Францішак Аляхновіч

9 сакавіка 1883 у Вільні нарадзіўся Францішак Аляхновіч – загадчык рэпэртуару Беларускага Дзяржаўнага Тэатру ў часы БНР, беларускі драматург, тэатральны дзеяч, журналіст, вязень ГУЛАГ.

Нарадзіўся ў сям’і музыканта. Вучыўся ў віленскай гімназіі, хіміка-тэхнічнай школе, Драматычнай школе (Кракаў), школе Музычнага таварыства (Варшава).

З 1904 г. ездзіў па Польшчы з вандроўнай тэатральнай трупай. У 1908 г. вярнуўся ў Вільню, працаваў рэпартэрам у польскіх газэтах. Выдаваў гумарыстычны часопіс «Пэркунас». За публікацыю антыцарскага артыкулу быў прыцягнуты да адказнасці, але ўцёк у Галіцыю, дзе граў у розных тэатрах.

У 1913 г., пасьля амністыі з нагоды 300-годзьдзя дома Раманавых, вярнуўся ў Вільню. Але за антырэлігійны выпад у тым жа артыкуле быў прыгавораны да года турэмнага зьняволеньня. Выйшаўшы на волю, працаваў мулярам, пажарным, настаўнікам, наладжваў тэатральныя прадстаўленьні.

У 1918 г. прабраўся празь лінію фронту ў Менск.

3 ліпеня 1918 пастановай Народнага Сакратарыята БНР прызначаны загадчыкам рэпэртуару Беларускага Дзяржаўнага Тэатру. У 1919-1920 гг. працуе дырэктарам і галоўным рэжысэрам менскага «Беларускага тэатра».

З 1920 г. жыў зноў у Вільні, у 1921-1923 гг. рэдагаваў газэту «Беларускі звон».

У 1926 г. нелегальна перайшоў у БССР і хутка быў арыштаваны і сасланы на 10 год на Салавецкія астравы. У 1933 г. быў абменены ўладамі на заходнебеларускага палітвязьня Браніслава Тарашкевіча. Вярнуўся ў Вільню, выступаў у польскай газеце «Слова» з артыкуламі аб беларускім тэатры і драматургіі.

У час другой нямецкай акупацыі рэдагаваў тыднёвік «Беларускі голас» (1942-1944).

3 сакавіка 1944 г. забіты невядомымі на кватэры ў Вільні.

Выдадзеная Аляхновічам у 1937 г. кніга «У капцюрох ГПУ» была першымі маштабовымі непасярэднымі сьведчаньнямі пра ГУЛАГ. Кніга была перакладзеная на многія мовы.

Глядзі таксама:

У капцюрох ГПУ

You may also like...