Tag Archives: Дзень Волі

Зварот да Беларускага Народу з нагоды Дня Волі – 2013

Дарагія Суродзічы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, віншую вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам, угодкамі таго слаўнага 25-га Сакавіка 1918 году, калі наш народ абвесьціў незалежнасьць сваёй дзяржавы. У той памятны год мы афіцыйна перасталі быць абарыгенамі Паўночна-Заходняга Краю Расейскай Імпэрыі ды сказалі сьвету, што мы — і толькі мы — маем права гаспадарыць на нашай — спрадвечна нашай — зямлі.

Заняло, праўда, яшчэ больш за 70 гадоў цяжкога змаганьня, пакуль Беларусь сталася сувэрэннай Рэспублікай. Але сёньня, ня гледзячы на здраднікаў, якія перахапілі ўладу, ня гледзячы на змушанае маўчаньне, Беларусь жыве — жыве ў супраціве гвалту над свабодай, над правамі чалавека і нацыі.

Так як мы калісь з году ў год пацяшалі сябе, што ніводная імпэрыя ня вечная і што «загляне сонца і ў наша ваконца», сёньня мы таксама ведаем, што дні ўзурпатара палічаныя і ні яму, ні ягоным спонсарам ня ўдасца ўжо сьцерці Беларусь з карты сьвету.

Беларусы — народ цярплівы. Мы цэнім жыцьцё, але мы не рабы. Няхай дыктатар ня думае, што памяркоўнасьці і цярплівасьці беларусаў няма канца.

Наш народ ня раз выходзіў «шчыльнымі радамі» бараніць сваю зямлю. З Божай дапамогай, ён і гэтым разам абароніць жыцьцё рэспублікі сваёй!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Зварот да Беларускага Народу з нагоды Дня Волі 2012

Дарагія Суродзічы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, віншую Вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам, Днём Волі, калі наш народ, пасьля доўгага прыгнёту, абвясьціў сьвету, што ён таксама хоча быць гаспадаром на сваёй зямлі.

Здабылі мы незалежнасьць 25 сакавіка 1918 году і зьбераглі дасюль ідэалы 25 сакавіка, нягледзячы на шматлікія перашкоды, таму што былі між намі героі, якія разумелі цану волі і бязьмежна любілі свой край і свой народ.

Гэтае маё Сакавіцкае прывітаньне хачу прысьвяціць аднаму з нашых сучасных герояў, над жыцьцём якога варожы рэжым зьдзекуецца сёньня – Сяргею Каваленку.

Што Сяргей дужы, адважны і патрыёт – мы даўно ведалі.

Толькі ворагі не адчулі радасьці, калі ён ўзьлез на калядную ялінку ў Віцебску з Бел-Чырвона-Белым Сьцягам у руках. Гэтыя ворагі сёньня стараюцца яго зьнішчыць.

Словы, якія Сяргей перадаў нам праз жонку Алену, застануцца ў сэрцы кожнага беларуса.

Сяргей папрасіў, каб сьвяткавалі Дзень Волі з Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі ў руках. Гэта будзе падтрымкай і для яго. Ён заявіў, што дабрабыту ня можа быць без культуры, а падмуркам культуры зьяўляецца родная мова, і што трэба шанаваць свае нацыянальныя каштоўнасьці – гісторыю І мову.

Сяргей сказаў, што мы самі – наш беларускі народ – уратуе сваю краіну, і толькі тады падтрымаюць нас іншыя краіны. Таксама сказаў, што толькі беларускі народ можа дапамагчы яму выйсьці з гэтага цяжкага стану.

Дарагія суродзічы, не расчаруйма героя! Ён верыць у нашую беларускасьць і ў нашую мужнасьць. Ён верыць у свой народ і гатовы аддаць сваё жыцьцё дзеля гэтае веры. Будзьма годнымі героя! Як напісаў Антось са Слуцку: наша чарга дзейнічаць! Кожны чым і як можа. Дзесяць мільёнаў галасоў не застануцца без адказу!

