Юрка Моніч

23 траўня 1924 у баю з бальшавікамі загінуў Юрка Моніч – партызан, адзін з правадыроў збройнай барацьбы за незалежнасьць Беларусі ў 1919-1924 гг.

Юрка Моніч нарадзіўся у 1890 годзе ў сялянскай сям’і. Адвучыўся на настаўніка, настаўнічаў. Удзельнічаў у Першай Сусьветнай вайне, за асабістую мужнасьць атрымаў Георгіеўскі крыж. Дэмабілізаваны ў рангу падпаручніка.

Кіраваў антыбальшавіцкім рухам у цэнтральных раёнах Беларусі з 1919 да 1924 году, быў кіраўніком штабу І партызанскага беларускага аддзелу войскаў БНР.

У часе Слуцкага збройнага чыну быў блізкім паплечнікам Лукаша Семенюка, служыў у яго аддзеле. Па сьмерці Л. Семянюка аддзел пад камандаваньнем Моніча пачаў дзейнічаць аўтаномна. Апэраваў пад выглядам атраду аршанскае міліцыі ў раёне Барысаўскага, Лепельскага і Аршанскага паветаў. Займаўся вяртаньнем сялянам забранага ў іх праз харчразьвёрстку харчу, зьдзяйсьняў напады на чыгуначныя станцыі, цягнікі, заводы, валвыканкамы, забойствы камуністаў і савецкіх працаўнікоў. Атрад сыходзіў ад перасьледаў бяз стратаў, на зімоўку пераходзячы ў Польшчу.

10 кастрычніка 1923 году атрад монічаўцаў прыкладна за 2 кілямэтры ад станцыі Слаўнае (на перагоне Крупкі — Бобр) спыніў цягнік «Бэрлін — Масква», у якім ехалі ангельскія, францускія ды італьянскія дыпляматы, а таксама савецкія чыноўнікі. Замежнікі былі абрабаваныя, а камуністам на загад Моніча далі ў прысутнасьці дыпляматаў па сорак шомпалаў. Сваю частку здабычы Моніч аддаў на карысьць «Зялёнага дубу».

Гісторыя з рабаваньнем міжнароднага цягніка выклікала гістэрыку ў Маскве, адкуль быў кінуты спэцаддзел ГПУ для зьнішчэньня Моніча і ягоных паплечнікаў. Да канца году большасьць паплечнікаў Моніча была арыштаваная, агулам да крымінальнай адказнасьці прыцягнута 75 чалавек, 22 зь якіх у лютым 1924 былі прыгавораныя да найвышэйшай меры пакараньня. Сярод іх была й грамадзянская жонка Моніча Соф’я Рыбак (сапр. Хяўроньня Наўроцкая).

23 траўня 1924 году Моніч загінуў падчас бою з савецкімі карніцкімі атрадамі. Ягонае зьнявечанае цела доўга вазілі па навакольных вёсках, каб застрашыць магчымых прыхільнікаў і пасьлядоўнікаў. Пазьней яго перавезьлі ў Барысаў для апазнаньня ягоным таварышам па барацьбе, што ўтрымліваліся ў Доме папярэдняга расьсьледаваньня.

Месца пахаваньня невядомае. Паводле аднае з вэрсіяў, мог быць пахаваны на Барысаўскіх батарэях разам зь іншымі расстралянымі сябрамі свайго атраду.

Фільм ОНТ пра Юрку Моніча (на расейскай мове):

You may also like...