Tag Archives: Вайсковая база

Вучэньні “Захад-2017” наносяць вялікую шкоду Беларусі – Заява Рады БНР

Заява Рады БНР аб сумесных беларуска-расейскіх вучэньнях

У Беларусі распачынаюцца вайсковыя вучэньні “Захад-2017”, якія праводзяцца сумесна з вайсковымі фармаваньнямі Расейскай Фэдэрацыі. Гэтыя манэўры адбываюцца на фоне анэксіі Масквой Крыму, вайны ва Ўкраіне і Сырыі, кібэратакаў на дэмакратычныя інстытуцыі Захаду.

Рада БНР далучаецца да засьцярогаў, якія выказваюць дэмакратычная супольнасьць Беларусі і некаторыя міжнародныя назіральнікі датычна таго, што, нягледзячы на заявы прадстаўнікоў міністэрства абароны Беларусі, асобныя фармаваньні расейскіх войскаў могуць застацца на тэрыторыі Беларусі пасьля заканчэньня вучэньняў. Рада БНР падкрэсьлівае, што гэта сталася б новым фактарам небясьпекі ня толькі для Беларусі, але і для іншых краінаў Эўропы – Латвіі, Літоўскай Рэспублікі, Польшчы. Асаблівую пагрозу гэта будзе несьці для Ўкраіны, паколькі расейскія сухапутныя часткі ў гэтым выпадку маглі б нанесьці ўдар па яе паўночных і заходніх рэгіёнах.

Рада БНР адзначае, што выхад расейскіх частак з тэрыторыі Беларусі павінен адбыцца не пазьней чым 30 верасьня, як пра гэта заяўлена афіцыйным Менскам. У супрацьлеглым выпадку кожны дадатковы дзень знаходжаньня расейскіх вайсковых частак і расейскай тэхнікі павінен разглядацца як акупацыя Беларусі.

Рада БНР усьведамляе, што нават пры ўмове выхаду ўсіх расейскіх вайскоўцаў з тэрыторыі Беларусі сам факт сумесных вучэньняў з Расеяй, краінай-агрэсарам, наносіць вялікую палітычную шкоду Беларусі, а таксама шкоду яе рэпутацыі перад міжнароднай супольнасьцю.

Рада БНР заяўляе, што беларускі народ ня мае дачыненьня да сумнеўнага вайсковага альянсу паміж аўтарытарнымі рэжымамі Беларусі і Расеі. У Беларусі ніколі не было дэмакратычнага рэфэрэндуму, пад час якога б народ выказаўся за вайсковы саюз з Расеяй. Само далучэньне Беларусі да сыстэмы Дамовы аб калектыўцай бясьпецы СНД (ДКБ), якая кантралюецца маскоўскім Генштабам, адбылося ў 1993 годзе пад ціскам пракамуністычнай прарасейскай большасьці ў Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь і насуперак Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, якая абвяшчала курс на будаўніцтва нэўтральнай дзяржавы. Прынятая ў 1994 годзе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь таксама замацоўвала курс на вайсковы нэўтралітэт Беларусі. Такім чынам, фактычнае далучэньне Беларусі да вайсковага блёку з Расеяй было і застаецца парушэньнем нават дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Рада БНР, як і дэмакратычная супольнасьць Беларусі, неаднаразова зьвяртала ўвагу на небясьпечныя крокі Крамля ў дачыненьні да Беларусі, на спробы разьмяшчэньня дадатковых вайковых базаў, на ўсё больш шчыльнае ўцягваньне Беларусі ў арбіту расейскіх вайсковых інтарэсаў. Цяперашнія манэўры яшчэ больш абвастрылі гэтую праблему.

Рада БНР папярэджвае, што з улікам поўнай залежнасьці Лукашэнкі ад Масквы, адсутнасьці ў Беларусі ужо больш як два дзесяцігодзьдзя дэмакратычных  выбараў, легітымнага парлямэнту, свабоды сродкаў масавай інфармацыі; а таксама ва ўмовах татальнага панаваньня расейскай прапаганды ў інфармацыйнай прасторы Беларусі, усялякія агрэсіўныя дзеяньні Крамля да Беларусі могуць мець самыя непажаданыя наступствы для беларускай Незалежнасьці.

Рада БНР заклікае ЗША, Вялікабрытанію і Францыю, у выпадку неабходнасьці, выканаць свае абавязкі ў справе гарантыі беларускага сувэрэнітэту, дадзеныя ў адпаведнасьці з Будапэшцкім мэмарандумам узамен на вывад ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі.