Дык памажы нам Божа! Памажы Божа Сяргею Каваленку!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Зварот да Беларускага Народу з нагоды Дня Волі 2011

Дарагія Суродзічы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю вас з нашым слаўным Днём Волі – угодкамі абвешчаньня незалежнасьці беларускай дзяржавы 25-га сакавіка 1918 году.

Наш край аднавіў сваю незалежнасьць у 1991-м годзе, на мапе сьвету зьявілася Рэспубліка Беларусь. Аднак гэта сталася магчымым толькі таму што нашыя продкі здолелі ў 1918 годзе гучна заявіць сьвету, што “ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай”. Дзень 25-га сакавіка застанецца назаўсёды нашым найвялікшым нацыянальным сьвятам, сьвятам нашай ідэнтычнасьці, нашай гістарычнай памяці, нашай дзяржаўнасьці.

Гэтымі днямі ўсе мы яшчэ перажываем падзеі, зьвязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі: фальшаваньне вынікаў галасаваньня, зьбіцьцё мірных дэманстрантаў, зьняволеньне соцен людзей, у тым ліку апазыцыйных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Дык хачу нагадаць вам словы ведамага беларускага сьвятара а. Аляксандра Надсана: “На долю беларусаў выпала шмат цяжкіх выпрабаваньняў. Колькі разоў, здавалася, яны стаялі на краі загубы. Тое, што ня гледзячы на ўсё яны выжылі, сьведчыць аб вялікай духовай сіле нашага народу”.

Сёньня гэта духовая сіла ўвасабляецца ў тых дзяўчатах і хлапцох, жанчынах і мужчынах, што дзясяткамі тысяч выйшлі на Плошчу 19-га сьнежня, і ў тых людзях, якія актыўна ўключыліся ў кампанію салідарнасьці зь вязьнямі рэжыму і якія выступаюць з патрабаваньнем новых – сумленных – выбараў. Яны не дазволяць, каб Беларусь, незалежная беларуская дзяржава, загінула. Спробы дыктатара запалохаць людзей прымяненьнем супраць іх збройнай сілы скончацца ягонай паразай.

Краіна наша выстаіць і зойме сваё годнае месца між дзяржаваў сьвету. Я моцна ў гэта веру й заклікаю кожнага з Вас далучыцца за тых новых сілаў у нашым народзе, якія супрацьстаяць варожым нам ідэалёгіям і мэнталітэту. Разам мы пераможам усе цяжкасьці на шляху да волі і дабрабыту.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Зварот да Беларускага Народу з нагоды 91 Угодкаў БНР

Дарагія суродзічы-беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі маю гонар вітаць Вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам, угодкамі абвешчаньня 25 сакавіка 1918 году незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, якія мы называем Днём Волі.

Нацыянальныя сьвяты кожны народ сьвяткуе радасна і ўрачыста. З глыбіні сэрца жадаю, каб і для ўсіх нас як на Бацькаўшчыне, гэтак і па-за яе межамі гэты дзень стаўся нагодай выявіць сваю любоў да Бацькаўшчыны. Адначасна прашу кожнага з вас задумацца над пытаньнем, куды вядзе нашу краіну палітыка сёньняшняга рэжыму ў Беларусі.

Жыве беларускі народ ува ўмовах няволі. Кантрактная сыстэма; забарона дзецям з чарнобыльскай зоны карыстацца дапамогай добразычлівых людзей цывілізаванага сьвету; тэрор у форме падслухоўваньня тэлеразмоваў, адбіткаў пальцаў, несанкцыяваных ператрусаў, канфіскацыяў й затрыманьняў, фатаграфаваньня людзей на грамадзкіх мерапрыемствах; новапрыдуманае зьнявольваньне ў войску непаслухмянае моладзі пасьля яе выключэньня са школаў і ўнівэрсытэтаў; абмяжоўваньні доступу да праўдзівае інфармацыі. Беларусь сталася падобнай да афрыканскае Зымбабвэ пад дыктатураю Мугабэ. Засталося толькі правесьці рэфэрэндум аб пажыцьцёвай прэзыдэнтуры ды пераемнасьці ўлады па прызначэньню, без галасаваньня.

