Аўген Калубовіч (Каханоўскі)

5 сакавіка 1910 г. ў Рагачоўскім павеце нарадзіўся Аўген Калубовіч (Каханоўскі), прам’ер-міністар БНР, пісьменьнік, гісторык, пэдагог, вязень ГУЛАГ.

Нарадзіўся ў мястэчку Ціхінічы ў сям’і службоўцы. У міжваенны час жыў у акупаванай саветамі Ўсходняй Беларусі. Скончыў пачатковую школу ў сваім мястэчку, сямігодку ў Рэчыцы, а ў 1930 годзе педтэхнікум у мястэчку Бабчын Хойніцкага р-на.

30 траўня 1930 г. Калубовіч быў арыштаваны за прыналежнасьць да падпольнай беларускай незалежніцкай арганізацыі, прыгавораны да 3 гадоў канцлягераў. Быў вязьнем Вішарскіх лягероў, Дальлагу, Бамлагу.

У Беларусь вярнуўся ў 1933 г. Настаўнічаў у Хойніцкім раёне; быў звольнены, адноўлены на рабоце з дапамогай А. Чарвякова.

У 1934—1935 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Менску. У 1939 г. скончыў Менскі Пэдагагічны Інстытут, працаваў кансультантам-мэтадыстам Наркамасьветы БССР.

З пачаткам Другой Сусьветнай Вайны мабілізаваны ў савецкую армію. У 1941 годзе трапіў пад Масквой у акружэньне і ў нямецкі палон, зь якога вярнуўся ў Менск.

Падчас нямецкай акупацыі ўваходзіў у склад Беларускай рады даверу (1943), Беларускай Цэнтральнай Рады (1943-44), удзельнік 2-га Ўсебеларускага кангрэсу.

З 1944 г. у Нямеччыне. З 1945 г. – у заходняй зоне акупацыі Нямеччыне; выкладаў у Беларускай гімназіі імя Я. Купалы, удзельнічаў у арганізацыі й працы Беларускага нацыянальнага камітэту ў Рэгенсбургу.

У сьнежні 1947 года увайшоў у склад Рады БНР. 15 жніўня 1948 года ўзначальвае Урад БНР у выгнаньні.

З 1950 г. у ЗША. Спачатку жыў у Нью-Ёрку, потым у Кліўлендзе. Узначальваў Кліўлендскі аддзел Беларуска-амерыканскага задзіночання, выдаваў Бюлетэнь Злучанага Беларускага Камітэту ў Кліўлендзе. У 1953 арганізаваў выданне бюлетэня «Абежнік Цэнтральнага Камітэту Аб’яднання Беларускіх Нацыянал-Дэмакратаў».

Аўтар успамінаў пра палітычныя рэпрэсіі 1930-х г. у Беларусі. Укладальнік, рэдактар і адзін з аўтараў зборніка «Янка Купала і Якуб Колас. 1882—1982: Вянок успамінаў пра іх» (1982). Дасьледаваў гісторыю Беларусі XX ст. Аўтар працаў «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства», «Айцы БССР і іхны лёс», успамінаў «На крыжавой дарозе».

Памёр 25 траўня 1987 г.

Глядзі таксама

Працы Аўгена Калубовіча на Knihi.com

Зянон Пазьняк перавыдаў за ўласны кошт кнігу Аўгена Калубовіча “Мова ў гісторыі беларускага пісьменства”