Рада БНР заклікае беларускае грамадзтва і беларускіх патрыётаў у шэрагах збройных сілаў Рэспублікі Беларусь быць гатовымі да абароны незалежнасьці Беларусі ад любой вонкавай пагрозы.

РАДА БНР ВЫСТУПАЕ СУПРАЦЬ УЦЯГВАНЬНЯ БЕЛАРУСІ Ў ВАЕННЫЯ АВАНТУРЫ РАСЕІ – ЗАЯВА

Заява
XXIX чарговай сэсіі
Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Аб уцягваньні Беларусі ў зону вайсковых інтарэсаў Расеі

  Continue reading РАДА БНР ВЫСТУПАЕ СУПРАЦЬ УЦЯГВАНЬНЯ БЕЛАРУСІ Ў ВАЕННЫЯ АВАНТУРЫ РАСЕІ – ЗАЯВА

РАСЕЙСКАЯ ВАЙСКОВАЯ БАЗА БУДЗЕ ПАГРОЗАЙ ДЛЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ – ЗАЯВА РАДЫ БНР

Заява Рады Беларускай Народнай Рэспублікі аб процістаяньню плянам стварэньня расейскай вайсковай базы ў Беларусі

Continue reading РАСЕЙСКАЯ ВАЙСКОВАЯ БАЗА БУДЗЕ ПАГРОЗАЙ ДЛЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ – ЗАЯВА РАДЫ БНР

Адкрыты ліст Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы да беларускага народу з нагоды вайсковых пагадненьняў з Расеяй (2008)

Дарагія суродзічы беларусы!

Як вы ўжо, магчыма, заўважылі, зьвяртаюся да вас з адкрытымі лістамі рэдка, і толькі калі ўважаю, што жыцьцё вашае і беларуская дзяржава ў вялікай небясьпецы, Сёньня пішу вам ў сувязі з падзеямі ў Грузіі і праектам А.Лукашэнкі падпісаць новыя вайсковыя дамовы з Масквой.

У час, калі ўвесь дэмакратычны сьвет асудзіў маскоўскую агрэсію супраць Грузіі Лукашэнка паехаў сустракацца з пуцінскім паплечнікам не дзеля таго, каб выступіць у абарону пакрыўджанай сувэрэннай дзяржавы, а наадварот – каб павіншаваць злачынныя ўлады суседняй імпэрыі зь іх “прыгожай” агрэсіяй”. Дарагія суродзічы, з жалем гляджу, як некаторыя з вас, замест каб абурацца гэтай ацэнкай падзеяў у Грузіі ад вашага імя, вераць вераць крамлёўскай прапагандзе і ўважаюць яе слушнай і прымальнай.

Ды каб гэта было ўсё!

Ад вашага імя, ад імя зьнямелага беларускага народу, якому не дазволена выказваць сваіх здаровых меркаваньняў ні на гэтую, ні на ніякую іншую тэму, цесна зьвязаную зь ягонай будучыняй, кіраўнік беларускай дзяржавы абяцае маскоўскім сатрапам уваходзіць зь імі ў новыя “абаронныя” дамовы, якія ізноў уцягнуць наш народ у чужыя войны і зробяць яго першай ахвярай любога канфлікту Расеі з рэштай сьвету.

Дарагія суродзічы, не дазвольце, каб такое пагадненьне зьдзейсьнілася. Не дазвольце, каб варожыя вам людзі гандлявалі вашай радзімай і вашым жыцьцём! Вайсковае пагадненьне з Масквой – гэта новы захоп вашага найдаражэйшага скарбу, зямлі вашых продкаў, вашых дзетак, вашых унукаў.

Абавязкам кожнага з нас ёсьць бараніць гэты Богам дадзены нам край. Прашу Усемагутнага, каб данёс да вас мой голас. Каб вы пачулі і зразумелі, да якой ступені сёньняшнія падзеі пагражаюць вашай будучыні. У дачыненьні да Грузіі, Расея паказала свой сапраўдны твар. Паказала яшчэ раз, што паняцьці маральнасьці і людзкой годнасьці для яе ёсьць паняцьцямі чужымі, незразумелымі. Гэтак, як яна напала на маленькую Грузію, гэтак яна скарыстае першую нагоду – альбо прыдумае яе – каб прыслаць свае танкі ў Беларусь. Тады будзе запозна, дарагія суродзічы, бараніцца. Бараніцца трэба цяпер.

Але перад гэтым пратэстуйце ўсімі сіламі супраць заключэньня псэўда-абароннай дамовы з Расеяй, бо станецца ён нашай агульнай магілай.

Жыве Беларусь!

21 жніўня 2008 г.

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі