да 80-х угодкаў ад нараджэньня Васіля БЫкава

АД РАДЫ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ ДА 80-ГОДЗЬДЗЯ НАРОДЗІНАЎ СЬВ. ПАМ. ВАСІЛЯ БЫКАВА
ВАСІЛЬ БЫКАЎ У “ДАРОЗЕ ДАДОМУ”

Мала хто так глыбока разумеў і шырока раскрыў сутнасьць савецкага і постсавецкага рэжыму ў Беларусі, як Васіль Быкаў. У многіх сваіх мастацкіх творах ды ў выступленьнях на публічных форумах і ў публіцыстыцы Васіль Быкаў даў трапныя характырыстыкі й уніклівыя ацэнкі тым падзеям і зьявам, сьведкам або ўдзельнікам якіх ён быў сам. Сваім філязофскім розумам і патрыятычным сэрцам Васіль Быкаў спасьцігнуў народную праўду ды таленавіта і мужна выказаў яе.

Хоць Васіль Быкаў вярнуўся з выгнаньня на Бацькаўшчыну ды пахаваны ў роднай зямлі, сымбалічна ён яшчэ ў “доўгай дарозе дадому”. Ён дойдзе да Беларусі толькі тады, калі там запануе справядлівасьць, праўда ды пашана гістарычнае і культурнае спадчыны, узбагачэньню якое пісьменьнік і патрыёт прысьвяціў свой талент і сваё жыцьцё.

Нью-Ёрк, 19 чэрвеня 2004 г.

Рада БНР вітае з Днём Волі (2004)

Дарагія Суродзічы!

Ад імяРады Беларускай Народнай Рэспублікі, вітаю Вас з нашым слаўным Днём Волі – 25-м Сакавіком – Днём калі наш народ абвесьціў сьвету у 1918-м годзе, пасьля доугіх гадоў зьняволеньня, што ён жыве, што жадае мець сваю ўласную незалежную дзяржаву, што хоча заняць пачэснае месца міжіншымі народамі сьвету.

Падчас доўгіх гадоў бальшавіцкае ўлады, калі Масква і яе калябаранты ў Менску стараліся ўсякімі спосабамі сьцерці гэты Дзень з нашае памяці, ён быў для беларусаў тым «агоньчыкам», той надзеяй, яб якой наш дарагі Васіль Быкаў гаварыў на сваім апошнім сьвяткаваньні 25-га Сакавіка, год таму у Празе.

Дык адзначым гэты Дзень зь любоўю да свае Бацькаўшчыны, з гордасьцю за сваю спадчыну, за сваю гісторыю, за сваіх продкаў, якія аддана і адважна баранілі сваю зямлю ад захопнікаў, і з радасьцю – бо мы усё-ж перамаглі!

Аднак край наш яшчэ ня ёсьць такім, якім мы яго жадаем Цяжкія умовы жыцьця, непавага да людзкіх правоў і да нашай мовы і культуры, пагроза незалежнасьці нашай дзяржавы яшчэ ўсё турбуюць жыцьцё нашага народу Але-ж ёсьць у нас дзяржава! I Заходні сьвет ніколі так ня спрыяў незалежнасьці Беларусі і дэмакратычнаму ладу жыцьця ў нашай краіне – як цяпер.

I цяпер ад нас самых залежыць, ці мы выкарыстаем гэтыя спрыяльныя палітычныя ўмовы і ці зойме нашая дзяржава пачэснае месца міжіншымі народамі сьвету, ці не.

Нашым сьвятым абавязкам ёсьць ня толькі абараніць здабытае, але і адбудаваць наш край Гэта мусіць быць мэтай кожнага беларуса, пакуль наш край не станецца нармальнай эўрапэйскай дэмакратыяй, а урад наш не пачне працаваць на карысьць Беларусі, а ня штучнай – толькі яму выгаднай -ідэалёгіі.

Дык памажы нам Божа!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР

Атава, Канада, сакавік 2004.