Эўропа стараецца памагчы Беларусі, але толькі сам народ Беларусі можа стрымаць разгул дыктатуры й самаволі. Толькі вы, дарагія суродзічы, можаце паказаць адзін аднаму й цэламу сьвету, што вы адчуваеце зьдзек нялюдзкага рэжыму, прагнеце спакайнейшага, лепшага жыцьця.

Рада БНР із свайго боку робіць усё магчымае, каб вонкавы дэмакратычны сьвет ведаў праўду пра становішча ў Беларусі ды спрыяў справе аднаўленьня ў ёй дэмакратычнага ладу й грамадзянскіх свабодаў. Рада БНР працуе на тое, каб непаслабна трывалі нашы адраджэнскія намаганьні, каб жыла й разьвівалася беларушчына, каб гарэла сьвяцільня Акту 25 Сакавіка 1918 году. Ведайма, што зарука будучыні ў памятаньні мінуўшчыны.

Дапамажы нам Божа.

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Зварот Старшыні Рады БНР з нагоды Дня Волі – 2008

Дарагія суродзічы!

Вітаю Вас зь вялікім Юбілеем у жыцьці беларускага народу: дзевяностымі ўгодкамі абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пасьля стагодзьдзя жудаснай няволі і этнацыду, пасьля чатырох гадоў голаду і мукаў спрычыненых чужой вайной на беларускай зямлі, народ наш знайшоў у сабе сілу і годнасьць абвесьціць сьвету, што ён таксама хоча жыць вольным на гэтай зямлі, што ён таксама мае права быць гаспадаром у сваёй хаце.

III Устаўная Грамата БНР – ці Акт 25-га Сакавіка, – найважнейшы дакумэнт у нашай сучаснай гісторыі. Вось першыя яго словы:

«Год таму назад народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо расейскага царызму, які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь. Ня пытаючыся народу, ён кінуў наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу, Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржавай. Самі народы Белараусі, у асобе Устаноўчага Сойму, пастановяць аб будучых зьвязях Беларусі».

Нам усім ведама, дарагія суродзічы, што без Акту 25-га Сакавіка, без Беларускай Народнай Рэспублікі, ня было-б сёньня беларускага народу на гэтай зямлі…

Беларуская Народная Рэспубліка ня ўсьпела аднак замацаваць новаабвешчаную дзяржаву. Хаця суседзі яе прызналі, нашым паслом у Вэрсалі не ўдалося абараніць права беларускага народу на самавызначэньне. Ворагі нашыя былі мацнейшымі. I Беларусь у тыя часы ня мела ў Вашынгтоне, Лёндане і Парыжы сяброў, якія лябіравалі-б на яе карысьць, такіх якіх мелі Палякі і Балты. Абвешчаньне Беларускай Народнай Рэспублікі змусіла аднак захопнікаў стварыць БССР. Рэшту гісторыі Вы ведаеце.

Савецкі пэрыяд нашай гісторыі я назвала-б пэрыядам ВЯЛІКАЙ ХЛУСЬНІ. БССР была васалам дзяржавы, якой кіравалі адны з найбольш дзікіх злачынцаў у гісторыі чалавецтва. Дасюль ніхто не пабіў ліку – сто мільёнаў – ахвяраў камунізму.

Нішчыла Масква наш народ і адначасна пераконвала нашых паняволеных людзей, якія ня мелі доступу да праўды, што яна ёсьць тым «братнім народам», без апекі якога яны ня могуць абыйсьціся.

Рада БНР у міжчасе, хаця ў экзылі, прадаўжала змаганьне за незалежнасьць. Яе прадстаўнікі ўва усім сьвеце былі тымі абаронцамі правоў беларускага народу, якіх ён ня меў у 1918-м годзе.

