Архівы катэгорыі: Звароты Старшыні Рады БНР

Зварот з нагоды асьвячэньня беларускай царквы ў Лёндане

Старшыня Рады БНР зьвярнулася да беларусаў Вялікай Брытаніі з нагоды асьвячэньня ў Лёндане беларускай Царквы ў гонар сьвятаначальніка Кірылы, біскупа Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў Беларускага народу.

“Новы беларускі храм будзе важным сымбалям беларускай культурнай прысутнасьці ў адным з найбольш важных гарадоў сьвету і месцам, дзе беларусы змогуць надалей маліцца Богу на мове сваіх продкаў. Cёньня вялікае сьвята для ўсіх беларусаў незалежна ад веравызнаньня і ад таго, у якой частцы сьвету яны жывуць.”

Зварот цалкам:

Працягнуць чытаць Зварот з нагоды асьвячэньня беларускай царквы ў Лёндане

ВІНШАВАНЬНЕ З УГОДКАМІ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ АД СТАРШЫНІ РАДЫ БНР ІВОНКІ СУРВІЛЛЫ

Дарагія Суродзічы Беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, віншую вас з угодкамі адной з найбольш гераічных падзей у нашай гісторыі – Слуцкім Збройным Чынам!
Працягнуць чытаць ВІНШАВАНЬНЕ З УГОДКАМІ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ АД СТАРШЫНІ РАДЫ БНР ІВОНКІ СУРВІЛЛЫ

СЬВЯТОЧНЫ ЗВАРОТ СТАРШЫНІ РАДЫ БНР ДА 25-ГОДЗЬДЗЯ АДНАЎЛЕНЬНЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ

Паважаныя суродзічы, дарагія беларусы

Сардэчна віншую вас з дваццаць пятаю гадавінай аднаўленьня Незалежнасьці Беларусі. Роўна чвэрць стагодзьдзя таму Беларусь пасьля больш як сямідзесяці гадоў панаваньня савецкага акупацыйнага рэжыму зноў адрадзілася як сувэрэнная дзяржава.
Працягнуць чытаць СЬВЯТОЧНЫ ЗВАРОТ СТАРШЫНІ РАДЫ БНР ДА 25-ГОДЗЬДЗЯ АДНАЎЛЕНЬНЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ

ЗВАРОТ СТАРШЫНІ РАДЫ БНР ДА ДНЯ ВОЛІ – 2016

Дарагія суродзічы,

98 гадоў таму – ранічкай 25 сакавіка 1918-га – на нашай зямлі адбыўся цуд: паняволены, зьняможаны вайной беларускі народ заявіў, што “ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай вольнай дзяржавай”.

Сёньня Беларусь жыве!

Жыве, дзякуючы рашучасьці нашых продкаў у 1918-м годзе, але таксама дзякуючы жыцьцяздольнасьці кожнага з нас!

Дваццатае стагодзьдзе было адным з найстрашнейшых у гісторыі чалавецтва, і асабліва моцна пацярпеў наш край. Мы вытрымалі дзьве чужыя вайны, шматлікія спробы генацыду нашага народу – высылкі, расстрэды, дыктатуры, выгнаньне траціны нашага народу ў замежжа.

Чужакі нішчылі нашую прыгожую мову, нашую шматвяковую культуру, нашую веру, нашае пачуцьцё годнасьці. Нягледзячы на ўсё гэта, мы выжылі. Мы жывём, і жыве Беларусь!
Дарагія суродзічы, прыпамінаю цяжкія часы, каб вы не зьнеахвоціліся.

Калі мы часам робімся больш асьцярожнымі, ці памяркоўнымі, гэта таму, што адчуваем, што надыходзяць цяжкія часы, і нам трэба іх перажыць.

Сёньня, аднак, хачу яшчэ раз выказаць вам сваю веру, што мы дасягнем тае лепшай будучыні, пра якую мы марым. Пацьверджаньне нашай моцы бачым у зусім нядаўняй гісторыі – калі 25 жніўня 1991 году беларусы здолелі скарыстаць шанец і аднавілі Незалежнасьць, зьдзейсьніўшы мару пакаленьняў. І вось ужо чвэрць стагодзьдзя наш край незалежны –  але ўсё яшчэ не свабодны.

Прыйдзе час, калі будзем сапраўды той незалежнай, вольнай дзяржавай, пра якую гаварылі нашыя Дзяды, калі наш кай далучыцца да сям’і заможных і паважаных эўрапейскіх народаў. Мы даказалі, што мы вартыя гэтай павагі.

Жадаю вам сёньня мужнасьці і вытрываласьці. Мы яшчэ пабачымся у вольнай Беларусі. Моцна веру ў гэта, і хачу, каб кожны з вас у гэта верыў.

Жыве Беларусь!

 

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Сакавік 2016

Каляднае віншаваньне ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы

Дарагая суродзічы! Дарагія сябры!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую вас са сьвятам Божага Нараджэньня! Жадаю кожнаму з вас добрага здароў’я, асабістага шчасьця і плёну ў працы.

Усім нам, дарагія суродзічы, жадаю веры ў будучыню і вытрываласьці. Пераадолеем усе цяжкасьці, усе зьдзекі над нашай культурай, усе пагрозы нашаму існаваньню на гэтай зямлі. Разам мы адродзім наш край, мы зробім яго вольнай і заможнай дзяржавай у сям’і эўрапейскіх дзяржаваў.

Дык шчасьлівага 2016 году, дарагія суродзічы! Жыве Беларусь!

