Мікола Абрамчык

Мікола Абрамчык, V старшыня Рады БНР.

Нарадзіўся 16 жніўня 1903 г. каля Радашкавічаў.

Навучаўся ў Радашковіцкай беларускай гімназіі. У 1918 г. быў упаўнаважаным Беларускай Народнай Рэспублікі у Вялейскім павеце.

У пачатку 1920-х гг. з мэтаю каардынацыі дзеяньняў зь менскімі незалежнікамі шмат разоў нелегальна наведваў савецкую Беларусь.

З 1923 г. працягваў адукацыю ў Празе, вучыўся там жа ў сельскагаспадарчай акадэміі, быў дзеячом Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў.

У 1930 пераехаў у Францыю, заснавальнік і кіраўнік “Хаўруса беларускай працоўнай эміграцыі” (1932), выдавец яго пэрыядычных выданьняў “Бюлетэнь” і “Рэха”.

Выканаўчы абавязкі Старшыні Рады БНР ад 1943 г.; Старшыня Рады БНР у 1947—1970 гг.

Мікола Абрамчык у Лёндане, канец 1940-х гг.

Удзельнічаў у міжнародным паваенным антыкамуністычным руху, у 1950—1960-я гг. быў прэзыдэнтам Лігі за Вызваленьне Народаў СССР (League for the Liberation of the Peoples of the USSR).

Мікола Абрамчык на сустрэчы з мэрам Чыкага, 1968 год

Быў адным з ініцыятараў адраджэньня Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў 1948 г.

Пахаваны ў Парыжы на могілках Père-Lachaise.