New York Times пра барацьбу за незалежнасьць Беларусі ў 1920 г.

Адна з галоўных газэтаў ЗША The New York Times у 1920 годзе апублікавала некалькі матар’ялаў пра паход арміі Станіслава Булака-Балаховіча. Яны не былі свабоднымі ад памылак, але сьведчылі пра ўвагу і інтарэс заходняй грамадзкасьці да пытаньня незалежнасьці Беларусі.

Беларуская дзяржава – наступная?

Паводле інфармацыі, Балаховіч імкнецца стварыць яе з сталіцай у Менску.

ВАРШАВА, 14 кастрычніка. – Паводле чутак, генэрал Балаховіч імкнецца стварыць беларускую дзяржаву з сталіцай у Менску.

***

Плян Балаховіча – паход на Маскву

Адважны беларускі кіраўнік можа скарыстацца адсутнасьцю Чырвонай арміі на поўдні.

ПАРЫЖ, 3 лістапада. – Генэрал Балаховіч, паводле інфармацыі, мае ўдарыць па Смаленску і Маскве. Навіна дайшла да Парыжу ў адзін дзень з абвяшчэньнем пра разгром генэрала Врангеля, які цяпер немагчыма схаваць ад францускай публікі.

(…)

Па нацыянальнасьці гэты генэрал беларус, і апэруючы ў беларускіх землях вакол Менску, Бабруйску і Магілёву, ён упэўнены ў спачуваньні і падтрымцы насельніцтва. Беларусы – этнічна не славяне, але арыйскі народ, блізкі да латышоў і літоўцаў, і за мінулы год іхныя лідары спрабавалі стварыць незалежную дзяржаву пад абаронай хаўрусьнікаў, падобна як і краіны Балтыі.

(…)

Калі бальшавікі былі пад сьцянамі Варшавы, ён сыйшоў у лясы Беларусі і дзякуючы інфармацыі ад спачуваючых мясцовых жыхароў змог пазьбегнуць палону. Калі сытуацыя перамянілася, ён заключыў хаўрус з палякамі ў раёне Менску, пераўзброіў і папоўніў сваё войска. Ягоныя сілы вырасьлі да прыкладна 20 ці 25 тысячаў чалавек, і калі палякі заключылі перамір’е з чырвонымі, ён, як паведамлялася, захапіў Менск і зьбіраўся стварыць беларускі ўрад.

(…)