Алесь Бурбіс

Алесь Бурбіс

20 кастрычніка 1885 г. у Вільні нарадзіўся Алесь Бурбіс, консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Маскве, намесьнік наркама замежных справаў БССР у пачатку 1920-х.

З маленства браў удзел у беларускім нацыянальным руху. Зьяўляецца адным з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, ужо ў васемнаццацігадовым узросьце стаяў у цэнтры гэтай партыі, быў у складзе яе ЦК. Адзін з кіраўнікоў рэвалюцыйнага руху на Ковеншчыне (1905), кіраўнік рэвалюцыйнай «Мейшагольскай рэспублікі» (1905).

У 1906 годзе БСГ арганізавала масавыя аграрныя страйкі ў Беларусі. Асабіста А. Бурбіс арганізоўваў страйкі ў Наваградзкім павеце і ў Менску, дзе акрамя гэтага вёў працу па стварэньні прафэсійных зьвязаў. Арыштаваны расейскімі ўладамі ў жніўні 1906 ля Шчорсаў на Наваградчыне, у зьняволеньні заставаўся да сярэдзіны 1909, дзе захварэў на сухоты. Пасьля вызваленьня працаваў у Віленскім таварыстве сельскай гаспадаркі.

У 1915 Бурбіс перабіраецца ў Маскву, дзе пачынае працаваць у Народным банку. У 1917 быў стваральнікам Маскоўскае арганізацыі БСГ. У 1917 і потым яшчэ ў 1918 арыштаваны органамі Савецкай улады.

З 1918 Бурбіс консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Маскве.

Зь сярэдзіны 1919 у Народным камісарыяце земляробства Літоўска-Беларускай ССР, зь сярэдзіны 1921 — намесьнік народнага камісара замежных справаў БССР. Удзельнічаў у распрацоўцы дагаворнай умовы паміж БССР і РСФСР, актыўна выступаў за ўзбуйненне тэрыторыі БССР. Чалец Камуністычнай партыі, чалец ЦВК БССР у 1921-22.

Бурбіс быў вядомы ня толькі як выбітны грамадзка-палітычны дзеяч, але і як таленавіты рэжысэр, выканаўца камэдыйных і драматычных роляў. Удзельнічаў у Першай беларускай трупе І. Буйніцкага, у Беларускім музычна-драматычным гуртку ў Вільні (у гуртку таксама бралі ўдзел браты Антон і Іван Луцкевічы). Перакладаў польскія, расейскія і ўкраінскія п’есы для пастановак на беларускай сцэне. Паставіў спэктаклі «Па рэвізіі» (1906) і «Пашыліся ў дурні» (1910) М. Крапіўніцкага, «Залёты» В. Дуніна-Марцінкевіча (1915).

Друкаваўся пад рознымі псэўданімамі ў «Нашай Ніве». У 1920 удзельнічаў у выданьні беларускамоўнай газэты ЦК Кампартыі Летувы й Беларусі — «Савецкая Беларусь». Уваходзіў у яе рэдкалегію.

Памёр ад сухотаў у 1922 годзе.

You may also like...