Па крысе, ня гледзячы на дзікую прапаганду супраць нас Масквы і яе тагачаснага васала – Менску, мы інфармавалі вольны сьвет пра паняволены народ, пра нашую гісторыю, нашую культуру, нашае права быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

Каб пра нас ведалі, мы стараліся, каб слова Беларусь гучала падчас усіх мерапрыемстваў, у якіх бралі ўдзел іншыя народы. Мы былі тым агенчыкам, які даваў надзею на ажыцьцяўленьне ідэалаў выказаных у акце 25-га Сакавіка.

Сёньня мы ведаем, што ідэалы гэтыя стануцца рэчаіснасьцю, што наш народ зойме пачэснае месца між іншымі вольнымі народамі сьвету. Так як развалілася савецкая турма народаў, разваліцца і сёньняшняя дыктатура, якая пануе ў Беларусі. Разваліцца, бо расьце новае пакаленьне Дашкевічаў, Фінкевічаў і Севярынцаў, якія жывуць верай у лепшую будучыню Беларусі, і якія пероймуць нашае змаганьне за ажыцьцяўленьне ідэалаў 25-га Сакавіка.

Беларускі народ зразумее, што няма будучыні без вольнай і незалежнай беларускай дзяржаву. Прыпомніць словы Кастуся Каліноўскага, які з-пад шыбеніцы папяраджаў нас, што зажывём мы спакойна і шчасьліва толькі калі Маскалёў ня будзе над намі, і адмовіць права халуём на службе чужакоў вырашаць наш лёс.

Хаця я ўжо не маладая, веру, што пабачу яшчэ вольную і незалежную Беларусь, такую, якой яна сёньня была-б, калі-б бальшавіцкія агрэсары не напалі на Беларускую Народную Рэспубліку і не зьняможылі яе.

Адродзім наш цудоўны край. Народ наш пераможа страх і ўваскрэсьне, так як Уваскрос Наш Госпад Ісус Хрыстос!

Дык памажы нам Божа! Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Зварот Старшыні Рады БНР з нагоды Дня Волі 2007

Дарагія суродзічы-беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам – Днём 25-га Сакавіка.

25 сакавіка 1918 году беларускі народ абвясьціў сьвету, што ён скідае з свайго краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці і абвяшчае Беларускую Народную Рэспубліку незалежнай і вольнай дзяржавай.

На жаль, ня змог тады наш аслаблены вайною народ абараніць сваю маладую Рэспубліку ад новай няволі. І ня мелі мы прыяцеляў у сьвеце, якія б за нас заступіліся. Пачаўся новы перасьлед. Чужакі гэтым разам фізычна нішчылі нашых найлепшых людзей, выкаранялі нашую мову, нашыя адвечныя хрысьціянскія каштоўнасьці. Нішчылі нас і казалі, што яны нашыя “браты”.

І на жаль, некаторыя з нас ім паверылі. А дасюль верылі. Толькі падзеі апошняга часу іх пераканалі, што народ наш зажыве шчасьліва адно тады, калі будзе сам гаспадаром у сваёй хаце.

Дарагія суродзічы, нашая будучыня сёньня ў нашых руках. Ад нас залежыць, ці мы будзем гаспадарамі ў сваёй хаце, ці будзем надалей жыць, дастасоўваючыся да чужых жаданьняў.

Нашае нацыянальнае сьвята – Дзень Волі – найлепшая нагода, каб паказаць сьвету і самім сябе, што мы народ паўнавартасны, што мы здольныя ня толькі быць гаспадарамі ў сваёй краіне, але што мы здольныя быць добрымі гаспадарамі. Адзінае, чаму нам трэба зноў навучыцца – гэта любіць і шанаваць адзін аднаго, бо ўсе мы беларусы, усе мы сыны і дочкі тае самае беларускае зямлі.

Дык зь вялікай надзеяй зьвяртаюся сёньня да ўсіх вас, дарагія мае суродзічы-беларусы, дома і на чужыне: пакажыце ў дзень 25-га Сакавіка, што мы зьяднаны народ і што разам мы здольныя адрадзіць наш край, каб перадаць нашым дзецям і ўнукам не “апошнюю дыктатуру ў Эўропе”, а вольную Беларускую Народную Рэспубліку.

