“Яскравы беларускі нацыянальны характар”: да 90-годдзя д-ра Марыі Дзямковіч

Марыя Дзямковіч

Піша Вячаслаў Бортнік

Праца на пасадзе Сакратара Рады БНР дала мне магчымасьць пазнаёміцца з многімі беларусамі замежжа: з кімсьці падчас асабістых сустрэчаў, зь іншымі ў працэсе ліставаньня ці размоваў па тэлефоне. Цікавая перапіска завязалася з доктаркай Марыяй Дзямковіч (Maria Demkowicz). Патрошку ў лістах яна распавяла мне гісторыю свайго жыцьця й дзейнасьці на карысьць роднай Беларусі.

Новае пакаленьне амэрыканскіх беларусаў амаль што нічога ня ведае пра тое, што рабілася 20-30, ня кажучы 70, гадоў таму. Нажаль, пераемнасьць пакаленьняў сёньня рэдкая зьява. Таму асабістыя гісторыі людзей як Марыя Дзямковіч маюць надзвычайную важнасьць для ўсіх нас. і прыпамінаць іх трэба ня толькі падчас юбілеяў. Дарэчы, 15 лютага спадарыня Дзямковіч сьвяткуе 90-годдзе.

Марыя пакінула родную вёску Моталь на Палесьсі маленькай дзяўчынкай, але любоў да Беларусі пранесла праз усё жыцьцё…

Дзядуля Марыі Пётра быў расстраляны партызанамі ў 1943 годзе. І ня толькі ён, але амаль уся сям’я. Гэта былі моцныя беларусы, якія цьвёрда стаялі на сваёй зямлі, умелі добра яе апрацоўваць, займаліся пчалярствам, мелі млын. Былі вясёлыя, прывязаныя да зямлі гаспадары…

Яе любімая 13-гадовая сяброўка Наста й брат Коля (якому споўнілася ўсяго 10 гадоў!) былі расстраляныя разам з бацькамі. “Віна” іхная складалася з таго, што дзядуля трохі ведаў нямецкую мову, і аднойчы немцы прымусілі яго нешта перакладаць. Марыі тады было 13 гадоў. Затым – выгнаньне з свайго дома, дзе жылі продкі, спроба ўладаў выкрэсьліць з народнай памяці тых, хто нешта ўмеў, нешта ведаў і меў мужнасьць супрацьстаяць гвалту.

Перада мною ліст з малай радзімы, дасланы спадарыні Марыі ў 1989-м годзе:

“Больш пяцідзесяці год мінула з тае пары, калі лёс разлучыў нас, маленькіх сябровак зь вёскі Моталь. Так здарылася, што Марыя Дзямковіч апынулся ў далёкай Амэрыцы, дзе жыве з сям’ёй і ў цяперашні час, але не забыла за столькі год жанчына сваіх аднавяскоўцаў.

Ведаючы, што на радзіме настаў не вельмі лёгкі час, яна прыехала да нас з дапамогай. Прывезла ў родную вёску Моталь шмат мэдыкамэнтаў, акуляраў, многа чаго іншага. Усё гэта яна падаравала Мотальскай участковай бальніцы, а таксама людзям, якія прыходзілі да яе па дапамогу. Ніводнага чалавека не пакінула жанчына без увагі, для кожнага знайшлося ў яе й цёплае слова падтрымкі, й карысная парада. Асабліва ўразілі нас яе цярплівасьць, ветлівасьць, працавітасьць”.

На пачатак 1992 года д-р Дзямковіч пераслала ў Беларусь мэдыкамэнтаў больш чым на 100 тысячаў даляраў.

А вось яшчэ адзін ліст падзякі зь вёскі Закальле, надрукаваны ў газэце “Чырвоная Зьвязда” 23 верасьня 1997 года:

“Спн. Дзямковіч увесь час аказвае матар’яльную дапамогу сваім землякам ня толькі з роднай вёскі, але й суседніх. …акрамя таго, што Марыя прывозіла асабіста, на адрас яе землякоў паступіла 13 пасылак зь лекамі, медыцынскімі прыладамі, абсталяваньнем. Прыйшла такая пасылка і ў маю вёску. Яе перадалі ў маю сям’ю, бо ў нас сямёра дзяцей, ёсьць немалыя матар’яльныя праблемы. Дзякуй за гэта!”

У красавіку 1993 года менская газэта “Набат” зьмясьціла артыкул пра наведваньне Беларусі амэрыканскай дэлегацыяй мэдыкаў на чале з прафесарам Пітсбургскага ўніверсытэту Томасам Фолі. Прафэсара Фолі зацікавіла чарнобыльскай праблемай менавіта Марыя Дзямковіч. Прафесар Фолі ўжо трэці раз быў у Беларусі. Дзякуючы ягоным захадам і пры актыўнай дапамозе доктара Дзямковіч, а таксама беларускае грамады ЗША, яму ўдалося атрымаць грант на 240 тысячаў даляраў дзеля супрацоўніцтва паміж амэрыканскімі й беларускімі лекарамі, што спэцыялізуюцца ў мэдычнай радыялёгіі.

Марыя Дзямковіч заваявала славу ў США як цудоўны доктар і грамадзкая дзяячка. Пра гэта гавораць найперш такія факты, што яна заўважана кіраўніцтвам ЗША. Была на сустрэчах з прэзыдэнтамі Бушам (старэйшым) і Клінтанам, а таксама сябруе з адной з самых слынных ва ўсім сьвеце нашых зямлячак, шматразовай алімпійскай чэмпіёнкай Вольгай Корбут.

Аднойчы, выступаючы на Кангрэсе Рэспубліканскай партыі ў Вашынгтоне, д-р Дзямковіч заявіла:

“…пытаньне, якое тычыцца маладых незалежных дзяржаваў новай Садружнасьці. Мы ня бачым занадта шмат энтузіязму з боку прэзыдэнта (Буша – В. Б.) ў аказаньні дапамогі новым незалежным рэспублікам былога СССР.

Прэзыдэнт Буш паказаў вялікую сілу падчас “халоднай вайны”, падчас зьменаў у былым Савецкім Саюзе. Ён не прызнаў “путч”. Амэрыканскія беларусы хацелі б бачыць больш увагі й матар’яльнай падтрымкі новай дэмакратыі, правядзеньні эканамічных рэформаў. Калі гэтага не зрабіць, то ізноў прыйдзе дыктатура й “халодная вайна”. А мы гэтага ня можам сабе дазволіць”.

Якія прарочыя словы!

У архіве спн. Дзямковіч шматлікія лісты падзякі ад амбасадараў й міністра замежных справаў Беларусі, Генэральнага сакратара ААН Бутраса Бутраса-Галі. Яна атрымала ўзнагароду Міністэрства аховы здароўя Польшчы і ейнае імя ўключана ў шматлікія біяграфічныя даведнікі ЗША. Спн. Дзямковіч многія гады падтрымлівала газэту “Беларус”, а таксама шматлікія дабрачынныя арганізацыі ў ЗША.

Марыі Барысаўне прысьвячалі вершы паэты. Некалькі вершаў напісаў Язэп Васілеўскі, праўда па-расейску. А яшчэ гісторыя ейнае сям’і лягла ў аснову манумэнтальнае трылёгіі Васіля Якавенкі пра лёс Беларусі ў 20-м стагоддзі “Пакутны век”. Вось, што піша пра яе ў гэтым кантэксьце філёляг Аляксей Рагуля:

“Тут мне ўяўляецца ўся сям’я Рамановічаў (дзявочае прозьвішча Марыі – В. Б.). Лёс іх моцна пакалечыў, пакруціў, яны праз вялікія “жорны” прайшлі, а ўцалела, па сутнасьці – хто? – можна сказаць, адна Марыя Раманавічанка. І мы бачым, засталася яна зусім неардынарнай асобай, вялікай жанчынай, чалавекам вялікага сэрца, з думкай пра сваіх блізкіх, пра родных, пра Бацькаўшчыну, пра яе будучыню. Нават ня думкай – у яе ж падсьвядомае адчуваньне свайго абавязку й сваёй нутранай патрэбы быць заўсёды зь людзьмі. Гэта яскравы беларускі нацыянальны характар”.

Лепей я не скажу. З днём народзінаў й моцнага здароўя на доўгія гады, спн. Марыя!

Вячаслаў Бортнік
Сакратар Рады БНР у 2016-2019 гг.

You may also like...