Каляднае віншаваньне Старшыні Рады БНР

Дарагія браты й сёстры беларусы!

У гэтым часе году, фактычна адзіным часе, калі ўсе мы думаем пра будучыню і жадаем адзін аднаму зьменаў да лепшага, хачу падзяліцца з Вамі маімі найбольш глыбокімі жаданьнямі на будучыню, жаданьнямі зьменаў, якія-б далі нашаму краю і нашаму народу пачэснае месца ў сям’і вольных народаў сьвету.

Гэтага, нажаль, ня станецца, пакуль кожны з нас ня будзе ўважаць вольную і незалежную Беларусь найбольшай каштоўнасьцяй нашага народу, пакуль кожны з нас не зразумее, што безь дзяржаўнасьці народ наш ня будзе нічым іншым, як другараднай меншынёй у чужой імпэрыі.

Нам ня можа быць абыякавым, ці вольная нашая зямля, ці не. Шукаць для сябе выгадаў за кошт краю ня ёсьць годным ніводнага беларуса. Затое калі кожны з нас усьведаміць сабе, што наш найбольшы скарб – гэта свая ўласная вольная і незалежная дзяржава, дык, мяркую, што ўсе мы задумаемся, што кожны з нас можа зрабіць для дабра і дабрабыту гэтай дзяржавы, што ён ці яна можа зрабіць, каб стварыць у Беларусі ўмовы жыцьця ня горшыя, як у найбольш заможных краінах нашага эўрапейскага кантынэнту.

Мы ёсьць народ здольны, працавіты, ініцыятыўны. Я часта падзіўляю нашую новую хвалю эмігрантаў, як яны ўмеюць даць сабе рады ў краінах, дзе іх рукі не зьвязаныя страхам ды нялюдзкімі дэкрэтамі зьверху. Дык жадаю вам сёньня, мае дарагія суродзічы, волі й сілы вызваліцца ад страху ды абараніць сваю незалежную сувэрэнную дзяржаву, найбольшую каштоўнасьць кожнага народу, ды ўжо ў гэтым новым 2004-м годзе пачаць разам адбудоўваць нашу дарагую Бацькаўшчыну – Беларусь!

Івонка СУРВІЛЛА
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Газэта “Беларус”, #492 Сьнежань 2003 г.

XXIV Сэсія Рады БНР

У амэрыканскім горадзе Нью-Брансўіку, штат Нью-Джэрзі, адбылася 25-га кастрычніка 2003-га году 24-я сэсія Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Сэсія заслухала справаздачы Старшыні Рады Івонкі Сурвіллы, сяброў Прэзыдыюму ды старшыняў сэктараў. Былі абмеркаваныя арганізацыйныя пытаньні. Сэсія зацьвердзіла прыняцьце пяцёх новых сяброў Рады. Шмат увагі было аддадзена абмеркаваньню палажэньня ў Беларусі, а таксама інфармацыйнай і палітычнай дзейнасьці сяброў Рады ў заходніх дзяржавах.

На становішча Старшыні Рады на наступны шасьцігадовых перыяд была абраная ізноў сп-ня Івонка Сурвілла. Сэсія абрала Прэзыдыюм Рады амаль у ранейшым складзе. У прынятым звароце да суродзічаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы пакладзены акцэнт на захаваньні дзяржаўнай незалежнасьці, свабодзе эканамічнай дзейнасьці й цэнтральнай ролі нацыянальнае культуры ў дзяржаўным будаўніцтве.

Газэта “Беларус”, #490 Лістапад 2003 г.

Працягнуць чытаць XXIV Сэсія Рады БНР

Зварот XXIV Сэсіі Рады БНР да суродзічаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы

ЗВАРОТ

Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
да суродзічаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы,
прыняты на 24-й Сэсіі Рады БНР 25 кастрычніка 2003 году

Працягнуць чытаць Зварот XXIV Сэсіі Рады БНР да суродзічаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы

Наступ на ТБМ – гэта працяг палітыкі прымусовай русыфікацыі й зьнішчэньня асяродкаў беларускасьці – ЗАява Рады БНР, 2003 г.

Заява Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Аб сытуацыі вакол Таварыства Беларускай Мовы імя Скарыны

Менскія ўлады пазбаўляюць памяшканьня Таварыства Беларускай Мовы (ТБМ). У выніку, паводле цяперашняга заканадаўства, ТБМ апынаецца пад пагрозаю юрыдычнай ліквідацыі.

Наступ на ТБМ – гэта працяг палітыкі прымусовай русыфікацыі й зьнішчэньня асяродкаў беларускасьці, якую Лукашэнка распачаў адразу пасьля прыходу да ўлады дзесяць гадоў таму. У выніку зачыненыя беларускія школы, беларуская мова выведзеная з ВНУ, дзяржаўныя электронныя СМІ пераведзеныя на расейскую мову, сярод апошніх акцыяў – ліквідацыя Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа.

Цынічнаю праяваю антынацыянальнай палітыкі ўладаў быў адмоўны адказ на прапанову Віцебскай абласной і некаторых іншых суполак ТБМ захадаў у справе ўшанаваньня памяці Васіля Быкава – вялікага беларускага пісьменьніка, чыё імя для ўсяго сьвету зрабілася прыкладам духоўнай сілы беларускага народу. Адначасна, вуліцы беларускіх гарадоў, установы й прадпрыемствы носяць імёны асобаў, якія вызначыліся асаблівай жорсткасьцю ў падаўленьні беларускага нацыянальнага руху ды арганізацыі бальшавіцкага тэрору.

Пагроза, якая цяпер паўстала перад Таварыствам Беларускай Мовы, павінна быць ў цэнтры грамадзкай ўвагі. Народ, пазбаўлены мовы, робіцца нямым. Гэта цудоўна разумеюць Крэмль і Лукашэнка. Гэта павінны разумець і тыя палітычныя лідары ў Беларусі, якія дэкляруюць прыхільнасьць прынцыпам дэмакратыі й рынку. Безь беларускай мовы немагчымае нацыянальнае Адраджэньне, а без Адраджэньня ніякія рынкавыя рэформы не прынясуць дабрабыту беларускаму народу.

Рада БНР лічыць сваім абавязкам зьвярнуць увагу ўрадаў краінаў Захаду і міжнародных арганізацыяў на сытуацыю, якая склалася вакол ТБМ. Рада БНР заклікае усе партыі й арганізацыі ў Беларусі, якія стаяць на пазыцыях Незалежнасьці, падтрымаць ТБМ у ягоным змаганьні за адраджэньне беларускай мовы.

Люты 2003 г.

Adkryty list da biełaruskaha narodu (Luty, 2003 hod)

Darahija maje Braty j Siostry Biełarusy, 25-ha Sakavika 1918-ha hodu, Rada Biełaruskaj Narodnaj Respubliki abvieściła Biełaruś niezaležnaj, demakratyčnaj dziaržavaju. Narod naš ŭžo tady razumieŭ, što tolki volnym ad čužoj akupacyji jon moža asiahnuć metu kožnaha narodu – być haspadarom u svaim domie.

Kab my tady mieli mahčymaść abaranić našuju novazdabytuju niezaležnaść, to naš kraj zajmaŭ by ciapier pačesnaje miejsca pamiž inšymi volnymi narodami śvietu. My žyli b pa-ludzku, nie bajučysia havaryć toje, što dumajem, dy hałasavać za tych kandydataŭ, jakija hatovyja najbolš zrabić dziela našaha dabra dy dziela dabra našaje Baćkaŭščyny. Našaju metaju nia było b uciačy za miažu ŭ pošukach voli dy kavałku chleba, a adbudavać naš kraj, tak jak heta robiać našyja susiedzi. Naš narod pracavity, talenavity, razumny. Niama toj mety, jakoj my nie mahli b asiahnuć.

Ale ž vyšla jano jinakš. Nas akupavała najbolš źvierskaja ŭ historyi čałaviectva imperyja. Dziakujučy “braterskaj Rasieji”, za 20-taje stahodzdzie Biełaruś straciła bolš za pałovu svajho nasielnictva. Nas vyvozili, rasstrelvali, katavali. Brali nam našuju majomaść, našuju pamiać, našuju movu. A my hladzieli na ŭsio heta j čakali, što niešta źmienicca biaz našaha ŭdziełu.

Byli časy, kali heta było zrazumieła. Narod namahaŭsia nejak vyžyć.

Ciaper ža, śviet nas nie razumieje. Nie razumieje narodu, jaki niachoča viedać dzie praŭda, a dzie prapahanda, dzie spraviadlivaść dy ludzkaja hodnaść, a dzie niavola dy gienacyd.

Śviet nie razumieje jak naš narod moh dvojčy dapuścić da ŭłady Łukašenku, jak jon moža dazvalać amonaŭcam ździekvacca nad žančynami, jak jon moža pahadžacca z paŭtornymi falsyfikacyjami vybaraŭ. Nie razumieje čamu naš narod nia vyjšaŭ sotniami tysiačaŭ, kab baranić svaju nezaležnaść kali Putin zajaviŭ, što jon choča zrabić z nas rasiejskuju guberniju.

Kolki času jašče roznyja prajdziśviety buduć nad nami ździekvacca, traktavać nas jak reč, jakoju možna handlavać u imia čužych intaresaŭ.

Rasiejski faktar hraje biezumoŭna vialikuju rolu. Maskva nijak nia moža pahadzicca z tym, što na jejnaje darozie ŭ Kalininhrad dy ŭ Eŭropu znachodzicca niezaležnaja dziaržava, ź jakoju treba ličycca. Usio budzie rabić, kab nas niejak iznoŭ uklučyć u svaju imperyju.

Ale Maskva ničoha nia zmoža zrabić suprać nas, kali my hetaha nie dapuścim. Čas pračnucca, čas abvieścić śvietu, što my chočam być volnymi dy niezaležnymi, što my bolš nie dazvolim anikomu nas pradavać! Kali my hetaha ciapier nia zrobim, kali dazvolim Maskvie nas “intehravać”, tady nazaŭždy zahiniem jak nacyja, jak narod.

Pieršym krokam našaha adkazu Putinu mohuć stacca šeści, jakija adbuducca ŭ Miensku a ŭ inšych haradoch Biełarusi z nahody našaha sapraŭdnaha nacyjanalnaha śviata, Dnia Voli. U hety dzień uvieś biełaruski narod musić skazać śvietu, što jahonaja vola, jahonaja niezaležnaść, jahonaja majomaść, jahonyja hrošy, jahonaja terytoryja nie padlahajuć nijakamu šantažu, nijakamu handlu. Tolki ŭ svajoj ułasnaj, niezaležnaj krajinie, my abaronim tyja čałaviečyja pravy, jakimi karystajecca ŭvieś cyvilizavany śviet. Tolki kali budziem haspadarami jaje, budziem žyć tak jak žyvuć ludzi ŭva ŭsich naramalnych krajinach śvietu. Ale heta nia staniecca biaz nas, biaz našaha ŭdziełu! Pryhadajma jašče raz słovy našaha praroka Janki Kupały:

Paŭstań narod!
Dla budučyni ščaście
Ty stroj, kab
put nia strojiŭ bolš susied,
Nia dajsia ŭ hety
hrozny čas prapaści –
Prapaščych nie
paciešyć ščaściem śviet.

Žyvie Biełaruś!

Ivonka Survilla
Staršynia Rady Biełaruskaj Narodnaj Respubliki

АДКРЫТЫ ЛІСТ ДА БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ (люты 2003 г.)

Дарагія мае Браты і Сёстры Беларусы,

25-га Сакавіка 1918-га году Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвесьціла Беларусь незалежнай, дэмакратычнай дзяржаваю. Народ наш ўжо тады разумеў, што толькі вольным ад чужой акупацыі ён можа асягнуць мэту кожнага народу – быць гаспадаром у сваім доме.

Каб мы тады мелі магчымасьць абараніць нашую новаздабытую незалежнасьць, то наш край займаў бы цяпер пачэснае мейсца паміж іншымі вольнымі народамі сьвету. Мы жылі б па-людзку, не баючыся гаварыць тое, што думаем, ды галасаваць за тых кандыдатаў, якія гатовыя найбольш зрабіць дзеля нашага дабра і дзеля дабра нашае Бацькаўшчыны. Нашаю мэтаю не было б уцячы за мяжу ў пошуках волі ды кавалка хлеба, але адбудаваць наш край, так як гэта робяць нашыя суседзі. Наш народ працавіты, таленавіты, разумны. Няма той мэты, якой мы не маглі-б асягнуць.

Але выйшла яно інакш. Нас акупавала найбольш зьверская ў гісторыі чалавецтва імпэрыя. Дзякуючы «братэрскай Расеі», у 20-тым стагодзьдзі Беларусь страціла больш за палову свайго насельніцтва. Нас вывозілі, расстрэльвалі, катавалі. Адбіралі ад нас нашую маемасьць, нашую памяць, нашую мову. А мы глядзелі на ўсё гэта й чакалі, што нешта зьменіцца бяз нашага ўдзелу.

Былі часы, калі гэта было зразумела. Народ намагаўся неяк выжыць.

Цяпер-жа, сьвет нас не разумее. Не разумее народу, які ня хоча ведаць дзе праўда, а дзе прапаганда, дзе справядлівасьць ды людзкая годнасьць, а дзе няволя ды генацыд. Сьвет не разумее як наш народ мог двойчы дапусьціць да ўлады Лукашэнку, як ён можа дазваляць амонаўцам зьдзекавацца над жанчынамі, як ён можа гадзіцца з паўторнымі фальсыфікацыямі выбараў. Не разумее чаму наш народ ня вышаў сотнямі тысячаў, каб бараніць сваю незалежнасьць калі Пуцін заявіў, што ён хоча зрабіць з нас расейскую губерню.

Колькі часу яшчэ розныя прайдзісьветы будуць над намі зьдзекавацца, трактаваць нас як тавар, якім можна гандляваць у імя чужых інтарэсаў?

Расейскі фактар адыйгрывае безумоўна вялікую ролю. Масква ніяк ня можа пагадзіцца з тым, што на яе дарозе ў Калінінград ды ў Эўропу знаходзіцца незалежная дзяржава, зь якою трэба лічыцца. Усё будзе рабіць, каб нас неяк зноў уключыць у сваю імпэрыю.

Але Масква нічога ня зможа зрабіць супраць нас, калі мы гэтага не дапусьцім. Час прачнуцца! Час абвесьціць сьвету, што мы хочам быць вольнымі і незалежнымі, што мы больш не дазволім нікому нас прадаваць! Калі мы гэтага цяпер ня зробім, калі дазволім Маскве нас «інтэграваць», тады назаўсёды загінем як нацыя, як народ.

Першым крокам нашага адказу Пуціну могуць стацца шэсьці, якія адбудуцца ў Менску і ў іншых гарадох Беларусі з нагоды нашага сапраўднага нацаыянальнага сьвята, 25-га Сакавіка. У гэты дзень увесь беларускі народ мусіць сказаць сьвету, што ягоная воля, ягоная незалежнасьць, ягоная маемасьць, ягоныя грошы, ягоная тэрыторыя не падлягаюць ніякаму шантажу, ніякаму гандлю.

Толькі у сваёй уласнай, незалежнай краіне, мы абаронім тыя чалавечыя правы, якімі карыстаецца ўвесь цывілізаваны сьвет. Толькі калі будзем гаспадарамі яе будзем жыць так як жывуць людзі ўва ўсіх нарамальных краінах сьвету. Але гэта ня станецца бяз нас, бяз нашага ўдзелу! Прыгадайма яшчэ раз словы нашага прарока Янкі Купалы:

Паўстань народ! Для будучыні шчасьце
Ты строй, каб пут ня строіў больш сусед,
Ня дайся ў гэты грозны час прапасьці –
Прапашчых не пацешыць шчасьцем сьвет.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Люты, 2003 год

Vystupleńnie Staršyni Rady BNR na III-aj Kanferencyji Biełarusaŭ Bałtyji

Vysoka Pavažanyja Hości, Delehaty, Arhanizatary,
Darahija Surodzičy

Maju honar vitać Vas ad imia Rady Biełaruskaj Narodnaj Respubliki na hetaj Treciaj Kanferencyi Biełarusaŭ Bałtyji. Žadaju Vam sapraŭdy plonnaj pracy.

Працягнуць чытаць Vystupleńnie Staršyni Rady BNR na III-aj Kanferencyji Biełarusaŭ Bałtyji

Слова Старшыні Рады БНР на памінальнай бяседзе пасьля паховінаў Мітрапаліта Першаерарха БАПЦ Уладыкі Мікалая

Высока Дастойны Уладыка, Дастойныя Айцы,
Дарагія Сябры ў Смутку,

Пару гадзін таму мы разьвіталіся з Уладыкам Мікалаем і правялі яго на ягоным апошнім зямным шляху.

Сабраліся мы цяпер, каб аддаць чэсьць выдатнаму чалавеку, які ў чацьвер 20 червеня 2002-га году скончыў сваю працу на гэтай зямлі і адыйшоў у вечнасьць.

Уладыка Мікалай увасабляў найбольш цэнныя якасьці нашага народу. Быў ён справядлівым і працавітым, лагодным і ветлівым. І бесканечна любіў сваю (і нашу) Бацькаўшчыну.

Бог яму даў таксама вялікую веру ў Бога і ў людзей.

Жыцьцёвы шлях які ён сабе выбраў, быў цяжкім у эмігранцкіх умовах. Вялізарная праца, вялізарнае пачуцьцё адказнасьці, і адначасна матэрыяльна вельмі цяжкое жыцьцё, самота.

Паколькі мне ведама, не наракаў Уладыка Мікалай на свой лёс. Да самага канца свайго жыцьця выконваў абавязкі. Верыў у людзкую дабрыню. Дараваў нават тым, хто яго асабіста моцна пакрыўдзілі.

Бараніў аўтакефалію, бо ведаў, што вера ў Беларусі мусіць быць беларускай. Жыў надзеяй, што прыйдзе час, калі Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква вызваліць наш народ ад маскоўскіх экзархіяў, роля якіх нам усім добра ведамая ў дачыненьні да нашага народу.

Моцна перажываў Уладыка Мікалай раскол у Царкве. Колькі разоў казаў, што зь яго боку, няма перашкодаў да згоды зь Ізяславам. Нам трэба памятаць ягоныя малітвы за еднасьць — еднасьць у Царкве й еднасьць у народзе.

У гэтыя цяжкія часы для нашай дзяржавы, хацелася б каб мы памяталі Уладыку Мікалая якраз за ягоную любоў да кожнага з нас. Будзьма зьяднаныя ў змаганьні за лепшую долю нашага народу, бо разам мы ўсё асягнем. Спрэчкі, недавер, нязгода між намі йдуць толькі на карысьць нашых ворагаў.

Хай дабрыня, лагоднасьць, усьмешка нашага дарагога Уладыкі Мікалая, а таксама ягоная любоў да Бацькаўшчыны, заўсёды жывуць у нашых сэрцах.

Вечная яму памяць!
Вечны супакой!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР

Дадзенае 25-га чэрвеня 2002 году ў залі царквы БАПЦ у Хайлянд Парку, Н.Дж., ЗША.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Афіцыйны сайт