 

Івонка Сурвіла
Старшыня Рады БНР

Зварот Старшыні Рады БНР да 95-й гадавіны Слуцкага Збройнага Чыну

Дарагія суродзічы, сябры!

Зноў надыходзіць канец лістапада, калі нашыя случчакі, 95 гадоў таму, узяліся за зброю, каб не дапусьціць новай акупацыі свайго краю бальшавіцкімі агрэсарамі.

У вольным сьвеце ўсе мы ганарымся нашымі Слуцкімі патрыётамі і з удзячнасьцю кожны год адзначаем іх Збройны Чын на нашых сьвяткаваньнях Дня Герояў. Успамінаем адначасна і ўсіх іншых герояў Беларусі, якія загінулі, каб жыла Бацькаўшчына.

Працягнуць чытаць Зварот Старшыні Рады БНР да 95-й гадавіны Слуцкага Збройнага Чыну

Зварот Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі да суайчыньнікаў з нагоды Дня Волі – 2014

Дарагія Суродзічы!

Зьвяртаюся да вас сёньня з трывогай на душы. Падзеі на Украіне паказалі сьвету да якой скрайнасьці Масква гатовая пайсьці, каб вярнуць імпэрыю. Не зважаючы на законы міжнароднага сужыцьця, на міжнародныя – ёю падпісаныя – дагаворы і на аднагалоснае асуджэньне ўсяго сьвету, Расея напала на суседнюю дзяржаву пад выдуманым прэтэкстам небясьпекі, якая маўляў пагражае «рускамоўнаму» насельніцтву гэтае дзяржавы. У трыццатыя гады напад на суседнюю дзяржаву пад падобным прэтэкстам быў першым крокам да найстрашнейшай сусьветнай вайны, якую перажыло чалавецтва.

Для Беларусі, маскоўская агрэсія на Украіну асабліва трывожная. Бо калі сьвет адэкватна не зарэагуе, мы можам стацца наступнай ахвярай маскоўскага імпэрыялізму. Прэтэкст будзе той самы: рускамоўнае насельніцтва Беларусі.

Дарагія Суродзічы ! У 96-я ўгодкі нашага слаўнага 25-га Сакавіка, дзякуючы якому Беларусь яшчэ жыве, заклікаю вас годна адзначыць гэты Дзень. Гэтым вы прыпомніце сьвету, што і вы хочаце быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, выказваю салідарнасьць з Украінскім народам і ягонымі героямі, якія сёньня змагаюцца супраць пуцінскай «імпэрыі зла». Не давайце рэжыму ўцягнуць вас у гэтую імпэрыю. Мы на баку цывілізаванага сьвету, а не дзікіх агрэсараў.

Дык слава Украіне ў змаганьні!

Жыве беларуская Беларусь!

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
17 сакавіка 2014 года

Навагодняе прывітаньне Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы

Дарагія суродзічы!

Бог нам даў цудоўны край, які нарадзіў безьліч вялікіх мастакоў, музыкаў, паэтаў, добрых людзей. Бог нам даў адну з найпрыгажэйшых моваў у сьвеце. Наш народ працавіты, таленавіты, жыцьцяздольны. Сёньня мы маглі б жыць заможна і шчасьліва ў цэнтры Эўропы. Цяжка зразумець, чаму мы сталіся апошняй дыктатурай Эўропы, і як мы пагадзіліся з гэтым. Жывём пад ботам чалавека, які ня варты нас, ня любіць нас, зьдзекуецца над найлепшымі сынамі нашага народу, над усім, што дарагое беларускай душы.

У гісторыі, аднак, не адных нас напаткаў такі лёс. З жахам чытаю пра досьвед іншых народаў, былых ахвяраў імпэрыялізму XIX і XX стагодзьдзяў. І як ня дзіўна, яны таксама перажылі доўгія пэрыяды дэнацыяналізацыі. І яны хацелі зраўняцца з калянізатарамі, адмаўляючыся ад сваіх каранёў, ад сваёй мовы, ад сувязяў са сваімі змагарамі за волю. Заміж каб любіць і паважаць іх, яны бачылі ў іх абліччы толькі сваю ўласную бяду.

Дарагія суродзічы! Дзялюся з Вамі гэтымі думкамі напярэдадні Новага году з надзеяй, што задумаемся разам над тым, да чаго нас давяла доўгая няволя. Магчыма, каб цаніць, любіць і паважаць адзін аднаго, нам трэба прыпомніць, што мы ўсе сыны і дочкі тае самае беларускае зямлі. Мо хапіла б гэтага, каб адчуць у нашых сэрцах салідарнасьць між намі і моц гэтае салідарнасьці.

Беларусь – незалежная краіна. Мы маем права вымагаць, каб тыя, што намі кіруюць, шанавалі нас, каб ставіліся з павагай да нашай волі і цанілі нашыя каштоўнасьці. Мы маем права гаварыць, што хочам, зьбірацца, калі хочам, працаваць і вучыцца, дзе хочам. Мы ёсьць гаспадарамі нашае зямлі.

Калі мы гэта зразумеем – мы шмат наблізімся да зьдзяйсьненьня нашых летуценьняў пра вольную і заможную Беларусь. І край наш зможа нарэшце заняць сваё пачэснае месца між іншымі паўнавартаснымі краінамі сусьветнай сям’і народаў.

З глыбіні сэрца жадаю усім нам, каб гэта сталася ўжо ў Новым, 2013 годзе. Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі