Зянон Пазьняк, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель і іншыя дзеячы ў ЗША атрымалі Мэдаль да стагодзьдзя БНР

22 чэрвеня ў Нью-Брансьвіку, штат Нью-Джэрсі, ЗША, адбылося ўручэньне Мэдалёў да стагодзьдзя БНР некалькім дзеячам, што пражываюць у Злучаных Штатах.

Янка Запруднік. Фота Вадзіма Васільева
Зянон Пазьняк. Фота Сержа Трыгубовіча
Вячка Станкевіч. Фота Вадзіма Васільева
амбасадар Дэвід Сўортц. Фота Сержа Трыгубовіча
Ала Орса-Рамана. Фота Сержа Трыгубовіча
Валянціна Трыгубовіч. Фота Сержа Трыгубовіча

Сярод узнагароджаных у гэты дзень:

Томас Бёрд (Thomas E. Bird) – шматгадовы амэрыканскі дасьледчык і папулятар Беларусі ў сьвеце, аўтар і суаўтар некалькіх навуковых працаў пра Беларусь.

Вячаслаў Бортнік – беларуска-амэрыканскі грамадзкі дзеяч і праваабаронца, у мінулым старшыня беларускай філіі Amnesty International, старшыня аддзела Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня ў Вашынгтоне, сябра Вялікай рады ЗБС “Бацькаўшчына”, старшыня каардынацыйнай групы Amnesty International па Эўразіі, Сакратар Рады БНР.

Валер Дворнік – актыўны дзяяч беларускае дыяспары ў Нью-Ёрку.

Доктар Янка Запруднік – гісторык, публіцыст, дзяяч беларускае дыяспары ў ЗША, аўтар некалькіх навуковых працаў па беларускай гісторыі.

Доктар Вітаўт Кіпель – дзяяч беларускае дыяспары ў ЗША, публіцыст, дасьледчык, аўтар некалькіх кнігаў па гісторыі Беларусі і беларускае дыяспары ў ЗША.

Доктар Ала Орса-Рамана – дзяяч беларускае дыяспары ў ЗША, дабрачынца, якая шмат адзначылася на ніве папулярызацыі Беларусі і беларускае культуры ў ЗША.

Зянон Пазьняк – выбітны палітык і дзяржаўны дзеяч, лідар Беларускага Народнага Фронту і Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі ў канцы 80-х і пачатку 90-х. Зянон Пазьняк стаяў на чале шырокага ўсенароднага беларускага руху ў падтрымку незалежнасьці і дэмакратычных рэформаў. Беларускі Народны Фронт дабіўся аднаўленьня дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі пасьля больш як 70 гадоў савецкае акупацыі, дэпутаты БНФ у парлямэнце Беларусі заклалі законадаўчы падмурак функцыянаваньня Беларусі як сувэрэннай дзяржавы. Зянон Пазьняк як бліскучы прамоўца і арганізатар адыграў у гэтым асаблівую ролю.

Вячка Станкевіч – журналіст і дзяяч беларускае дыяспары ў ЗША, у мінулым дырэктар беларускае службы “Радыё Свабода” і Старшыня Галоўнай управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.

Ганна Сурмач – журналіст і грамадзкі дзеяч, у 1993 годзе старшыня Згуртаваньня Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына” і арганізатар першага Зьезду беларусаў сьвету.

Дэвід Сўортц (David H. Swartz) – першы амбасадар ЗША ў Беларусі.

Валянціна Трыгубовіч – мастацтвазнаўца, палітычны актывіст і грамадзкі дзяяч, дасьледчыца творчасьці беларускіх мастакоў, у тым ліку прадстаўнікоў беларускае дыяспары ў ЗША.

 

Паседжаньне Прэзыдыюма Рады БНР

Таксама 22 чэрвеня ў Нью-Брансьвіку адбылося вочнае паседжаньне Прэзыдыюма Рады БНР. Былі абмеркаваныя бягучыя пытаньні дзейнасьці Рады, актуальныя праекты, а таксама актуальная міжнародна-палітычная сытуацыя вакол Беларусі.