Дык памажы нам Божа!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Зварот да беларускага грамадзтва з нагоды 85 угодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларусі

ЗВАРОТ
да беларускага грамадзтва з нагоды 85-х угодкаў абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі

Дарагія Суродзічы,

Ад імя Рады Беларускае Народнае Рэспублікі, вітаю Вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам і юбілеем, 85-мі ўгодкамі абвешчаньня – пасьля даўгога пэрыяду паняволеньня нашага краю расейскай імпэрыяй – Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Жадаю кожнаму з Вас асабістага шчасьця і задавальненьня з жыцьця. Але ведаю сама па сабе: сапраўднае шчасьце мы адчуем толькі ў сваёй незалежнай і дэмакратычнай дзяржаве.

Дык што ж: трэба працягваць змаганьне. І таму жадаю Вам патрэбных у гэтым змаганьні мужнасьці і вытрываласьці, гордасьці нашай спадчынай ды веры ня толькі ў свае сілы, але і ў сілы ўсяго беларускага народу.

Хацела б адначасна падзяліцца думкамі пра нашую найбольшую патрэбу – еднасьць.

Трагедыя нашага народу – як на Бацькаўшчыне, так і на чужыне – гэта адсутнасьць між намі адзінства і салідарнасьці. Думаю, што выплывае гэта з нашага скрайняга індывідуалізму. Дзіўны парадокс беларускае натуры: беларус памяркоўны ў дачыненьні да чужых, але часта вельмі непамяркоўны ў дачыненьні да сваіх. На дзіва, гістарычна гэта не ператварылася ў неталерантнасьць нашага народу.

Затое на кожным кроку бачу, да чаго вядзе наша міжсобная непамяркоўнасьць. Divide et impera – казалі рымляне: падзяляй і пануй. Гэта зразумелі ўсе калянізатары, усе імпэрыі. Перад тым, як пачаць сьціраць гістарычную памяць народу, перад тым, як адбіраць у яго рознымі спосабамі ягоныя каштоўнасьці, каб лягчэй было яго паняволіць, яго дзеляць. Нас дзялілі і адны, і другія шмат разоў. Дзялілі нашую тэрыторыю, дзялілі нас на ўсходніх і заходніх, на праваслаўных і каталікоў на працоўных і паноў і г.д, і г.д. Толькі з аднэй мэтай: каб лягчэй было нас падпарадкаваць ды сьцерці як нацыю з паверхні зямлі.

Сёньня заклікаю кожнага палітычнага і арганізацыйнага лідэра: яднайце людзей вакол ідэалаў 25-га Сакавіка і яднайцеся між сабою. Незалежнасьці паасобку мы не абаронім. Рэжыму паасобку ня зьменім. Дабрабыту нашага народу паасобку мы не дасягнем.

Адзін вельмі дарагі мне сьвятар прыгадаў аднойчы народную мудрасьць – прыклад веніка, які лёгка паламаць галінка па галінцы, а які такі моцны, калі зьвязаны. Нядаўна пацьвердзілі гэта падзеі ў Югаславіі. Народ пазбыўся дыктатуры толькі тады, калі зьяднаўся ды выйшаў сотнямі тысяч на вуліцы Бялграду. Прыклад гэты, магчыма, цяжка ажыцьцявіць у Беларусі ў гэтым мамэнце, але калі хочам выжыць як нацыя, мусім цяпер ужо шукаць адзінства. Мы выратуем наш край і здабудзем той лад жыцьця, на які заслугоўваем, толькі разам – зьяднаныя.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Зварот Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвіллы да суайчыньнікаў з нагоды Дня Волі – 2001

Дарагія Суродзічы!

Вітаю ўсіх Вас з найвялікшым нацыянальным дасягненьнем беларускага народу ў ХХ ст. – Актам 25 Сакавіка, якім нашы продкі абвесьцілі ў 1918 г. вольнай і незалежнай нашу Бацькаўшчыну – Беларусь.

Continue reading Зварот Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвіллы да суайчыньнікаў з нагоды Дня Волі – 2001