сьветам сапраўднае, антычалавечае аблічча савецкай улады.

Continue reading РАДА БНР ЗАКЛІКАЕ СПЫНІЦЬ БУДАЎНІЦТВА Ў КУРАПАТАХ: ЗАЯВА

Першы візыт прэзыдэнта ЗША ў Беларусь – 15.01.1994

15 студзеня 1994 г. адбыўся першы ў гісторыі афіцыйны візыт прэзыдэнта ЗША ў Беларусь.

Прэзыдэнт Біл Клінтан меў сустрэчы зь кіраўніцтвам Беларусі, выступіў у Акадэміі Навук, ушанаваў памяць пагінулых у Другой Сусьветнай Вайне і ахвяраў савецкіх рэпрэсій.

 

Курапаты – дарога сьмерці

3 чэрвеня 1988 у газэце “Літаратура і Мастацтва” апублікаваны артыкул Зянона Пазьняка “Курапаты – дарога сьмерці”.

Артыкул упершыню распавядаў пра гісторыю масавых расстрэлаў, зьдзейсьненых савецкімі карнымі ворганамі ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам. Публікацыя выклікала вялікі розгалас і ўсплёск цікавасьці да тэмы камуністычнага тэрору ў Беларусі. Гэтая падзея шмат у чым сталася адпраўной кропкай для актывізацыі беларускага грамадзтва канца 1980-х гадоў, якое ў хуткім часе вылучыла патрабаваньні аб дэмакратычных рэформах і дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі.

У кастрычніку таго году ўтвораныя арганізацыя “Мартыралёг Беларусі” і Беларускі Народны Фронт, які стаўся галоўным рухавіком у здабыцьці Беларусьсю незалежнасьці ў 1991 годзе.

Тэкст артыкулу: Continue reading Курапаты – дарога сьмерці