Пачатак дэпартацыі “раскулачаных” сялянаў з Усходняй Беларусі – 03.03.1930

3 сакавіка 1930 года савецкія акупацыйныя ўлады пачалі апэрацыю па масавай дэпартацыі ў Сыбір “раскулачаных” сялянскіх сем’яў з Усходняй Беларусі, якая ў форме БССР была тады часткай Савецкага Саюзу.

“Раскулачаньне” было часткай савецкай сельскагаспадарчай палітыкі, скіраванай на ліквідацыю прыватнага гаспадараньня, усталяваньне татальнага дзяржаўнага кантролю над сельскай гаспадаркай і сялянамі.

Працэс “раскулачаньня” палягаў у поўнай канфіскацыі маёмасьці ў адносна заможных сялянаў. Ён суправаждаўся арыштамі, дэпартацыямі, пазбаўленьнем грамадзянскіх правоў, часам – забойствамі. “Раскулачвалі” ня толькі ўладальнікаў буйных гаспадарак, але часам і “сераднякоў”, якія не жадалі ўступаць у прымусова створаныя савецкія калектыўныя гаспадаркі (калгасы).

“Раскулачаньне” праводзілася згодна са строга сакрэтнай пастановай палітбюро ЦК ВКП(б) “Аб мерапрыемствах па ліквідацыі кулацкіх гаспадарак у раёнах суцэльнай калектывізацыі” (“О мероприятиях по ликвидации кулацких хозяйств в районах сплошной коллективизации”), якая была прынятая 30 студзеня 1930 г. Паводле пастановы вызначаліся тры катэгорыі “кулакоў”:

  1. Аднесеныя да першай катэгорыі – “контррэвалюцыйнага кулацкага актыву” – мусілі быць неадкладна зьняволеныя ў канцэнтрацыйныя лягеры.
  2. “Астатнія элемэнты кулацкага актыву”, вызначаныя ў другую катэгорыю, падлягалі дэпартацыі ў аддаленыя мясцовасьці СССР.
  3. Да трэцяй катэгорыі згодна з гэтай пастановай належалі ўсе астатнія заможныя сяляне, якія расьсяляліся на новых, адведзеных ім за межамі ўтвораных калектыўных гаспадарак, землях.

У выніку, паводле справаздачы ОГПУ  “Аб высланых кулаках 2-й катэгорыі” (“О высланных кулаках 2-й категории”) ад 9 лютага 1931 г., падчас апэрацыі па высяленьню кулацтва другой катэгорыі і “адзіночак” з БССР у 1930 годзе было прымусова адпраўлена ў аддаленыя паўночныя раёны СССР 11 079 сем’яў або 52 941 чалавек.

Савецкая ўлада праводзіла палітыку рэпрэсіяў супраць беларускага сялянства на працягу ўсіх 30-х гадоў. Пасьля пачатку Другой Сусьветнай Вайны і сумеснага савецка-нацыстоўскага нападу на Польшчу “раскулачваньне” і “калектывізацыя” адбыліся і ў Заходняй Беларусі, далучанай да БССР.

Усяго пад час “калектывізацыі” ў Беларусі было “раскулачана” больш за 24 тысячы сялянскіх гаспадарак.